«Белсат» ў жывым эфіры падводзіў вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты і асвятляў стыхійныя мітынгі.
23:58 Праваабарончы Цэнтр «Вясна» назваў прозвішчы прынамсі 128 затрымных пад час стыхійных акцыяў у краіне. Да гэтага моманту адпусцілі не ўсіх.
23:10 Журналістаў Алеся Пілецкага і Андрэя Рабчыка адпусцілі з РУУС Цэнтральнага раёну Менску. Месца знаходжання журналістаў «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Арцёма Лявы – невядомае. У аніводным сталічным аддзяленні «Белсату» ці сваякам не пацвердзілі нават факту іхнага затрымання.
22.59 На праспекце Незалежнасці і на Нямізе адлючылі ўсе ліхтары.
22:40 Мірны пратэст на Нямізе працягваецца.
22:18 Наш карэспандэнт Зміцер Міцкевіч перадае з Нямігі, што пратэст больш нагадвае святкаванне.
Дасюль на вуліцы вельмі шмат людзей, але і шмат затрыманняў. З надыходам цемры ўдзельнікі акцыі салідарнасці пачалі паволі разыходзіцца.
22:10 Перакрылі вуліцу Казлова і выставілі аўтазакі. Большасць людзей разышліся. Колькасць затрыманых сягнула 60 асобаў – паводле падлікаў праваабаронцаў.
22:00 Аўтазакі перанакіраваліся за Палац Рэспублікі. На пл. Перамогі затрыманнямі кіруе непасрэдна міністр унутраных справаў Юрый Караеў.
На Нямізе, дзе адбывалася штурханіна з АМАПам, з’явіліся вайскоўцы.
21:51 На скрыжаванні Праспекту і вул. Казлова, з усіх бакоў шмат людзей: яны пляскаюць у далоні, свісцяць і выкрыкваюць «ганьба» аўтазакам і міліцыі, якая праязджае побач. Аўтамабілісты працягваць падтрымліваць людзей сігналамі.
Затрыманы журналіст BBC.
21:43 У сацсетках паведамляюць пра бойку натоўпа з АМАПам на плошчы Перамогі.
21:36 Карэспандэнты паведамляюць, што на плошчы Перамогі адбылася патасоўка з АМАПам. Шмат людзей сабраліся на Нямізе і пляскаюць у ладкі. Ёсць затрыманыя.
Закрылі ст.м. «Кастрычніцкая». Цягнікі не спыняюцца.
21:18 Гвалтам АМАП затрымаў журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву, якая вяла стрым з цэнтру Менску. Нашую калегу закінулі ў аўтазак.
20:45 У Менску масавыя затрыманні. Сярод затрыманых Арцём Лява, які вёў стрым-трансляцыю для «Белсату». Цяпер ён у аўтазаку.
Агулам затрыманыя па ўсёй краіне 9 журналістаў, у тым Алесь Пілецкі з Радыё «Свабода».
На 46 секундзе бачна, як затрымліваюць Арцёма Ляву.
20:38 Людзі пляскаюць у далоні і крычаць Ганьба на АМАПаўцаў, якія затрымліваюць людзей. Калоны спецтранспарту вельмі хутка едуць уздоўж праспекту.
20:26 АМАП спрабуе перашкодзіць людзям перасоўвацца ўздоўж праспекту. Міліцыянты кропкава вычапляюць і затрымліваюць мінакоў.
Праз перакрыты праспект людзі пачалі збірацца ў іншых кропках гораду – на Нямізе, у Грушаўцы.
20:18 Пешыя прывіталі калону раварыстаў воклічамі і апладысментамі. Аднаго ўдзельніка калоны заштурхнулі ў аўтазак.
На Плошчы Перамогі назіраецца павышаны рух аўтазакаў.
20:11 Аднаму з мінакоў стала блага, вакол яго сабраліся людзі і просяць выклікаць хуткую. Паводле аднаго прысутнага, мужчына ляжыць на зямлі ўжо амаль 40 хвілін.
Згуртаванні людзей у раёне Плошчы Перамогі і Кастрычніцкай. Людзі курсуюць уздоўж вуліцы ў абодва бакі. Дакладнай інфармацыі па колькасці затрымалых няма. Паводле папярэдніх падлікаў праваабаронцаў, на праспекце цяпер каля некалькіх тысяч менчукоў.
Да пешых далучыліся раварысты.
20:00 Пачаліся затрыманні.
19:30 Карэспандэнты «Белсату» паведамляюць, што цэнтр Менску ад Акадэміі Навук перакрыты, у горад не пускаюць. На вуліцах бачныя аўтазакі. Затрыманняў пакуль не было.
Людзі ідуць уздоўж праспекту. Аўты, якія праяжджаюць, перыядычна сігналяць.
Затрымалі журналіста «Еўрарадыё» Міхася Ільіна і Арцёма Маёрава.
З’яўляецца інфармацыяю, што людзі збіраюцца ў абласных цэнтрах – Гомлі, Берасыі, Горадні. Людзі сабраліся і ў Пружанах. АМАП таксама праводзіць затрыманні.
*****
Ранкам 14 ліпеня ЦВК адмовіўся рэгістраваць у якасці кандыдатаў на прэзідэнта Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу. У тэлеграм-каналах пасля гэтага з’явіліся заклікі а 19-й выходзіць на галоўныя вуліцы беларускіх гарадоў, каб выказаць пратэст супраць дзеянняў улады. У ананімных апытаннях у сеціве гатовасць узяць удзел у пратэстах выказалі тысячы чалавек.
У эфіры «Белсату» вынікі рэгістрацыі каментуе кандыдат на прэзідэнта на выбарах 2010 года Уладзімір Някляеў:
«Я не ўдзельнічаў у перадвыбарнай гонцы менавіта таму, што ведаў, што так будзе. Поспех мог быць пры адной умове – адным кандыдаце ад дэмакратычнай апазіцыі. Мы вылучылі Статкевіча не таму, што мы дурныя, а каб акцэнтаваць увагу на тым, што адбываецца. Я паважаю Бабарыку, з піетэтам стаўлюся да Цапкалы, але спешчаныя людзі не могуць стаяць. Яны мусяць быць прыгатаваныя да таго, каб ахвяраваць сабой і усім…Толькі сіла на сілу. За сілу войска і спецназу вышэйшая сіла народная. Павінен быць такі кандыдат, які сцісне гэту сілу ў адзін кулак, які прыстукне ўладу».
«Заклік штабу Бабарыкі да галасавання 9 жніўня сведчыць пра адсутнасць палітычнага досведу вылучэнца і ягонай каманда, і няма чаго ўскладаньваць. У ягоным штабе людзі, спешчаныя жыццём: хапае грошай на курорты і адпачынкі… І раптам трэба змяніць усё разуменне… Яны не могуць. І не могуць пайсці ў суд праз Плошчу».
На конт народнай рэакцыі на нерэгістраванне кандадатамі спадароў Бабарыкі і Цапкалы Уладзімір Някляеў сказаў:
«Беларусы, не гледзячы на самаарганізацыю ў сацсетках, яшчэ не могуць выходзіць масава самыя. Ім трэба нехта, хто будзе наперадзе. Такім чалавекам быў Сяргей Ціханоўскі – лідар мірнага пратэсту».
На думку Уладзіміра Някляева ўлады не хочуць разумець змены, якія адбываюцца ў беларускім грамадстве:
«У 2010 годзе Лукашэнка таксама казаў, што зразумеў, што ў грамадстве ёсць іншадумцы. Сказаў і забыўся. Ён сам паверыў у сваё месіянства, маўляў, гэта вы стварылі Беларусь».
Прамову Андрэя Дзмітрыева Някляеў назваў «спробай заняць нішку адзінага дэмакратычнага кандыдата».
«Трэба аддаць яму належнае – з усёй гэтай кампаніі ён з самым хуткім розумам. Калі б гэты розум не быў подлы… Але чалавек жа мяняецца. Прайшло 10 гадоў».
Таксама мы збіраем інфармацыю пра тое, як выбарнікі, якія масава падпісваліся за права альтэрнатыўных кандыдатаў удзельнічаць у кампаніі, адрэагавалі на рашэнне галоўнай камісіі.
Лідзія Ярмошына зарэгістравала 5 кандыдатаў на прэзідэнта: Аляксандра Лукашэнку, Андрэя Дзмітрыева, Ганну Канапацкую, Святлану Ціханоўскую і Сяргея Чэрэчня.
ІІ belsat.eu