«Упершыню ёсць сур’ёзны адказ на пытанне: хто замест Лукашэнкі?»


Каманда праграмы «Размова» пакажа цыкл інтэрв’ю з тымі, хто гатовы ўдзельнічаць у прэзідэнцкай гонцы. Задаваць ім нязручныя пытанні ў студыі «Белсату» будуць Святлана Калінкіна і Віталь Цыганкоў.

Цыкл «ProContra. Выбары» будзе выходзіць на «Белсаце» штодня з 1 да 10 чэрвеня а 21:20. Глядзіце праз спадарожнік «Аstra 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы. Вось што нам перад запускам перадвыбарчага цыклу распавялі вядоўцы.

Галасы на выбарах даўно не лічаць. Дык пра што размаўляць?

«Прэзідэнцкія выбары – гэта галоўная палітычная кампанія пяцігоддзя, «не заўважыць» яе саліднаму СМІ немагчыма. Любыя прэзідэнцкія выбары – гэта палітызацыя і актывізацыя насельніцтва, калі людзі цікавяцца палітычнай альтэрнатывай, для выбарцаў – гэта магчымасць выказаць свае стаўленне да таго, што адбываецца ў краіне», – лічыць вядоўца цыклу «ProContra. Выбары» Віталь Цыганкоў.

Святлана Калінкіна і Віктар Бабарыка ў студыі «Белсату». Фота belsat.eu

Сёлета пятнаццаць патэнцыйных кандыдатаў на галоўную пасаду ў краіне, але не толькі ў гэтым унікальнасць выбарчай кампаніі, дадае ягоная калега па студыі Святлана Калінкіна:

«Шмат гадоў мы назіралі сітуацыю, калі ўдзельнікі выбарчай кампаніі дзяліліся на ўладу і апазіцыю, альбо тых, хто падыграваў уладзе і тых, хто так ці інакш быў у апазіцыі. Цяпер на выбары ідуць прадстаўнікі досыць буйнога бізнесу, не дзеля палітычнага багажу і аўтарытэту, а каб дасягнуць нейкіх іншых мэтаў. Гэта першыя выбары, дзе ёсць сур’ёзны адказ на пытанне: хто замест Лукашэнкі?».

І таму, як заўважае Віталь Цыганкоў, можа адбыцца тое, што ў паліталогіі называецца «выбары, якія перакульваюць сітуацыю».

Калі б завітаў Лукашэнка

Першая асоба ў краіне традыцыйна не бярэ ўдзел у перадвыбарчых дэбатах ды апошнія выбарчыя кампаніі пазбягае сур’ёзных інтэрв’ю. Але, калі б кіраўнік краіны завітаў у студыю «Белсату», якія пытанні пачуў бы ён ад вядоўцаў цыклу «ProContra. Выбары»?

«Патэнцыйная размова з цяперашнім кіраўніком дзяржавы асабіста мне, напрыклад, стварыла б даволі сур’ёзную дылему: наколькі можна заставацца «нейтральным» у такім інтэрв’ю? У любым выпадку гэта была б жорсткая размова, размова-сутыкненне, размова-канфлікт, такі жанр існуе. Амерыканскі журналіст Дэвід Фрост браў такое інтэрв’ю ў прэзідэнта Рычарда Ніксана», – разважае Віталь Цыганкоў.

Ганна Канапацкая ў студыі «Белсату». Фота belsat.eu

Святлана Калінкіна ўжо брала інтэрв’ю ў Аляксандра Лукашэнкі, але пра што яна спытала б яго перад «шостым пераабраннем»?

«Я ўсё чакаю і чакаю, калі гэты кандыдат пойдзе на пенсію. Тады з ім можна было б пагаварыць не як з забранзавелым помнікам, а як з чалавекам – пенсіянерам, які нарабіў шмат памылак. Я б Лукашэнку задавала чалавечыя пытанні: колькі людзей здрадзілі яму, колькім здрадзіў ён? Наколькі гэта цяжка – пераступіць праз лёс чалавека? Мяне проста цікавіць, як з чалавека можна ператварыцца ў помнік і пры гэтым быць жывым», – паўжартам адказвае Святлана Калінкіна.

Гэта быў бы скандал

Ці лёгка будзе весці размову з патэнцыйнымі кандыдатамі-«цынікамі», якія на ўсё маюць падрыхтаваны адказ і ўмеюць кантактаваць са СМІ? А з прэтэндэнтамі, якіх ужо назвалі «цяжкавагавікамі» і намеры якіх для грамадства дагэтуль застаюцца загадкай? Наколькі самастойныя яны ў прыняцці сваіх рашэнняў браць удзел у выбарах? Ці Лукашэнка недаацаніў рызыкі (зусім як у выпадку з COVID-19), рэгіструючы іх ініцыятыўныя групы?

«Магчымасць адсекчы непатрэбнага і небяспечнага канкурэнта ва ўлады ёсць заўсёды, можна не зарэгістраваць яго ў якасці кандыдата, заявіўшы, што кепска былі сабраныя подпісы. Папярэдне ў Лукашэнкі быў намер правесці гэтыя выбары максімальна спакойна, прыблізна як у 2015 годзе. Але не зарэгістраваць ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі ці Валерыя Цапкалы было б занадта вялікім скандалам», – заўважае Віталь Цыганкоў.

Юрась Губарэвіч у студыі «Белсату». Фота belsat.eu

Святлана Калінкіна ў вылучэнні Валерыя Цапкалы і Віктара Бабарыкі бачыць адказ на запыт элітаў. Але ці «палітычны выклік» застанецца без пакарання?

«Я б звярнула ўвагу, што найбольш цярпелі па выніках прэзідэнцкіх выбараў акурат кандыдаты, якія так ці іначай мелі дачыненне да наменклатуры. Гэта і Міхаіл Чыгір (экс-прэм’ер – рэд.), і Міхаіл Марыніч, і Аляксандр Казулін (быў намеснікам міністра адукацыі і рэктарам БДУ – рэд.). Гэта тыя, з кім улада абыходзілася не проста жорстка, а вельмі жорстка. Таму я лічу, з боку Бабарыкі, зрэшты як і з боку Цапкалы – гэта вельмі смелы крок. Іншая справа, ці разумеюць яны гэта? Бо першая прэс-канферэнцыя Бабарыкі і ягоныя словы пра адсутнасць палітычных рэпрэсіяў, мяне, шчыра кажучы, крыху збянтэжылі. Гэта гульня на публіку, спроба супакоіць людзей, якія баяцца ўдзельнічаць у яго кампаніі, ці шчырае перакананне?».

Апазіцыя: game over?

Ці не атрымаецца так, што моцныя кандыдаты не зменяць Лукашэнку, але перафарматуюць палітычны ландшафт краіны? Стануць, скажам, новымі тварамі апазіцыі ў перамовах з Захадам? А традыцыйная апазіцыя стане часткаю гісторыі.

«Спадзяюся, што новыя людзі прыйшлі ў палітыку не на адну кампанію, што яны маюць сур’ёзныя планы на будучыню. Апазіцыя даўно патрабуе перафарматавання. Лукашэнка 26 гадоў ва ўладзе і зноў балатуецца ў тым ліку таму, што апазіцыйныя палітыкі не здолелі знайсці словы, якія мелі б водгук у выбарцаў. Таму пераарыентацыя апазіцыі патрэбная, і на мой погляд, гэта зусім не страшна. Канешне, пакуль незразумела, ці могуць стаць добрымі лідарамі Цапкала і Бабарыка, бо мы не чулі іх праграмных прамоваў, яны не могуць гэтага пакуль казаць, дадае Святлана Калінкіна, – аднак яны мне ўжо спадабаліся тым, што кажуць: два прэзідэнцкія тэрміны дастаткова, каб зрабіць усё, што ты можаш».

Якія нечаканыя заявы нас чакаюць? Глядзіце цыкл інтэрв’ю «ProContra. Выбары» з 1 чэрвеня да 10 чэрвеня а 21:20, каб вы маглі свядома аддаць свой голас.

Наста Ільіна belsat.eu

Стужка навінаў