Як кітайскі вірус уплывае на беларускіх спажыўцоў?




Каронавірус часова паралізаваў жыццё мільярднага Кітаю. А гэтая краіна – буйны пастаўляльнік тавараў для ўсяго свету. Ці варта нам чакаць дэфіцыту звыклых тавараў з прычыны далёкай эпідэміі?

Некаторыя беларусы не атрымалі своечасова сваіх пасылак з Кітаю.

«Зрабіла замову на «Aliexpress», захацелася абнавіць тэлефон новым чахольчыкам. Але мне на электронную пошту прыйшло паведамленне, што яны не могуць мой заказ ухваліць», – распавядае пра няўдалую пакупку Вікторыя Вялічка.

Прычына – эпідэмія каронавіруса. Навагоднія вакацыі ў Кітаі замест двух тыдняў расцягнуліся на чатыры. Таму прадаўцы вымушаныя былі скарэктаваць тэрміны дастаўкі. Звычайна пасылка ішла да нас месяц. А цяпер – больш за два месяцы.

Мы паспрабавалі замовіць іншы тавар. І пасля яго аплаты таксама атрымалі папярэджанне: давядзецца пачакаць.

«Вельмі доўгая адпраўка – 12 дзён. Звычайна яна не такая доўгая. Толькі калі нейкія масавыя распродажы ў чорную пятніцу», – здзіўляецца Вікторыя.

Hавiны
УЕФА можа адмяніць чэмпіянат Еўропы праз каронавірус
2020.02.25 21:02

Прыйдзецца пачакаць і пакупнікам смартфонаў. Пра тое, што не ўсім ахвочым хопіць гаджэтаў, папярэдзілі ўжо афіцыйныя прадстаўнікі «Huawei» і «Xiaomi» ў Беларусі. Папоўніць запасы яны змогуць толькі на пачатку сакавіка.

«Перабоі з таварамі, з пэўнымі таварамі, магчымыя. Па сённяшнім стане рэчаў максімум, што можа здарыцца, гэта калі вы намерыліся купіць айфон сёння, а вам давядзецца пачакаць і купіць яго праз месяц», – кажа Леў Львоўскі, старэйшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтру BEROC

На камплектных дэталях з Кітаю шчыльна сядзяць заводы «Гарызонт», МАЗ, БМЗ, «Джылі», з Кітаю імпартуецца абутак і вопратка. Але эксперт лічыць, што Кітай занадта вялікі, каб маленькая Беларусь магла адчуць праблемы з кітайскім імпартам.

«Тут хутчэй пытанне, як сябе павядзе ўрад і насельніцтва. Калі пачнецца вялікая паніка, то з нашага боку могуць быць перакрыты межы, спынены імпарт нейкіх тавараў», – прагназуе Леў Львоўскі.

Аб’ектыў
Што небяспечней, каронавірус ці грып?
2020.02.25 22:12

Але да панікі далёка. Хіба што некаторыя таксоўцы адмаўляюцца вазіць кітайцаў. А кітайцы правакуюць павышаны попыт на медычныя маскі – яны дасылаюць тавар на радзіму.

Медыкі і самі не ўпэўненыя, ці засцерагуць гэтыя маскі ад каронавіруса. Аднак у Кітаі рэкамендацыі дакладныя: пазбягаць людзей і без масак з хаты не выходзіць.

«Ёсць рэкамендацыя ўстрымацца ад ужывання морапрадуктаў. Раяць ужываць ежу тэрмічна апрацаваную, смажаную або звараную. І не рэкамендуюць есці сырое», – распавядае аб сітуацыі ў Кітаі жыхар Шанхаю Яўген Аферын.

Пакуль не зразумела, наколькі небяспечны вірус, бо працягваюць заражацца новыя людзі. Але калі параўноўваць з сезонным грыпам, на які хварэў кожны (і не раз), смяротнасць высокая. А калі з атыповай пнеўманіяй, якая гэтак жа напужала свет некалькі гадоў таму, то летальнасць каронавіруса ў 5 разоў ніжэйшая за яе.

Hавiны
«Facebook» забараніў рэкламу фэйкавых лекаў ад каронавіруса
2020.02.26 22:51

Тым часам кітайскія кампаніі выдаткоўваюць немалыя сродкі на абарону сваіх працаўнікоў і кліентаў.

«Прымаюць меры па дэзінфекцыі цэнтру, офісу. Закупляюцца маскі для супрацоўнікаў, а таксама адмысловыя санітайзеры, якія дэзінфіцыруюць рукі», – апавядае Яўген.

А кітайская «Geely» ўжо нават паабяцала распрацаваць аўтамабіль з супрацьвіруснай сістэмай фільтрацыі паветра. Мо калі-небудзь яго будуць збіраць на беларускім заводзе.

Аднак сур’ёзнейшых наступстваў віруса для Беларусі ды свету эксперты не прагназуюць.

«Вядома, нейкая сур’ёзная эпідэмія можа паўплываць на ўсё, можа змяніць цалкам гандлёвыя балансы краін, вытворчыя ланцужкі. За апошнія 50 гадоў сур’ёзных эпідэмій у свеце не назіралася», – рэзюмуе Леў Львоўскі.

Каля 400 сусветных кампаніяў прадказваюць, што каронавірус усё ж пагоршыць іх фінансавыя паказнікі ў першым квартале года. Аднак беларускіх кампаніяў сярод іх няма.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».