Каірскі транзіт. Што Лукашэнка рабіў у Егіпце?


З выспы стабільнасці ў аазіс. Аляксандр Лукашэнка з афіцыйным візітам наведаў Егіпет. У адрозненне ад перамоваў у Сочы гэтым разам кіраўнік краіны не скупіўся на цёплыя словы свайму суразмоўцу. Што чакае Менск ад супрацы з Каірам, і ці стане Егіпет габам на рынак усёй Паўночнай Афрыкі?

З менскіх +5 °C кіраўнік краіны ў сярэдзіне тыдня накіраваўся ў Егіпет. Градусы ў паветры выраслі да +17 °C, хапала цеплыні і з боку Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка:

«Дай Бог асвоіць стамільённы рынак Егіпту. З Каіру разам працуем практычна на ўсю Паўночную Афрыку, разглядаем варыянт сумеснага прасоўвання тавараў на афрыканскім кантыненце».

Аляксандра Лукашэнку і прэзідэнта Егіпту Абдэльфатаха ас-Сісі аб’ядноўвае шмат. У прыватнасці тое, што абодва могуць дазволіць сабе доўгатэрміновае планаванне. Кіраўнік Беларусі не мае абмежавання прэзідэнцкіх тэрмінаў, а прэзідэнт Егіпту летась, дзякуючы зменам у Канстытуцыі, атрымаў магчымасць кіраваць да 2030 г. І тым не менш, нягледзячы на палітычнае падабенства, на парадку дня былі перадусім эканамічныя пытанні.

Каментуе Андрэй Паротнікаў, кіраўнік праекту «Belarus Security Blog»:

«Гэта краіна, якая вельмі хутка ўрбанізуецца: у Каіры 20 млн чалавек, гэта інфраструктурныя праекты, метро, забеспячэнне вадой і г. д. Тут хутчэй агульнаэканамічныя пытанні больш важкія за ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. Ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва – гэта хутчэй жэст у бок фельдмаршала ас-Сісі, які вайсковец, і адпаведна яму гэта можа быць цікава».

Паводле кіраўніка аналітычнага праекту «Belarus Security Blog», Менск можа прапанаваць Егіпту мадэрнізацыю старой савецкай бранятэхнікі і сістэмаў супрацьпаветранай абароны, аднак у часе гэтага візіту пра вайсковую супрацу публічна не размаўлялі. Было заяўлена, што дзякуючы Каіру Менск будзе імкнуцца выйсці на рынкі Паўночнай Афрыкі. А магчыма, і на суседнія рэгіёны.

«Ёсць яшчэ і палітычны чыннік. Егіпет – гэта вельмі блізкі партнёр Саудаўскай Аравіі. І афіцыйны Менск вельмі актыўна спрабуе наладзіць адносіны з Эр-Рыядам. Эр-Рыяд – гэта вялікі рынак і вельмі складаны з палітычнай кропкі гледжання, туды вельмі складана трапіць», – працягвае Андрэй Паротнікаў.

У Афрыку Беларусь ідзе са сваім традыцыйным пакетам: МАЗы, трактары, сельскагаспадарчая прадукцыя. Але па-за гучнымі дэкларацыямі варта адзначыць, што ў Менску пакуль нават няма амбасады Егіпту, а доля краіны ў агульным таваразвароце афіцыйнага Менску не перавышае паўадсотка.

Эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін адзначае:

«Літаральна некалькі дзён таму Егіпет пераступіў праз рысу 100 млн насельніцтва, а гэта… узнікае вялікая праблема з працоўнымі месцамі ў далейшым. Егіпту будуць вельмі патрэбныя інвестыцыі, і пытанне, наколькі Беларусь можа прапанаваць такія інвестыцыі. Зноўку вяртаемся да таго, што пакуль дэкларацыя пра намеры і ўзаемная падтрымка на маральным узроўні».

У Егіпце ўжо працуюць два сумесныя прадпрыемствы для вытворчасці МАЗаў і трактароў МТЗ, у перспектыве выпуск прадукцыі «Бабруйскаграмашу», «Амкадору», рухавікоў Менскага маторнага заводу. Экспарт працоўнай сілы на сумесныя праекты – яшчэ адзін плюс для беларускага боку, кажуць адмыслоўцы.

Каментуе Ігар Тышкевіч, аналітык Украінскага інстытуту будучыні, Кіеў:

«Не сакрэт, што тыя ж самыя венесуэльскія, іранскія, туркменскія праекты, калі Беларусь узводзіла пэўныя інфраструктурныя аб’екты на тэрыторыі іншых дзяржаваў, – гэта ў тым ліку можна ўспрымаць як адзін з элементаў барацьбы з працоўнай міграцыяй. Удзел у такіх праектах – ён, натуральна, для Беларусі цікавы».

У кароткатэрміновай перспектыве ад візіту ў Егіпет не варта чакаць вялікіх бонусаў. Магчыма, сітуацыя зменіцца ў будучыні, калі ўлады Беларусі не зменяць фокусу ўвагі, як ужо неаднаразова было з краінамі «далёкай дугі».

Ілля Куса, палітолаг і арабіст з Кіева:

«Вядома, краіна, якая мае моцныя сувязі з мясцовымі элітамі, можа разлічваць на тое, каб заняць долю ў будучай гандлёва-эканамічнай архітэктуры, якую цяпер выбудоўваюць улады Егіпту. У прыватнасці праз уваход у спецыяльныя праекты ў межах эканамічнай зоны Суэцкага каналу. Уласна, гэтая тэма і ўзнімалася ў часе візіту прэзідэнта Беларусі ў Егіпет».

Ці так супадае, ці Аляксандр Лукашэнка плануе свой графік такім чынам, каб пасля цяжкіх перамоваў з расейцамі ладзіць афіцыйныя візіты ў краіны, дзе можна атрымаць эмацыйную падзарадку. Так было летась падчас візіту ў Сербію, і з Егіптам выйшла вельмі падобна. Шмат дэкларацыяў, рукапацісканняў, абмен падарункамі і мінімум канкрэтыкі.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu

Фота на прэв’ю: Natalia Fedosenko/TASS/Forum

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 21.02.2020

Іншыя тэмы выдання:

 

 

Стужка навінаў