Генацыд армянаў пасварыў ЗША з Турцыяй. Эрдаган выйдзе з NATO?


Лідар Турцыі прыгразіў закрыць свае стратэгічныя вайсковыя базы для арміі ЗША, калі ў Штатах набярэ абароты рух за прызнанне генацыду армянаў. Адносіны паміж краінамі сапсаваліся пасля ўварвання Турцыі на курдскія тэрыторыі ў Сірыі і рашэння Эрдагана купіць у Расеі зенітныя ракетныя комплексы С-400. Але менавіта гістарычнае пытанне прымусіла Анкару разважаць пра мэтазгоднасць удзелу ў NATO.

Ужо некалькі разоў Турцыя абмяжоўвала саюзнікам з NATO доступ да стратэгічнай базы Інджырлік, якая месціцца непадалёк мяжы з Сірыяй.

Тыгран Хзмальян, старшыня Еўрапейскай партыі Арменіі:

«Адной з асаблівасцяў гэтай базы было тое, што і ў 1960-я, і напрыканцы 1970-х зноў там захоўваўся стратэгічны запас атамных бомбаў. Паводле некаторых звестак ЗША, у апошнія некалькі дзён спешна эвакуявалі каля 40 або 50 вадародных бомбаў з Інджырліку».

Згодна з неафіцыйнай пакуль інфармацыяй, ядравыя боегалоўкі перакінулі на базы ў Нямеччыне ды Іспаніі, пазбавіўшы Турцыю яе былой стратэгічнай ролі – ядравага стрымлівання спачатку СССР, потым Расеі. У будучыні NATO разглядае Грэцыю або Грузію ў якасці кандыдатаў на захоўванне бомбаў.

Гэтак Паўночнаатлантычны альянс адрэагаваў на пагрозы свайго чальца – Турцыі – выгнаць амерыканскія войскі з яе тэрыторыі.

ВІДЭА
Тыгран Хзмальян: Арменія ў сваёй краіне – нахлебніца
2019.11.03 08:45

Таіп Эрдаган, прэзідэнт Турцыі:

«Мы зачынім базу Інджырлік у выпадку неабходнасці. Мы таксама зачынім Кюрэджык, калі гэта будзе неабходна. Калі санкцыі будуць уведзеныя, мы дамо ім неабходны адказ у рамках правіла ўзаемнасці».

Гаворачы пра ўзаемнасці, турэцкі лідар мае на ўвазе магчымыя санкцыі ЗША за тое, што Турцыя купіла ў Расеі зенітныя ракетныя комплексы С-400, і свежую рэзалюцыю Сенату ЗША, якая закранула балючую тэму.

Пасля Кангрэсу Сенат ЗША аднагалосна прызнаў генацыдам забойства армянаў-хрысціянаў у 1915 г. уладамі Асманскай імперыі на падкантрольных ёй тэрыторыях. Адзін з аўтараў рэзалюцыі Сенату не стрымаў слёз.

Боб Мэнэндэз, сенатар-дэмакрат, ЗША:

«Я ўдзячны за тое, што гэтая рэзалюцыя была прынятая ў той час, калі яны ўсцяж перажываюць генацыд… і змогуць убачыць, што Сенат прызнае, праз што яны прайшлі».

Турцыя, спадчынніца Асманскай імперыі, адмаўляе, што імперыя праводзіла свядомую кампанію для знішчэння армянаў. Хоць нават у Турцыі частка гісторыкаў даказвае гэты факт.

Згодна з шэрагам даследаванняў турэцкія сілы крыху больш за стагоддзе таму, падчас Першай сусветнай вайны, знішчылі 1,5 млн армянаў. ЗША былі 34-й краінай, што асудзілі гэтае злачынства. Чаму цяпер?

Праекты рэзалюцыяў, прынятыя спачатку Кангрэсам, а потым Сенатам ЗША, гадамі пыліліся ў канцылярыях.

Рубэн Мэграбʼян, адмыслоўца Армянскага інстытуту міжнародных справаў і бяспекі:

«Гэта інструмент, які ЗША выкарыстоўваюць, каб змяніць палітычныя паводзіны Турцыі. Вядома, у любым выпадку мы застаемся ўдзячнымі ЗША за гэта».

Але засталося адкрытым дыпламатычнае пытанне: ці заявіць прэзідэнт Трамп пра прызнанне генацыду армянаў? Чатыры гады таму ў Бундэстагу падобную рэзалюцыю прынялі ў адсутнасць канцлера Ангелы Мэркель. Цяпер урад Турцыі перасцерагае ЗША ад далейшай дыскусіі вакол гістарычнага пытання.

Конрад Заштаўт, выкладчык кафедры еўрапейскага ісламу, Варшаўскі ўніверсітэт:

«Але пра выхад Турцыі з NATO гаворкі не ідзе. Альянс – ключавы элемент для бяспекі Турцыі. Безумоўна, Анкара не задаволеная, што Альянс не дапамог ёй у сірыйскім канфлікце, канфлікце з курдамі».

ВІДЭА
NATO – карта Лукашэнкі ў покеры з Пуціным?
2019.12.10 13:55

Не дапамог, бо галоўная задача NATO – ахова тэрыторыяў краін-удзельніц, а не аперацыі ў «трэціх» дзяржавах, якой ёсць Сірыя.

«Турцыя пазіцыянуе сябе ўсё больш ісламскай краінай і ўсё менш свецкай дзяржавай – чальцом NATO. Яна стварае ўсё больш праблемаў для Заходняга блоку», – сцвярджае Тыгран Хзмальян.

Пазіцыя Кангрэсу і Сенату ЗША ў армянскім пытанні – сведчанне незадаволенасці Вашынгтону. Хоць, парадаксальна для аналітыкаў, асабістыя адносіны Эрдагана і Трампа застаюцца сяброўскімі. Ці не таму, што пазіцыя парламенту ЗША не заўсёды супадае з пазіцыяй прэзідэнта?

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 20.12.2019

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў