Уладзіміра Беражкова выпусцілі з СІЗА


Былы генеральны менеджар менскага «Дынама» на волі. Пра гэта ў сваім «Twitter» напісаў расейскі журналіст Аляксей Шаўчэнка, піша by.tribuna.com.

 

Афіцыйных пацверджанняў з боку праваахоўнікаў альбо Федэрацыі хакею пакуль няма, аднак жонка Беражкова паведаміла kp.by, што яго вызвалілі аб 11.

Уладзімір Беражкоў абвінавачваўся ў злоўжыванні ўладай, службовымі паўнамоцтвамі ды крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Раней паведамлялася, што Беражкоў разам з былым гендырэктарам хакейнага клубу Суботкіным пакрылі тры мільярды рублёў, а таксама напісалі прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

Цяпер за кратамі знаходзіцца старшыня наглядальнага савету футбольнага клубу  «Дынама» (Менск) Юрый Чыж. Яго затрымалі 11 сакавіка і абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у «Трайпле». Нанесеная дзяржаве страта ацэньваецца ў мільярды рублёў. Чыжу пагражае да 7 гадоў турмы.

Глядзіце таксама >>> Футбаліст «Дынама»: Усе перажываюць за Чыжа – мы і для яго гуляем

22 сакавіка з СІЗА вызвалілі яшчэ аднаго буйнога бізнесоўцу, генеральнага дырэктара «Сервалюкс» Яўгена Баскіна. Ён – шосты нумар у рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых прадпрымальнікаў Беларусі. Паводле КДБ, Баскін кампенсаваў суму шкоды, якую яму ставяць у віну.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў