Ці Пуцін адмяніў аб'яднанне Беларусі з Расеяй?


Уладзімір Пуцін плануе застацца ва ўладзе пасля 2024 г., ачоліўшы Саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі. Такая думка была папулярнаю сярод экспертаў да паправак у расейскую Канстытуцыю, якія «абнуляюць» прэзідэнцкія тэрміны гаспадара Крамля. Ці цяпер гэты сцэнар адмяняецца і афіцыйная Масква адмовіцца ад спробы інкарпарацыі Беларусі?

Аліса Канеева, пратэстоўца, Масква:

«Мы ўсе ўсё разумеем, і Пуцін даўно даў ведаць, што ён назаўсёды, але вось з такім нахабствам і так шчыра ён, бадай, гаворыць пра гэта ўпершыню».

Пасля дазволу Канстытуцыйнага Суда Пуцін прапануе вынесці на ўсерасейскае галасаванне нечаканую для насельніцтва папраўку ў галоўны Закон.

«Зняць абмежаванні для любога чалавека, грамадзяніна, у тым ліку для дзейнага прэзідэнта і дазволіць у будучыні ўдзельнічаць у выбарах. Безумоўна, праз канкурэнтныя і адкрытыя выбары. Безумоўна, калі грамадзяне падтрымаюць такую папраўку, скажуць «Так», – заявіў Уладзімір Пуцін.

Днём пазней новы праект Канстытуцыі выставілі на галасаванне ў Дзярждуме:

«За – 383, супраць – няма. Закон ухвалены!»

Аляксандр Лукашэнка гэтага дня выдыхнуў. Цягам апошняга, прысвечанага паглыбленай інтэграцыі ў Саюзную дзяржаву года была папулярнаю экспертная думка, што застацца ва ўладзе пасля 2024 г. Пуцін плануе, ачоліўшы гэтую самую Саюзную дзяржаву.

Валер Карбалевіч, палітолаг:

«Гэты план адмяняецца ў якасці сродку працягнення ўлады Уладзіміра Пуціна пасля 2024 г. Але не знікае ўвогуле. Дарэчы, учорашнія прамовы прэм’ераў Румаса і Мішусціна гэта пацвярджаюць».

Прэм’ер Беларусі на першай сустрэчы з новым расейскім калегам прасоўваў інтэграцыю ў саюз пяці дзяржаваў – Еўразійскую эканамічную прастору. Чаму?

Аляксандр Класкоўскі, палітолаг:

«Выкарыстоўваць магчымасці той самай еўразійскай інтэграцыі – болей перспектыўна, чым удваіх. Удваіх Расея адразу бярэ за гарляк, а тут усё ж такі пяць краінаў-сябраў, і можна неяк манеўраваць у большай ступені. І Мясніковіч там – беларускі вылучэнец».

Гэта разумеюць і ў Маскве, таму медыі і сацыяльныя сеткі адрэагавалі адразу.

Тэлеграм-канал «Мейстер»:

«Відаць, Беларусь захацела дэманстратыўна адвесці ўвагу з інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы».

Міхаіл Мішусцін прамовіў аб неабходнасці вярнуцца да незавершанай інтэграцыі ў саюз дзвюх краінаў. Румас намякнуў, што сітуацыя выглядае па-старому: найперш трэба разабрацца з коштамі на нафту для Беларусі.

З ільготамі на расейскую сыравіну ў Сінявокай не выйшла. Да таго ж у медыі трапіла інфармацыя пра існаванне 31-й «дарожнай мапы», якая фактычна пазбавіць меншую краіну суверэнітэту. Лукашэнка затармазіў інтэграцыю, якую пачалі называць шляхам да анексіі Беларусі.

Давялося хутка шукаць альтэрнатыўных прадаўцоў нафты для залежнай ад яе эканомікі.

«Але тут пытанне ўпіраецца ў дзве рэчы: па-першае, трэба рабіць рэформы, каб дыверсіфікавацца па-сапраўднаму, але Лукашэнка баіцца рабіць рэформы. А па-другое, ёсць чырвоныя рысы. Рэзкіх рухаў таксама не варта рабіць. І я тут нязгодны з некаторымі апазіцыйнымі радыкаламі. Нельга злаваць гэтага расейскага мядзведзя, бо можа чапануць лапаю вельмі балюча», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

Гандаль бакоў працягваецца. Для Беларусі гэта адна з прыярытэтных тэмаў. Бо ўсцяж ад Расеі, якая ёсць нашым асноўным рынкам, а дагэтуль і крэдыторам, залежыць дабрабыт беларусаў. Для Расеі пытанне цеснай інтэграцыі – у трэцім дзясятку праблемаў.

Андрэй Суздальцаў, палітолаг, Масква:

«Расея зацікаўленая, каб паміж ёю і Польшчаю (NATO) была такая прастора дзяржаўная, кантраляваная і кіраваная. Гэта першае. А другое, безумоўна, у тым, што Расея не зацікаўленая ў нейкіх там катаклізмах і эканамічнай катастрофе. Расею не задавальняе, што дзяржава паступова робіцца антырасейскаю. Яна паўтарае ўкраінскі трэк. Вось гэта не задавальняе і выклікае заклапочанасць».

Гэтак з вышыні крамлёўскай зоркі выглядае гушчар сустрэчаў Лукашэнкі з высокімі палітыкамі краінаў Захаду ў пошуках паліва для ратавання айчыннай эканомікі. Рэзерваў на пераседжванне крызісу Менск не мае, у адрозненне ад Масквы, якая можа сабе дазволіць гуляць «у доўгую».

Калаж з фота: Natalia Fedosenko/TASS/Forum, Aleksey Nikolskyi/Kremlin Pool

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 13.03.2020

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў