«Вярнуць уладу народу!» Выніковы рэпартаж пра Шэсце нацыянальнага сцягу


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=7JBpXVipZ7k&feature=youtu.be”][/vc_column][/vc_row]«Вярнуць уладу народу!», «Не фальшывым выбарам!» – пад такімі лозунгамі ў цэнтры Менску прайшлі мітынг і марш той часткі апазіцыі, якая заклікае ігнараваць выбары.

Дакладна а 17-й пачаўся мітынг ля Ратушы, падчас якога Уладзімір Някляеў, Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька яшчэ раз нагадалі ўсім беларусам, што за волю, дэмакратыю і справядлівасць трэба змагацца.

«Я не думаю, што варта хадзіць на гэтыя выбары, таму што там няма дэмакратычных кандыдатаў, там няма людзей, якія хочуць змагацца за перамогу. І ўсім ужо відавочныя беспрэцэдэнтныя фальсіфікацыі датэрміновага галасавання», – заявіў Мікола Статкевіч, былы палітвязень і экс-кандыдат

Мітынг на плошчы Свабоды працягваўся нядоўга – каля 12-ці хвілінаў. Потым, згодна з планам, калона спачатку рушыла па вуліцы Леніна, а пасля па праспекце Незалежнасці ў бок плошчы Якуба Коласа. Паводле саміх удзельнікаў, яны прыйшлі на акцыю не проста падтрымаць нейкую палітычную сілу.

«У першую чаргу, каб паказаць што мы, пазбаўленыя голасу ў гэтай краіне. Толькі дыктатар вырашае што рабіць, а мы атрымліваецца ніхто», – кажа жанчына, якая прыйшла на акцыю.

«Мне не падабаецца наш урад і яго дзеянні. Таму я тут, разам з нашым сцягам, які павінен быць у нашай краіне», – агучвае сваё меркаванне іншы пратэстовец.

Падчас «Шэсця нацыянальных сцягоў», менавіта гэтак арганізатары назвалі марш, колькасць удзельнікаў павялічвалася, і да прызначанага пункту па розных ацэнках прыйшло да дзвюх тысяч асобаў. Калі ўлічваць перадвыбарчы час, ды фактычна дзень да галасавання – лічба выглядае зусім не вялікаю. Прычына гэтага, на думку лідараў, татальнае запалохванне грамадзянаў, у тым ліку ўкраінскім сцэнарам.

«Рэжым дасягнуў сваёй мэты – грамадства напужанае да такой ступені, што вы паглядзіце колькі людзей прыходзіць на нашыя акцыі», – падсумаваў Уладзімір Някляеў, лідар «Руху за дзяржаўнасць і незалежнасць».

Сённяшні марш адметны і сімвалічны. Перадусім таму, што гэта першае шэсце апазіцыі ў самым цэнтры Менску за апошнія пяць гадоў. Будучыя ж акцыі залежаць не толькі ад апазіцыі, але ад народу. Галоўнае – не баяцца.

Юрый Салодкі

Стужка навінаў