У Менску запускаюць выставу, якая будзе працаваць уначы


Ілюстрацыя з facebook.com/movingartfactory

Выстава пройдзе ў межах арт-фестывалю «Самаізаляцыя OFF». Яго афіцыйнае адкрыццё адбудзецца 11–12 ліпеня.

Арт-фестываль аб’яднаў беларусаў, якія адлюстравалі ў сваёй творчасці гістарычны момант: пандэмію COVID–19 і самаізаляцыю падчас яе. Цягам двух месяцаў удзельнікі праекту стваралі арт-абʼекты, здымалі відэа, рэпетавалі перформансы і адлюстроўвалі ўсё гэта ў відэа-дзённіках. Да працэсу далучыліся больш за 80 творцаў. Вынікі іх працы можна будзе пабачыць на арт-фестывалі.

Гэта першая выстава ў Менску, якая будзе працаваць у адмысловым начным рэжыме цягам чатырох уік-эндаў. Апрача абʼектаў мастацтва, можна будзе паглядзець перформансы і танцавальныя прадстаўленні, пайсці на кінапаказ, паўдзельнічаць у творчых майстар-класах.

Усе арт-абʼекты можна будзе набыць падчас фестывалю і на сайце прасторы ў онлайн-галерэі ды забраць пасля заканчэння выставы. Удзел у фестывалі бясплатны, але трэба зарэгістравацца.

Адрас: Куйбышава 22, КОРПУС 6, 6-ы паверх

Абмежаванне па ўзросце: 16+

Падрабязная праграма фестывалю

«Белсат» выступае інфармацыйным спонсарам падзеі і нагадвае пра неабходнасць прытрымлівацца правілаў бяспекі ў сувязі з пандэміяй COVID–19.

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў