Праграма Каліноўскага. Апошнія дні


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/DwbPkA-jMQ0?t=16m10s”][vc_column_text]

У 2006-ым пасля першай Плошчы ўлады пачалі помсціць яе ўдзельнікам – звальняць з працы і адлічваць з вучобы. Аляксандр Мілінкевіч звярнуўся да польскага ўраду падтрымаць рэпрэсаваных студэнтаў. Польскі ўрад за адныя суткі распрацаваў і падпісаў праект дапамогі – Праграму Каліноўскага. У першы год польскія ўніверсітэты прынялі 244 каліноўца. Пазней на вучобу штогод ехалі каля 50 чалавек. Летась – толькі 25. 

Польшча перастае фінансаваць Праграму Каліноўскага, бо Лукашэнка перастае выключаць студэнтаў з вучэльняў.

Паводле апошняй статыстыкі, агучанай на з’ездзе каліноўцаў з нагодны 10-годдзя Праграмы, выпускнікамі польскіх высокіх школаў сталі 219 чалавек, не улічваючы двайных дыпломаў.

Дыплом – не самае важнае. Праграма Каліноўскага – мініяцюрны сурагат еўрапейскага студэнцкага абмену, калі дзясяткі тысячаў вывучаюць чужую культуру і мову паралельна з вучобай ува ўніверсітэце.

«Гэта цудоўная магчымасць пазнаць Польшчу – дэмакратычную краіну, якая перамагла ў барацьбе за свабоду, у барацьбе за захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці і незалежнасці», – лічыць Вітаўт Сіўчык, стыпендыят Праграмы Каліноўскага

Ад 2006-га да сёння праз гэтую стыпендыю прайшлі не проста сотні людзей – прайшла эпоха. Летась у Польшчу прыехалі тыя, хто нарадзіўся за Лукашэнкам і нават не ведаюць, што можа быць інакш.

«Нарастае абыякавасць маладых людзей да грамадскіх і палітычных праблемаў, справай нацыянальнай барацьбы. Гэта заўважна падчас уступных іспытаў. Прыходзіць мноства людзей, якія проста хочуць паехаць вучыцца ў Польшчу, бо польскі дыплом – лепшы», – адказвае дырэктар Праграмы Ян Маліцкі на пытанне, як змяніліся цягам апошніх дзесяці гадоў беларусы, якія прыязджаюць на Праграму Каліноўскага.

Для новых кандыдатаў на вучобу апавяданні першых каліноўцаў пра ўцёкі ад турмы праз Расею і Украіну на электрычках – фантастыка.

«Калі спачатку я не мог паехаць у Беларусь праз пераслед, бо я туды-сюды вазіўся з Маладым фронтам, то цяпер гэта проста бюракратычнае пытанне», – кажа Канстанцін Усянок з 1-га набору «Каліны».

Пашпарты першых каліноўцаў страчваюць важнасць, яны абжываюцца ў Польшчы і становяцца грамадзянамі Еўразвязу – з усімі прывілеямі.

«Калі чалавек – беларус, калі ён будзе працаваць за мяжой і нават не прыязджаць у краіну, ён можа прыкласці намаганні для Беларусі адтуль», – кажа Вітаўт Сіўчык.

Пасля пяці гадоў у вольнай краіне вярнуцца да Лукашэнкі не проста. А моцная і адукаваная дыяспара прыдасца. Гэта на сёння – адно з галоўных дасягненняў Праграмы.

«Што наконт лёсу Праграмы Каліноўскага – мне ён пакуль невядомы. Але нават калі яе закрыюць – то толькі праз тое, што спыніліся палітычныя рэпрэсіі. Мяркую, кожны з нас павінен быць гэтым фактам задаволены», – кажа Ян Маліцкі.

Леташні набор на праграму мог быць апошнім. У Беларусі – даўно без Плошчы і выключэнняў студэнтаў па палітыцы. Улады зразумелі, што выключаць азначае дапамагаць – студэнты едуць у Польшчу. Ды і з самой Польшчай у Беларусі неўзабаве будзе іншы дыялог.

Дзяніс Дзюба, «Прасвет»

Стужка навінаў