Мэсідж Трампа для Лукашэнкі


Усе пытанні ў парадку дня беларуска-амерыканскіх дачыненняў стратэгічныя. З чым дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Майк Пампэа наведвае Беларусь? Афіцыйны Менск падкрэслівае, што застаецца верным саюзнікам Расеі, і ўсе візіты заходніх чыноўнікаў не маюць антырасейскага падтэксту. Але наступствы з боку Крамля за размовы з ЗША за яго плячыма, хутчэй за ўсё, будуць.

Няхай публічна пра гэта нідзе не скажуць, і Аляксандр Лукашэнка наўрад ці калі-небудзь у гэтым прызнаецца, але перанос візіту дзяржсакратара ЗША Майка Пампэа ў Беларусь значна паўплываў на тон, сутнасць і вынікі сустрэчы. Паездка мелася адбыцца яшчэ месяц таму, але яе перанеслі праз гарачую сітуацыю на Блізкім Усходзе. За гэты час змянілася сітуацыя ў Беларусі. Месяц таму Менск, як гэта ўжо здаралася раней, чакаў на хуткую дамову з Масквой і пачатак паставак нафты з Расеі, сёння Беларусь жыве проста ў іншай рэчаіснасці.

Каментуе Франак Вячорка, віцэ-прэзідэнт Digital Communication Network, ЗША:

«Гэта гістарычны візіт. Шмат хто кажа, маўляў, ён на пару гадзінаў прыязджае. Але візіт прэзідэнта ЗША Клінтана з жонкай 25 гадоў таму таксама быў кароткі, што не змяншае ягонае ролі. Задача Пампэа паслаць мэсідж, паказаць, што Беларусь важная на палітычнай арэне. Што Беларусь разглядаюць і абмяркоўваюць у Злучаных Штатах».

У час праўлення Аляксандра Лукашэнкі візітаў такога рангу з ЗША не здаралася. Пасля найвышэйшай кропкі ў дачыненнях – візіту Біла Клінтана ў Менск у 1994 годзе, крывая адносінаў з Вашынгтонам імкліва падала, прабіўшы дно ў момант увядзення амерыканскіх санкцыяў супраць аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі і як адказ высылкі амерыканскага амбасадара з Менску ў 2008 годзе.

Толькі праз 6 гадоў, з пачаткам расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны, Белы дом перагледзеў сваю пазіцыю. Цяпер Аляксандр Лукашэнка не «апошні дыктатар Еўропы», а адзін з гарантаў рэгіянальнай стабільнасці. З Беларусі знялі амаль усе санкцыі, пакінуўшы толькі персанальныя супраць дзесяці дзейных і былых чыноўнікаў. Адбываецца ланцужок візітаў ад меншых фігураў да больш высокага рангу. А Аляксандр Лукашэнка мяняе рыторыку ў дачыненні да ЗША.

Гаворыць Валер Кавалеўскі, Беларуска-амерыканскае задзіночанне:

«Калі раней Лукашэнка казаў, што ЗША – гэта вораг Беларусі, і нават выгнаў амбасадара ЗША, то на сёння Злучаныя Штаты ў вачах Лукашэнкі – гэта пэўная гарантыя таго, што Беларусь захавае сваю незалежнасць. І калі мы прааналізуем ягоныя выказванні з апошніх месяцаў, то ён усё больш прыязна выказваецца і пра ЗША, і пра ролю ЗША ў нашым рэгіёне і пра магчымасць вядзення справаў з ЗША».

Амаль аналагічная метамарфоза адбылася і ў дачыненнях паміж афіцыйным Менскам і Еўразвязам. Вашынгтон асцярожна прыглядаўся гэтаму набліжэнню.

«Ці трэба Пампэа прыязджаць у Менск – бурна абмяркоўвалася ў Дзярждэпе з удзелам прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў і экспертных цэнтраў. Думка падзялілася. Шмат хто казаў, што нельга ехаць у Менск, бо гэта будзе здрада той палітыцы, якую Штаты праводзяць цягам апошніх 12 гадоў: палітыцы падтрымкі грамадзянскай супольнасці і палітыкі крытыкі, абмежавання, ізаляцыі Лукашэнкі. Але тыя, хто настойвае, што Лукашэнку трэба ўцягваць, перамаглі», – працягвае Франак Вячорка.

Пакуль у двухбаковых дачыненнях Вашынгтон і Менск не маюць вялікага поля для супрацы. Кола агульных інтарэсаў невялікае, але кожная з тэмаў сама па сабе стратэгічная. ЗША зацікаўленыя ў дээскалацыі напружанасці ва Усходняй Еўропе, Беларусь таксама; ЗША хоча бачыць Беларусь незалежнай краінай, беларускія ўлады таксама. ЗША прэтэндуюць на статус буйнога экспарцёра нафты, у Беларусі акурат ёсць праблемы з імпартам нафты. Эксперты пагаджаюцца з пералікам пытанняў.

Каментуе палітолаг Вольга Харламава, Менск:

«Пачынаючы ад нафты і газу, і аж да тэмы ўплыву ў рэгіёне Кітаю ды Расеі. І безумоўна, гэта тэмы, якія тычацца паставак зброі краінам NATO, кшталту Турцыі».

Валер Кавалеўскі:

«Гэта найлепшая магчымасць для Беларусі і ЗША абмеркаваць, што б можна было зрабіць разам. Якім чынам можна было б адрэагаваць на тыя праблемы, пра якія мы добра ведаем. Пачынаючы ад рэгіянальнай бяспекі, заканчваючы пытаннем уразлівасці Беларусі перад расейскім ціскам».

«Новая парадыгма Лукашэнкі: Кітай і ЗША», «Захад пайшоў на збліжэнне з Лукашэнкам», «Вайна Расеі з NATO з-за Беларусі» – кароткі пералік загалоўкаў у расейскай прэсе напярэдадні візіту дзяржсакратара ЗША Майка Пампэа ў Беларусь. З расейскай званіцы гэта так і выглядае. У вайсковую і палітычную саюзніцу Расеі – Беларусь – едзе кіраўнік дыпламатыі краіны суперніцы Расеі – ЗША – размаўляць пра абмежаванні ўплываў Расеі ў рэгіёне. Публічна Крэмль захоўвае маўчанне, але без наступстваў гэты візіт не пакінуць.

«Рэакцыя, як заўсёды гэта робіць Расея, будзе асіметрычнай. Гэта будзе праяўляцца ў нейкіх іншых пытаннях. Гэта будуць нейкія ці то эканамічныя, ці то палітычныя захады. Спробы шчоўкнуць Беларусь па носе, паказаць ёй сваё месца. Тым больш, што на сёння парадак дня перамоваў Беларусі і Расеі даволі складаны», – падсумоўвае Валер Кавалеўскі.

Цяпер час працуе на карысць Расеі. Крэмль, заняты ўнутраным пытаннем транзіту ўлады, можа чакаць амаль бясконца доўга, пагаршаючы ці паляпшаючы сітуацыю ў Беларусі па жаданні. Менску ж трэба шукаць выхад з існай сітуацыі як мага хутчэй. І візіт высокага амерыканскага госця вельмі дарэчны.

Ігар Кулей, belsat.eu

Фота: Kevin Lamarque / Reuters / Forum

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 31.01.2020

Іншыя тэмы выдання:

  • Андрэй Паротнікаў: «Кандыдатуру амбасадара ЗША ў Беларусі ўжо зацвердзілі»
  • Беларусь пацерпіць ад каронавірусу
  • Уладзіміра Пуціна жудасна білі ў дзяцінстве, а Віктар Пуцін не ягоны брат
  • Чарговая спроба прымірыць Палестыну ды Ізраіль. Каму на руку план Трампа?

 

Стужка навінаў