Парашэнка прапануе расейцам абмяняць Саўчанку


На фота: Пётр Парашэнка і маці Надзеі Саўчанкі

Каго ці што папросіць у замен на ўкраінскую лётчыцу Пуцін?

«Як прэзідэнт Украіны я гатовы скарыстацца сваім канстытуцыйным правам і абмяняць Надзею, зрабіць усё магчымае, каб яна хутчэй магла вярнуцца дамому», – заявіў увечары 9 сакавіка ўкраінскі лідар.

На каго ўкраінскі прэзідэнт гатовы памяняць Саўчанку не паведамляюць. Лідар украінскай апазіцыйнай Радыкальнай партыі Алег Ляшко прапаноўвае абмяняць лётчыцу на Пятра Парашэнку.

«Заданне прэзідэнта – зрабіць усё для вызвалення Саўчанкі. Хай ён лепш сябе на яе абмяняе», – заявіў дэпутат. Ляшко таксама прапанаваў абарваць з Расеяй усе дыпламатычныя сувязі і забараніць расейскім кампаніям працу ўва Украіне.

Раней Надзея Саўчанка выступала катэгарычна супраць ейнага абмену на каго-кольвек з расейцаў.

«Я не хачу чакаць ніякага абмену, калі будуць мяняць вінаватага на невінаватага. Я невінаватая, ніякіх абменаў, ніякага гандлю», – заявіла Саўчанка.

З 3 сакавіка Надзея Саўчанка абʼявіла сухое галадаванне ў адказ на пастанову суддзі перанесці паседжанне і адмову звярнуцца з апошнім словам. Вердыкт у справе ўкраінскай вайскоўкі вынесуць 21-22 сакавіка. Лётчыцу абвінавачваюць у датычнасці да забойства расейскіх журналістаў. Адвакаты Саўчанкі называюць ейную справу «палітычна матываванаю». Саўчанцы пагражае да 23 гадоў турмы.

«Суд мае тыдзень на вынясенне пастанаўлення. Хочаце паказаць сваю сілу – паказвайце, але памятайце, што мы гуляем на маё жыццё. Стаўка высокая, але мне няма чаго губляць», – заявіла Надзея Саўчанка падчас апошняга судовага паседжання.

У жніўні 2015 года расейскі бок зняпраўдзіў інфармацыю пра магчымасць перадаць Кіеву Надзею Саўчанку ўзамен на сухазеіны калідор з Расеі ў Крым праз падкантрольную Украіне тэрыторыю. Шэраг інтэрнэт-карыстальнікаў неаднаразова прапаноўвалі абмяняць Саўчанку на горад Марыупаль, што ля мяжы г. зв. ДНР.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў