«Можа, не ў гэты будынак, але мы вернемся». Купалаўцы пра сыход з тэатру і адказ уладам


Кажуць, палітыкі і акторы ніколі не сыходзяць своечасова. Што да палітыкаў, Беларусь мае гэтаму нагляднае пацверджанне, затое акторскае чуццё ў нас прыгожа адстаяў Купалаўскі тэатр. З 58 супрацоўнікаў, што на мінулым тыдні звольніліся з яго складу, 36 – акторы. Некаторым з іх мы задалі тры пытанні, і з адказаў убачылі, што сыход купалаўцаў са свайго будынку – больш, чым бунт і ганаровы ўчынак. Гэта трагедыя.

Купалаўцы
Юлія Шпілеўская.
Фота: Дзяніс Дзюба / Belsat.eu

Юлія Шпілеўская, заслужаная артыстка Беларусі, 20 гадоў у Купалаўскім

– Што вы адчуваеце ў сувязі з сыходам з тэатру?

– Гэта быццам зацягнутая хвiліна маўчання. Ведаеце, я ўсяго толькі чалавек, з усім наборам эмоцый і пачуццяў, якімі надзяліла нас прырода. Я адчуваю боль, вялікі жаль, разгубленасць і пустэчу ад цяжкай страты… Гэта з аднаго боку. Але з іншага, ёсць глыбокая ўпэўненасць, што мы выкарысталі адзіны шанец захаваць сапраўдны Купалаўскі тэатр як сімвал нацыянальнай і чалавечай годнасці.

– Найлепшае, што з вамі здарылася ў Купалаўскім?

– На такое пытанне немагчыма адказаць, бо гэта будуць мемуары. Дваццаць гадоў… Гэта палова майго жыцця, і пакуль што – найлепшая.

– Што б вы сказалі дзейным уладам?

– Я б параіла не забываць наказ Янкі Купалы: «Людзьмі звацца».

Купалаўцы
Міхась Зуй.
Фота: Дзяніс Дзюба / Belsat.eu

Міхась Зуй, 19 гадоў у Купалаўскім

– Што вы адчуваеце ў сувязі з сыходам з тэатру?

– У мяне ўнутры, нягледзячы на тое, што ў тэатры я правёў дзевятнаццаць гадоў, надзіва ўсё спакойна і лёгка. Мы ўсё зрабілі правільна, я ў гэта веру. Думаю, толькі гэтак мы і маглі зрабіць. Тыя, хто застаўся, таксама стаялі перад няпростым выбарам – мы ўсе застаемся купалаўцамі і ні ў якім разе не раздзяляем адных і другіх.

– Найлепшае, што з вамі здарылася ў Купалаўскім?

– Адказ, які адразу ўзнікае ў галаве, – гэта людзі. Нават не спектаклі, а людзі. Існуе думка, што Купалаўскі заўсёды быў нібыта сям’ёй – часам гэтае адчуванне гублялася, але заўсёды, калі я ішоў у тэатр, я ведаў, што іду да сваіх, а апошнім часам гэтае адчуванне яшчэ больш узмацнілася. Можна нават сказаць, гэты апошні тыдзень застанецца самым яскравым з таго, што адбылося са мной у Купалаўскім, хоць ён нават не звязаны з творчасцю.

– Што б вы сказалі дзейным уладам?

– Праўду кажучы, я б не хацеў з імі размаўляць. Іх дзеянні ды дзеянні простых людзей сказалі ўсё. Мы бачылі, што робяць улады, і што робяць, як адно аднаго падтрымліваюць звычайныя людзі. Я апошнім часам ва ўзрушаным стане: то бачыш жахлівыя здарэнні, то цябе натхняе любоў і ўзаемавыручка. Мяне ўражвае давер, які з’явіўся ў беларуса да беларуса. У нас не заведзена на вуліцы глядзець адно аднаму ў вочы, але цяпер мне радасна паглядзець у вочы іншаму чалавеку. Людзі ўсё, што трэба, кажуць: ужо пазрывалі глоткі, трэба толькі, каб нас пачулі.

Купалаўцы
Крысціна Дробыш.
Фота: Дзяніс Дзюба / Belsat.eu

Крысціна Дробыш, 7 гадоў у Купалаўскім

– Што вы адчуваеце ў сувязі з сыходам з тэатру?

– Адчуванні вельмі супярэчлівыя. З аднаго боку, ты ў пэўным сэнсе свабодны, ты на волі. Я не кажу, што ў тэатры была нібыта за кратамі, але калі б я ў гэтай сітуацыі і з гэтым кіраўніцтвам засталася там працаваць, гэта была б турма. Апроч адчування свабоды, вядома, ёсць боль, бо як толькі я пераступіла парог тэатру, адчула, што жыццё падзялілася на Купалаўскі ды ўсё іншае.

– Найлепшае, што з вамі здарылася ў Купалаўскім?

– Найлепшае, што было ў мяне ў Купалаўскім, – гэта сам Купалаўскі.

– Што б вы сказалі дзейным уладам?

– Я хачу паглядзець, як вы будзеце выходзіць з рэчамі са сваіх кабінетаў, выносіць свае працоўныя кніжкі ды развітвацца з любімымі месцамі. Не ведаю, ці любіце вы сваё месца гэтак моцна, як любім яго мы, але хачу, каб вы адчулі тое ж, што адчулі мы.

Купалаўцы
Раман Падаляка.
Фота: Дзяніс Дзюба / Belsat.eu

Раман Падаляка, 19 гадоў у Купалаўскім

– Што вы адчуваеце ў сувязі з сыходам з тэатру?

– Мы страцілі свой дом, магчымасць працаваць, ставіць спектаклі ды самарэалізоўвацца. Мы страцілі вялікую частку культуры, і многія, можа, нават не ўсведамляюць маштабу катастрофы, але ў гэтым выпадку нельга было пайсці на кампраміс з сумленнем. Мы шмат страцілі, але засталіся чыстымі перад сабой.

– Найлепшае, што з вамі здарылася ў Купалаўскім?

– Гэта людзі. Я і не сумняваўся, што ў нас ёсць такія таленавітыя, класныя хлопцы, што не толькі добрыя як акторы, – яны таксама могуць праявіць нават не грамадзянскую, а чалавечую пазіцыю. І тое, што мне ўдалося паставіць два спектаклі – «Радзіва «Прудок» і «Першы». Мне падаецца, гэта былі знакавыя рэчы, прынамсі, яны такімі сталі для мяне.

– Што б вы сказалі дзейным уладам?

– Я б нічога ім не сказаў, таму што ўсё і так відаць і зразумела. Немагчыма размаўляць з тым, хто не чуе і жыве ў іншым свеце, з тым, хто ўспрымае смерць як будзённасць, як «магчымыя ахвяры». Гэта зусім іншы светапогляд, таму я не ведаю, пра што з уладамі можна гаварыць.

Яўгенія Кульбачная.
Фота: Дзяніс Дзюба / Belsat.eu

Яўгенія Кульбачная, 29 гадоў у Купалаўскім

– Што вы адчуваеце ў сувязі з сыходам з тэатру?

– Мне здаецца, гэта не назаўсёды. Безумоўна, рашэнне было цяжкім: я дваццаць дзевяць гадоў праслужыла ў вялікім Купалаўскім. Але нашая краіна ў бядзе, прыйшоў час ваяваць: я акторка і не магу ўзяць у рукі зброю, як гэта зрабіў наш прэзідэнт, але я магу выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Сыход з Купалаўскага – наш пратэст. Мы выказалі салідарнасць з беларускім народам, з тымі, хто пацярпеў праз генацыд – здавалася б, немагчымы ў цэнтры Еўропы ў 2020 годзе. Я ганаруся сваімі калегамі, мы гэта зрабілі для ўсіх, каб беларусы таксама не баяліся выказвацца і ведалі, што маюць на гэта права. Мы кажам уладам: так, як яны хочуць, не будзе. Я нават не магу гаварыць – мне хочацца плакаць ад таго, што дзеці такога ж узросту, як мае, пацярпелі за тое, што выйшлі на мірны мітынг. Калі людзі, што жывуць з табой у адным доме, пакутуюць, немагчыма гуляць спектаклі.

– Найлепшае, што з вамі здарылася ў Купалаўскім?

– Можна пра кожны год расказаць шмат гісторый. Я думаю, што найлепшае – гэта сустрэча з калегамі, якія насамрэч сталі мне вельмі блізкімі. Таксама тое, што будучы расейскім чалавекам, я змагла палюбіць беларускую мову, пазнаць беларускую паэзію. Я ганаруся тым, што была знаёмая з Галінай Макаравай, Стэфаніяй Станютай і з усімі, хто працаваў у тэатры. Менавіта тут я сустрэла свайго мужа – гэта светлая частка майго жыцця. Было шмат спектакляў, гастроляў, шчырых сустрэчаў – я гэта ніколі не забуду. Усе дваццаць дзевяць гадоў можна назваць адным словам – любоў. Я вельмі люблю Купалаўскі, там мой дом і мая сям’я. Я ўпэўненая: можа, і не ў гэты будынак, але мы вернемся.

– Што б вы сказалі дзейным уладам?

– Нас вучылі ў тэатральна-мастацкім інстытуце, што актор павінен чуць, што яму кажуць, і адчуваць партнёра. Я б гэтак і сказала нашым уладам: пачуйце, што мы кажам, не рабіце выгляду, што вы глухія, вы не цары або імператары – вы цяпер на працы і выконваеце свае абавязкі перад народам.

Купалаўцы
Іван Кушнярук.
Фота: Дзяніс Дзюба / Belsat.eu

Іван Кушнярук, 5 гадоў у Купалаўскім

– Што вы адчуваеце ў сувязі з сыходам з тэатру?

– Адчуванні розныя. Мне цяжка фармуляваць думкі, таму што… Не ведаю, што адказаць на гэта пытанне, прабачце, я сапраўды не ведаю.

– Найлепшае, што з вамі здарылася ў Купалаўскім?

– Галоўнае – гэта людзі. І мы застаемся разам, каб купалаўскай сям’ёй не разгубіцца. Гэта рэжысёр Мікалай Мікалаевіч [Пінігін] – я яго люблю, ён мяне сюды запрасіў, я быў вельмі рады з ім працаваць, а калі яго няма, то няма і сэнсу заставацца. Гэта ролі – дзякуй, што мне давалі іх шмат. Цяжка цяпер, разумееце, ёсць пэўная разгубленасць, я прывязаўся да гэтага месца і мне не проста з ім развітвацца.

– Што б вы сказалі дзейным уладам?

– Сыходзь. Больш так нельга. Хопіць гвалту і здзекаў. Працаваць у гэтым умовах немагчыма, немагчыма выйсці іграць – так, кажуць, што актор павінен выказвацца праз сцэну, але цяпер не тая сітуацыя. Да таго ж за людзей, якія прыходзяць на спектакль, мы бярэм адказнасць, а цяпер незразумела, што з імі будзе пасля спектаклю, – ён можа доўжыцца да адзінаццатай гадзіны, куды яны пасля выйдуць? Людзям цяпер і не да тэатру, але наперадзе, мы ўсе верым, лепшае – мы пераможам і сюды яшчэ вернемся.

Зоя Белахвосцік.
Фота: Дзяніс Дзюба / Belsat.eu

Зоя Белахвосцік, народная артыстка Беларусі, 39 гадоў у Купалаўскім

– Што вы адчуваеце ў сувязі з сыходам з тэатру?

– Безумоўна, усю трагічнасць сітуацыі, бо ніколі не думала, не жадала, не марыла аб такім сыходзе, але ў мяне ёсць вялікая надзея, што мы вернемся. Мы трымаемся разам і нават калі акажамся паасобку, пры патрэбе мы збяромся.

– Найлепшае, што з вамі здарылася ў Купалаўскім?

– Тое, што мяне ўзялі ў Купалаўскі, такога магло і не быць. Я адразу стала шмат працаваць і да сённяшняга дня ў мяне ёсць цікавыя ролі. Тут я сустрэла цудоўных рэжысёраў Валерыя Раеўскага і Мікалая Пінігіна. У тэатры знайшла сваё каханне і свайго рэжысёра Аляксандра Гарцуева. Я нарадзіла дачку, якая таксама да нашага сыходу працавала ў Купалаўскім. Я была на адной пляцоўцы са сваім бацькам Валянцінам Белахвосцікам. Пра такое можна толькі марыць. Усякае было – і такое, і сякое, але мы шмат працавалі і шмат дасягнулі. Само тое, што я ў Купалаўскім, – ужо найлепшае.

– Што б вы сказалі дзейным уладам?

– Калі вы не людзі, хоць найграйце, што вы людзі, і зрабіце чалавечы ўчынак – проста сыдзіце і пакіньце нас. Перастаньце здзекавацца з краіны. Калі вы лічыце, што гэта ваша краіна, то не – яна наша, вось і ўсё. Вам сказалі: мы вас не хочам. Цяпер гэта ўжо сапраўды пераўтвараецца ў нейкі фарс.

Дырэктара Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы Паўла Латушку звольнілі 17 жніўня. Ён падтрымаў пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ды катаванняў затрыманых. Акторы тэатру на знак салідарнасці таксама падалі заявы аб звальненні.

Запісала Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў