Класкоўскі пра заяўку Лябедзькі: У апазіцыі пачынаецца «бой за індзейцаў»


«Сюрпрыз «падклала» АГП, якая фактычна прадублявала заяўку Шумчанкі і Статкевіча 14 сакавіка. Прычым матывацыя спадара Лябедзькі такая: мы хочам вам дапамагчы, маўляў узмацніць. Але насамрэч, сапраўды, выглядае на тое, што гэта мядзведжая паслуга. Тыя ж гарадскія ўлады могуць сказаць: «Бачыце, вы між сабой не дамовіліся, заяўкі дублююць адна другую». І могуць абедзве скасаваць», – заявіў Аляксандр Класкоўскі.

На ягоную думку, Абʼяднаная грамадзянская партыя з пункту гледжання этыкі магла б як мінімум перамовіцца наконт сваёй заяўкі з тымі, хто яе падаў раней. Увогуле ж праблемы ў беларускай апазіцыі значна глыбейшыя, лічыць Аляксандр Класкоўскі.

«Баюся, што гэта першы сімптом бойкі. Бо ведаеце, ёсць такі стары жарт у беларускай апазіцыі, што ў ёй шмат правадыроў, а мала індзейцаў. Дык вось выглядае на тое, што пачынаецца бой вось за гэтых «індзейцаў». Выбачаюся за ўжыванне такога тэрміну, але з песні словаў не выкінеш. У ролі гэтых «індзейцаў» апынуліся прадпрымальнікі. Бо доўгі час быў поўны палітычны штыль, фактычна пасля таго, як улады разграмілі Плошчу 2010 года, прайшоўшыся асфальтавым катком рэпрэсіяў па палітычнай апазіцыі, па трэцім сектары, па незалежных медыях. У грамадстве быў страх, у 2015-м годзе на выбарах апазіцыя нават не заікалася пра тое, каб зладзіць Плошчу. Раптам гэты стыхійны пратэсты прадпрымальнікаў. Відавочна, што розныя палітычныя сілы, розныя палітычныя лідары спрабуюць яго асядлаць», – адзначыў палітычны аглядальнік.