Андрэй Піянткоўскі: Канфлікт у Нагорным Карабаху выгадны толькі Пуціну


Расейскі палітолаг паспрабаваў зразумець логіку нагорнакарабахскага канфлікту.

«Абвастрэнне ў Нагорным Карабаху выглядае даволі дзіўна. З вайсковага пункту гледжання ні Азербайджан, ні Арменія не зацікаўленыя ў эскалацыі канфлікту», – піша Андрэй Піянткоўскі ў сваім блогу на apostrophe.com.ua.

«Арменія займае ідэальную абарончую пазіцыю. Уласна, дзеля гэтага яна і акупавала яшчэ каля шасці раёнаў Азербайджану, акрамя тэрыторыі Нагорнага Карабаху, каб мець непераадольную лінію абароны, якая гарантуе бяспеку НК. Азербайджану пры любым рыхтаванні, пры ўсім тым павелічэнні ўзбраення, апошнім часам закупленага ў Расеі, гэтую лінію прарваць вельмі цяжка. Але і армянам выходзіць за яе кудысьці далей таксама абсалютна бессэнсоўна з ваеннага пункту гледжання, бо іхная ваенна-палітычная задача – абараняць тэрыторыю Нагорнага Карабаху, і на далейшую экспансію яны не прэтэндуюць. З ваеннага пункту гледжання – гэта патавая сітуацыя.

Чытайце таксама >>> Азербайджан абвесціў пра знішчэнне штабу армянскіх сілаў у Нагорным Карабаху

Між тым, сотні людзей, паводле інфармацыі розных медыяў, там ужо загінулі (паводле пацверджанай інфармацыі, 33 асобы. – заўв. belsat.eu). Таму трэба шукаць нейкі трэці бок, у чыіх інтарэсах, можа быць, падобнае распальванне канфлікту.

Расейскія медыі падказваюць, што гэта Турцыя, якая, каб нагадзіць «Вялікай Расеі, якая ўстае з каленяў», падштурхнула Азербайджан адкрыць фронт супраць Арменіі. А Арменія, як вядома, – саюзніца Расеі, значыць, фронт адкрыты таксама і супраць Расеі. Але з цяжкасцю верыцца, што Азербайджан так лёгка павядзецца на такія рызыкоўныя авантуры дзеля амбіцыяў Эрдагана (Рэджэп Эрдаган – кіраўнік Турцыі. – заўв. belsat.eu).

Мне здаецца, што ў гэтай эскалацыі больш зацікаўленая Масква. Уладзімір Пуцін як найвялікшы міратворац ужо прапанаваў свае паслугі для ўстанаўлення міру ў гэтым рэгіёне. Вунь ён ва Украіне міратворыць, і ў Сірыі міратворыць, дык чаму б яму не паміратворыць яшчэ і на Паўднёвым Каўказе?

Пагатоў гэтае міратворства дазволіць яму цалкам адкрыта, са згоды тых жа заходніх дзяржаваў, якія развесілі вушы, увесці войскі на лінію падзелу бакоў. А гэта ўжо не проста кантроль над Азербайджанам і Арменіяй, які ў значнай ступені Масква даўно мае, але яшчэ і над Грузіяй. Адразу ж паўстане задача пракласці калідор да расейскай базы Гюмры ў Арменіі, а калідор гэты ляжыць праз тэрыторыю Грузіі», – канстатуе расейскі палітолаг.

ЮВ, belsat.eu, паводле apostrophe.com.ua

Стужка навінаў