Міліцыя супраць Лукашэнкі. NEXTA на «Белсаце»


Мы не супраць, толькі ЗА… Сінявокую, якая паднялася на адну прыступку ў рэйтынгу найбольш уплывовых краінаў свету і «зрабіла» усіх суседак! «Суб’ектыўна», але лагічна праляцім па цікавостках тыдня.

Вышэй за Украіну, Польшчу, Латвію і Літву. Беларусь узнялася на 35-е з 80 месцаў у рэйтынгу найбольш уплывовых краінаў свету, паводле BAV Group и Wharton School. Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў Аўстрыі хваліўся:

«Я хацеў бы, каб вы назвалі хоць адную краіну ў Еўразвязе, якая можа пахваліцца гэтымі дасягненнямі».

І тут жа абвал: 73-е месца з 80 у рэйтынгу найлепшых краінаў паводле U.S. News & World Report. «Вы проста не знаёмыя з нашаю рэчаіснасцю» – можа адказаць даследнікам «бацька». Што да чаго з гэтымі рэйтынгамі – тлумачыць палітолаг Сяргей Нікалюк.

Каб лепшым быць ды быць ва ўплывовых рэйтынгах, трэба быць плацежаздольным! Каб 2020-ты без расейскіх кампенсацыяў і субсідыяў не быў годам зусім ужо ГОЛАЙ праўды, узялі ў Кітаю $ 500 млн, хоць ад наступнай пяцігодкі планавалі жыць на свае. У жніўні 2015-га Лукашэнка кляўся:

«Мы за 5 гадоў вырашым праблему даўгоў. І на працягу 5 гадоў мы плануем, разлічыўшыся па даўгах, ніколі не пазычаць».

Калі пра рэйтынгі і пра Кітай, то мы ў ТОП трапілі… у ТОП-30 найбуйнейшых даўжнікоў Паднябеснай. Гэта пазыка ў аб’ёме больш чым 10 % ВУП!

З хуткасцю вяртання ўкладзенага рубля справы не надта добрыя. З хуткасцю агулам праблема. Тыя ж 5 гадоў таму кіраўнік прасіў «прыспешыць» рух на кальцавых да 120 кіламетраў на гадзіну… Час спытаць:

«Недапушчальна, каб не выконваліся даручэнні прэзідэнта. Уздыміце мае просьбы па першай кальцавой дарозе – першай і другой, і праверце, ці іх выканалі. Там, дзе я перасоўваюся – выкананыя».

Бо не вас, шаноўны, даішнікам даіць! Кіраўнік краіны, кажучы пра магутнасць тэставанага ім электрамабілю Тэсла, захапляўся: «Стартуе як касмічны карабель ці яшчэ хутчэй». Дай усім гэтак стартаваць – не будзе з каго збіраць штрафы за перавышэнне, а гэта – планавая лічба, закладзеная ў бюджэт!

Сямʼя Лукашэнкаў агулам «ЗА» хуткасць, спрытнасць і перамогі!

«Пераемнасць пакаленняў – залог пераможных традыцыяў», – вяшчаў Дзмітрый, сярэдні сын Аляксандра Рыгоравіча, на цырымоніі ўручэння стыпендыяў Прэзідэнцкага спартовага клубу. Узнагароду атрымаў і сам за «Алімпізм у дзеянні» ад нікога іншага, як ад свайго старэйшага брата Віктара.

Юлія Цяльпук, Сцяпан Святлоў belsat.eu

Калаж з фота: Vasily Fedosenko, Reuters / x99, Zuma Press / Forum