Журналістка зняла рэпартаж і дапамагла людзям, а праваахоўнікі аштрафавалі яе на $ 260


Суддзя Гомельскага раёну Тамара Застаўніцкая пакарала штрафам у 5 млн 400 тыс. рублёў незалежную журналістку – фрылансера Ларысу Шчыракову па ўжо традыцыйнаму артыкулу 22.9 КаАП РБ: незаконны выраб прадукцыі СМІ.

Матэрыял, выраб якога паставілі ў віну журналістцы, быў прысвечаны праблеме канцэнтрацыі чаднага газу ў новабудоўлях пасёлку Бальшавік. Усе хадайніцтвы журналісткі судом былі адхілены.

Паводле журналісткі, рашэнне суду было гатовае яшчэ да разгляду справы.

«Я ўпершыню паспрабавала зрабіць адвод суддзі, бо ў мяне склалася ўражанне, што яна не зацікаўлена ў справядлівым, абʼектыўным судовым разглядзе пасля таго як яна адмовілася запрашаць на суд міліцыянта Лазоўскага, які прыйшоў да высновы, што матэрыял я вырабіла менавіта для «Белсату». Ну і мяне, канешне, «дабіла» тое, што суддзя для прыняцця рашэння не выходзіла з залі. Як толькі я скончыла казаць свае заўвагі і меркаванні, яна закрыла справу і агучыла рашэнне і стала відавочна, што яна прыйшла з гатовым рашэннем, што сапраўднага суду не было, а было толькі прадстаўленне з удзелам суддзі, сакратара, мяне. Я змарнавала столькі часу каб пераканаць суд у сваёй невінаватасці, а ў выніку – гатовы пратакол. Наступным разам я наагул адмоўлюся даваць нейкія тлумачэнне, бо гэта – марнаванне часу».

belsat.eu

Стужка навінаў