Святлану Ціханоўскую прызнае свет. Ці Лукашэнка падзеліцца ўладай?


Аляксандр Лукашэнка прызнаўся расейскім журналістам, што, магчыма, крыху перасядзеў. Нацыянальная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская на наступны дзень сустрэлася з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэўшам Маравецкім. Раней былі сустрэчы з прэмʼер-міністрам Нарвегіі, выступы ў Радзе Бяспекі ў ААН і ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Ці гэта пачатак новай дыпламатыі новай Беларусі?

Са сцягамі і кветкамі беларусы Варшавы віталі Святлану Ціханоўскую. Нацыянальная лідарка ў польскай сталіцы сустрэлася з прэмʼер-міністрам Матэўшам Маравецкім, лідарам легендарнага польскага прафсаюзу «Салідарнасць» Пётрам Дудам, прачытала лекцыю ў Варшаўскім універсітэце ды прайшлася па Кракаўскім прадмесці ў акружэнні польскіх палітыкаў і беларусаў Варшавы.

Святлана Ціханоўская, нацыянальная лідарка Беларусі:

«Нашаму грамадству дапамогуць толькі новыя, справядлівыя выбары, каб беларусы выбралі вартага прэзідэнта. Прэзідэнта, які не будзе выбіраць, з кім з суседніх краінаў камунікаваць, а будзе весці адкрытую палітыку як з ЕЗ, так і з Расеяй ды іншымі краінамі».

Візіт лідаркі беларускай нацыі ў Польшчу – знакавы: польскі прэм’ер Матэўш Маравецкі ўручыў Святлане ключы ад месца, якое можа стацца цэнтрам беларускага ўраду ў выгнанні.

Аляксандр Дабравольскі, сябра Каардынацыйнай рады:

«Міжнародная супольнасць прызнае, што Ціханоўская прадстаўляе беларускі народ. Да яе звярталіся прэмʼер-міністры, міністры замежных справаў, прэзідэнты, ужо не кажу пра журналістаў з усяго свету. І тое, што яна выступала на Радзе Бяспекі ААН ды на Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, сведчыць, што з ёю гавораць пра лёс Беларусі».

Найлепшы варыянт выхаду з крызісу – перамовы, лічыць сябра ейнае каманды Аляксандр Дабравольскі. Але ёсць і найгоршы сцэнар, калі магчымасць для перамоваў будзе поўнасцю знішчаная.

«Пытанне нават не ў тым, што яны кагосьці выціскаюць: яны сябе пазбаўляюць магчымасці выйсці з сітуацыі годна», – упэўнены Аляксандр Дабравольскі.

Аляксандр Лукашэнка годным выйсцем з крызісу бачыць не толькі крывавае здушэнне мірных пратэстаў, але і вяртанне да размоваў пра змену Канстытуцыі:

«І Расея, Украіна, і Беларусь – гэта славянскія дзяржавы, дзе патрэбны моцны лідар, з паўнамоцтвамі, але, мабыць, не такімі паўнамоцтвамі, якія мае беларускі прэзідэнт. Шмат якія паўнамоцтвы прэзідэнта каласальныя абʼёмам. Таму трэба перадаваць губернатарам, парламенту».

ПраСвет
Прымусіць беларусаў да інтэграцыі. Што Лукашэнка і Пуцін хочуць змяніць у Канстытуцыі?
2020.09.04 09:00

Лукашэнка не першы раз загаварыў пра канстытуцыйныя змены. Такім шляхам пайшоў Казахстан, і хоць там нібыта з’явіўся новы палітычны лідар – Касым Такаеў, – кіроўныя эліты засталіся. Таму Лукашэнка ўважліва прыглядаецца да казахскага сцэнара.

Яўген Красулін, палітолаг, Менск:

«Безумоўна, Лукашэнка ні ў якім выпадку не будзе дзяліцца ўладаю з парламентам. Я б сказаў, што, магчыма, перадача права выбіраць прэзідэнта парламентам. У гэтым будзе бачнае ягонае ўзмацненне. Што датычыць узмацнення ролі партыяў. У гісторыі была ўжо Канстытуцыя з прапісанаю кіроўнаю роляй адной партыі, і нічога добрага для краіны ад такога палажэння ў Канстытуцыі не было».

Але і з Захаду ўсё часцей чуваць галасы, што праз змены ў Канстытуцыі можна дасягнуць дыялогу ў грамадстве. Аднак ці гэта не падмена паняткаў?

Дырк Нібэль, экс-міністр эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця Нямеччыны:

«Ёсць прыклад лацінаамерыканскі. Калі былы прэзідэнт не быў прызнаны праз выбары. І паводле Канстытуцыі ўлада перайшла да іншага чалавека. Але ў Беларусі канстытуцыйным чынам немагчымы такі транзіт. Таму я думаю, што Беларусі патрэбныя новыя выбары».

Лукашэнка нават называе магчымую дату такіх датэрміновых выбараў – 2022 год, але ці гэта не спроба знізіць пратэставы градус у грамадстве? У той час, калі беларускія выбарнікі вызначыліся з лідарам краіны 9 жніўня.

Анатоль Лябедзька, апазіцыйны палітык:

«Моц Святланы Ціханоўскай у тым, што яна – бясспрэчны лідар, сімвал і чалавек, які для мільёнаў беларусаў дэ-факта ўжо легітымны прэзідэнт. У гэтым яе моц, у гэтым яе капітал. Яна пакуль ім распараджаецца дастаткова нядрэнна… А ў Лукашэнкі такой легітымнасці ні дэ-факта, ні дэ-юрэ няма. Наколькі я ведаю, у яе ёсць ужо сфармаваная група перамоўнікаў на той час, калі і Лукашэнка, і ўсе астатнія вымушаныя будуць сесці за стол перамоваў».

Пакуль за круглы стол Святлана Ціханоўская сядае з прэмʼер-міністрам Польшчы ды бярэ ўдзел у прэстыжным міжнародным Эканамічным форуме ў Карпачы. Прычым ляцела Святлана Ціханоўская з Варшавы на канферэнцыю польскім урадавым самалётам, а потым верталётам – у суправаджэнні дзяржаўнай аховы.

У Карпачы Святлана Ціханоўская атрымала ўзнагароду «Чалавек года» Эканамічнага форуму. А былы старшыня Еўрапейскай Рады Дональд Туск прапанаваў вылучыць Святлану Ціханоўскую і ейнага мужа Сяргея, які да гэтага часу застаецца ў турме, на Нобэлеўскую прэмію міру. Еўрапейскі парламент вылучыў яе разам з Веранікаю Цапкалай і Марыяй Калеснікавай на прэстыжную Прэмію імя Андрэя Сахарава.

Сюжэт з праграмы «ПраСвет» ад 10.09.2020

Іншыя тэмы выдання:

Наста Ільіна, belsat.eu

Калаж з фота: Nataliya Fedosenko / TASS / Forum; Valery Sharifulin / TASS / Forum

Стужка навінаў