Нафтавы эмірат Лукашэнкі закончыўся


Група расейскіх нафтавых кампаніяў «Сафмар», што належаць блізкаму сябру Аляксандра Лукашэнкі, расейскаму алігарху Махаілу Гуцэрыеву, абвесціла, што гатовая забяспечыць Беларусь нафтай у поўным аб’ёме і пры гэтым выканаць усе абавязкі што да пастаўках на ўнутрырасейскі рынак. Кампаніі Гуцэрыева здабываюць 18 млн т нафты за год, а адной толькі Беларусі – патрэбныя 24 млн т. Пра цяжкую сітуацыю, у якой апынуліся беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, – у матэрыяле Ігара Кулея.

У Мазыры новай расейскай нафты няма, у Наваполацку – толькі ў нязначных аб’ёмах, бо НПЗ надалей працуе з мінімальнай тэхналагічнай загрузкай. Відавочна, працоўнага тыдня было мала, каб пачаць імпарт нават той невялікай партыі, на якую ўдалося дамовіцца з прыватнымі расейскімі пастаўляльнікамі нафты 4 студзеня.

Прэс-служба «Белнафтахіму» адказала на нашае пытанне пра тое, ці паступае нафта на Мазырскі НПЗ.

«Сёння ніякіх зменаў». – «А на наваполацкім «Нафтане»?» – «Таксама ніякіх зменаў, усё ў тым жа самым рэжыме».

Калі летась увесну здарыўся інцыдэнт з забруджанаю нафтаю, перапрацоўванне ў Беларусі скарацілася на 40 %. Чыноўнікі называлі сітуацыю катастрофай, але сёння тыя аб’ёмы ўспрынялі б за шчасце. І Мазырскі, і Наваполацкі НПЗ працуюць з мінімальнай тэхналагічнай загрузкай, а значыцца, пра аднаўленне экспарту беларускіх нафтапрадуктаў няма і размовы. Калі лічыць паводле паказнікаў не самага лепшага 2019 года, то кожны дзень без экспарту – гэта страта амаль 4 млн руб. для беларускага бюджэту, тыдзень – мінус 26 млн, месяц – страты больш за 100 млн.

ВІДЭА
Галоўная задача Лукашэнкі ў дачыненнях з Захадам у 2020 годзе
2020.01.07 08:05

Каментуе эканаміст Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага Цэнтру Мізэса:

«Бюджэт будзе кампенсаваць тым, што павысяцца кошты на паліва, жыллёва-камунальныя паслугі, кошты на транспарт. Усё падаражэе».

Нават калі нафта пачне паступаць на абодва НПЗ, сітуацыя будзе далёкай ад ідэальнай. Расейскія крыніцы паведамляюць пра агульны аб’ём студзеньскіх кантрактаў на 750 тыс. т, у той час калі для поўнай загрузкі патрэбна 2 млн т на месяц! Метадам простай калькуляцыі атрымліваем толькі траціну ад таго, што нам трэба. Сумнеўна, што пры такіх пастаўках улады дазволяць аднавіць экспарт, бо гэтага будзе хапаць толькі для забеспячэння ўнутранага рынку. Каб ізноў зарабляць на нафце, Беларусі тэрмінова патрэбны іншы кантракт, і кіраўнік Беларусі цвердзіць, што альтэрнатыва расейскай нафце знойдзеная.

Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«Чаму мы да гэтага часу з прэзідэнтам Расеі не дамовіліся аб нафце? Бо Расея хоча, каб мы купілі ў яе нафту па цэнах, вышэйшых за сусветныя. Дзе такое было? Таму я і адмовіўся ад такой нафты і проста заявіў : калі не будзе паставак па сусветнай цане з Расеі, мы знойдзем гэтую нафту ў іншым месцы. Што мы і робім. І знайшлі».

Вось і адказ на тое, ці ёсць надзея на «вялікі» кантракт з Расеяй на нафту. Не зусім зразумела толькі, дзе знайшлі. Ці гаворка вядзецца пра згаданыя вышэй, недастатковыя, 750 тыс. т на студзень, якімі расейскі алігарх Гуцэрыеў ратуе не толькі свайго сябра Лукашэнку, але і ўласна сябе? Бо 42 % акцыяў Мазырскага НПЗ належыць ягонай кампаніі «Славнефть». Ці гаворка пра альтэрнатыўныя пастаўкі праз Латвію ды Украіну? Латвійскія чыноўнікі ад наўпроставага пытання, ці вядуцца перамовы з Беларуссю, ухіляюцца, хаваючыся за агульнымі фармулёўкамі.

ВІДЭА
Сям’я Лукашэнкі страчвае ад інтэграцыі
2020.01.04 10:10

Каментуе Івэта Канцэна з Міністэрства транспарту Латвіі:

«Пытанне супрацы ўжо раней абмяркоўвалася з беларускім бокам. Латышскія прадпрыемствы гатовыя запрапанаваць Беларусі свае паслугі ў перагружванні, захоўванні ды транспартаванні нафты як у партах, так і на чыгунцы».

Але нават калі кантракт будзе падпісаны сёння, каб запусціць паўночны ці паўднёвы маршрут, патрэбны не адзін месяц. Аб’ёмы паставак будуць непараўнальныя з расейскімі, а кошт адной тоны будзе даражэйшы. Продаж нафтапрадуктаў – гэта 25 % ад усяго беларускага экспарту, вельмі балючая страта. Але хуткае вырашэнне справы ударыць яшчэ мацней.

Працягвае Яраслаў Раманчук:

«Быў нафтавы эмірат, але тыя часы скончыліся. Умовай да вяртання гэтага статусу ёсць падпісанне 31 дарожнай мапы. А гэта ліквідацыя, дэ-факта, суверэнітэту нашай краіны. Таму бюджэт трэба разлічваць не па схеме «што б было, калі б мы мелі гэтыя грошы», а трэба лічыць бюджэт незалежнай краіны. А тое, што атрымоўваем за энерганосьбіты, выносіць за скобкі».

Калі б нафтавая блакада з боку Расеі напаткала Беларусь упершыню, можна было б паспачуваць нашым чыноўнікам ды пазычыць ім сілаў і ўдачы ў развязанні канфлікту. Але адная і тая ж праблема паўтараецца каторы раз. І здаецца, ніхто не робіць ніякіх высноваў.

ВІДЭА
Лукашэнка не пагодзіцца на ўсе ўмовы Крамля
2019.12.28 09:05

Каментуе Валерыя Касцюгова, палітолаг, аналітычны праект «Наше мнение»:

«Гэты рэжым катастрофы, у якім жыве краіна кожныя два гады, выгадны ўладам. Гэта крыніца грошай для эканомікі. Але нават калі нясем страты, як, напрыклад, падчас мінулага канфлікту, гэта ніяк не змяняе пазіцыяў перамоўнікаў і не абвальвае аўтарытэту Лукашэнкі. Наадварот, аўтарытэт Лукашэнкі ўмацаваўся. Ён выглядае такім героем, які здольны нешта адабраць у расейскіх капіталістаў для сваёй краіны».

Але ці так проста будзе падмануць беларусаў, якія даўно перасталі адчуваць рост свайго дабрабыту? Адказ можна было б атрымаць у сацыялагічным апытанні, але зрабіць гэта легальна ў Беларусі амаль немагчыма. Другі варыянт – паглядзець на вынікі сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў, але і там лічбы даўно адарваліся ад рэальнасці ды ні аб чым не сведчаць.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 10.01.2020

Іншыя тэмы выдання:

Ігар Кулей, belsat.eu

Стужка навінаў