Чаму Юрый Чыж трапіў у няміласць?


Не заплаціў і страціў свабоду. Камітэт дзяржбяспекі пацвердзіў затрыманне апальнага алігарха Юрыя Чыжа ды агучыў афіцыйную прычыну гучнага затрымання. Што ж і хто ж стаіць за арыштам вядомага бізнесоўцы?

«Ну не ведаю дзе і што, але напэўна нешта ляпнуў, што не спадабалася вусатаму. Больш нічога не можа быць», – мяркуе мужчына.

«Верагодна, што камусьці перайшоў дарогу. А таму яго пад версіяй нясплаты падаткаў і прыціснулі», – кажа мінак. «Сам вінаваты, бо пагадзіўся на гэтыя правілы гульні. Ведаў, чым гэтая сувязь сяброўская можа скончыцца», – зазначае жыхарка Менску.

Не вераць у версію КДБ і землякі Чыжа, жыхары вёскі Сабалі Бярозаўскага раёну.

«Я лічу, гэта палітыка. Ён не вінаваты», – мяркуе жыхарка Сабалёў.

Юры Чыж – бадай самы паспяховы з тых бізнесоўцаў, якія зараблялі грошы, заручыўшыся падтрыманнем Аляксандра Лукашэнкі. Часта яны з’яўляліся на публіцы разам: вось косяць траву, а вось – збіраюць ураджай кавуноў і бульбы. А вось тут уганароўваць алімпійскую чэмпіёнку Дар’ю Домрачаву.

Нярэдка ў медыях Чыжа называлі «гаманцом кіраўніка краіны». Сапраўды, яму дазвалялася шмат што – весці нафтавы бізнес, будаваць у цэнтры сталіцы, і не толькі гатэлі. Але, відаць, часы змяніліся.

«Беларусь – вельмі дрэнная краіна для нармальнага, цывілізаванага, еўрапейскага бізнесу. Улічваючы, што капітал ёсць, а перспектывы незразумелыя, і тут здымаюцца санкцыі, Чыж, і не толькі ён, задумаліся, каб вывезці свае капіталы з Беларусі. Вось каб гэтага не адбывалася, можа быць нават і паказальны судовы працэс», – тлумачыць Анатоль Лябедзька, старшыня «АГП».

Але пакуль да судовага працэсу яшчэ не дайшло, Чыжа, як і іншых бізнесоўцаў і чыноўнікаў, што трапілі ў свой час за краты, могуць гэтак жа раптоўна вызваліць, мяркуе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

«Нешта заплоціць, не будзе такога трэнду на вываз капіталу, ён саступіць месца тым, хто падрос побач з Аляксандрам Лукашэнкам, то ён выйдзе датэрмінова і ціха гэтую справу спусцяць», – дадае Анатоль Лябедзька.

Недатыкальных у краіне няма, шмат разоў казаў кіраўнік краіны. Сёння Лукашэнка, выступаючы на нарадзе аб пытаннях аплаты жыллёва-камунальных паслугаў, яшчэ раз пра гэта нагадаў. А таму гучны арышт бізнесоўцы, на думку праваабаронцы Алега Волчака, яшчэ раз пацвердзіў гэты тэзіс.

«Арышт Чыжа паказаў, што няма ў Лукашэнкі блізкіх сяброў, добрых, знаёмых. А таму гэта сігнал для ўсіх – за кожным прыйдуць», – падсумоўвае Алег Волчак.

Некаторыя адмыслоўцы ўжо назвалі арышт апальнага алігарха сімвалам канца асобнай эпохі прыдворнага капіталізму, якая існавала ў Беларусі прынамсі апошнія 15 гадоў. Але самая сістэма нікуды не знікла, а таму, як кажуць, быў бы куст, а птушка ўсё адно знойдзецца.

Віталь Бабін, «Белсат»

Стужка навінаў