Чаму Беларусь у ТОП-10 мілітарызаваных дзяржаваў?


Звычайна ў розных сусветных рэйтынгах Беларусь займае апошнія месцы, але тут выйшла неспадзяванка. Беларусь апынулася на 9-м радку ў штогадовым глабальным індэксе мілітарызацыі, апублікаваным Бонскім міжнародным цэнтрам канверсіі. Як магчыма, што мы апярэдзілі ЗША і Нямеччыну? Разбярэмся разам з палкоўнікам запасу, вайсковым экспертам Леанідам Спаткаем.

Леанід Спаткай. Фота з Facebook

Адкуль прычыны такой высокай пазіцыі Беларусі ў гэтым рэйтынгу?

Па-першае, прычына ў тым, з якімі лякаламі або эталонамі падыходзяць да гэтых замераў. Глядзіце, у гэтым рэйтынгу першае месца мае Ізраіль, які траціў на сваю абарону амаль 5 % валавога ўнутранага прадукту і мае амаль 700 з гакам тысячаў вайскоўцаў, з іх 165 тысячаў непасрэдна вайскоўцаў, якія начуюць і маюць зброю пад канапай. І Беларусь на 9-м месцы, побач з ёй на 8-м Іярданія, а на дзясятым – Азербайджан. У Беларусі толькі каля паўтара адсотка ВУП выдаткоўваецца на абарону, тым больш амаль палова з іх выдаткоўваецца не на закуп узбраення, а на грашовае ўтрыманне вайскоўцаў. Адпаведна і тая ж Нямеччына, і тыя ж Злучаныя Штаты Амерыкі, і той жа Кітай… Кітай, дарэчы, на першым месцы паводле грашовых памераў на ўтрыманне ўзброеных сілаў. Таму нешта непараўнальна менш, папросту гэта ў адносінах да колькасці насельніцтва бралася і да адсоткаў ВУП, вось і ўсё. У грашовым памеры ў Беларусі зусім невялікія выдаткі. Тым больш і армія амаль у два разы меншая, чым у таго ж Ізраілю.

Аўтары гэтага індэксу адзначаюць таксама агульны ўзрост мілітарызацыі ў свеце, рост выдаткаў на абарону. Наколькі гэта небяспечная тэндэнцыя? Таксама яны звярталі ўвагу на тое, што ва Усходняй Еўропе, дзе мы цяпер, верхаводзіць Расея. І менавіта з гэтай прычыны тут у нас растуць выдаткі на абарону і мілітарызацыю цэлага рэгіёну.

Так, заходнія краіны павялічваюць свае выдаткі на абарону, у першаю чаргу гэта чальцы NATO. Гэта ў першую чаргу звязанае з падзеямі, якія з 2014 года на ўкраінскай тэрыторыі, на ўсходзе Украіны адбываюцца. І звязанае таксама з мадэрнізацыяй расейскіх узброеных сілаў, у першую чаргу, напрыклад, 1-й гвардзейскай танкавай арміі ў заходняй вайсковай акрузе Расеі, якая непасрэдна месціцца ўздоўж межаў Беларусі і Украіны. Таму мы назіраем такую з’яву, як і павелічэнне выдаткаў у той жа Польшчы на ўзбраенне. Вось самы свежы прыклад – гэта дамова аб закупе ў Польшчы новых амерыканскіх самалётаў F-35. І таксама, як кажуць, не ад таго, што ўсё добра, што грошы няма куды дзяваць, таму вось палякі вырашылі закупіць гэтыя найноўшыя амерыканскія самалёты, каб нечым там пакрасавацца. Не, гэта таксама ўзмацненне сваёй баяздольнасці, сваёй абароны.

Тым часам мы даведаліся, што Беларусь падпісала дамову з Егіптам і яны будуць разам рабіць беспілотнікі «Бусел». Гэтая дамова на мільён долараў. Шмат гэта ці няшмат і наколькі важны экспарт зброі як артыкул у нашым беларускім бюджэце?

Для Беларусі развіццё вайскова-прамысловага комплексу і экспарт яго прадукцыі па-за межы краіны – гэта даволі значаная доля нашых валютава-грашовых паступленняў. Я не думаю, што мы сёлета паўторым леташнія поспехі, калі, напрыклад, за кошт паставак у той жа Азербайджан «Паланэзаў» атрымалі больш за мільярд чыстага прыбытку. Але тым не менш тут хутчэй за ўсё справа ідзе не пра супольную вытворчасць, а пра фінансаванне выраблення гэтай зброі, бо беспілотнікі – таксама, як кажуць, баявыя дроны, якія могуць зруйнаваць і сродкі паражэння, не толькі рабіць выведку або займацца рэтрансляцыяй нейкіх сігналаў. Улічваючы тое, што ў Егіпце даволі неспакойная сітуацыя, безумоўна, досвед ужывання беспілотнікаў аказаўся даволі эфектыўны. Яны дазваляюць скараць чалавечыя выдаткі, а беларуская прамысловасць беспілотнікаў даволі неблагая. Таму, я думаю, менавіта з гэтага пункту гледжання Беларусь і падпісала такую дамову. Не ў Ізраілі ж закупляць гэтыя беспілотнікі, хоць Ізраіль – адзін з лідараў у іх вытворчасці.

Фота на прэв’ю: VASILY FEDOSENKO/Reuters/Forum

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 21.02.2020

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў