Страляюць каля беларускай мяжы – шыбы бразджаць


Аляксандру Лукашэнку не дае спакою прысутнасць амерыканцаў у Літве. На гэтым тыдні кіраўнік Беларусі зрабіў папярэджанне, што вайсковыя вучэнні могуць уяўляць небяспеку для АЭС у Астраўцы, якая месціцца за 50 км ад палігону ў мястэчку Пабрадзе (па-беларуску Падброддзе). Пра тое, як станцыя стала не толькі гаспадарчым, але і палітычным і вайсковым інструментам Беларусі, – распавядзе Дзяніс Дзюба.

Перакінутыя морам і паветрам жаўнеры з Тэхасу распачалі актыўныя вучэнні практычна на самай беларускай мяжы. Мы наведалі мястэчка Пабрадзе ў Літве – і знайшлі там і прыхільнікаў, і праціўнікаў гасцей з-за акіяну, якія правядуць тут паўгода.

Гавораць жыхары г. Пабрадзе і ваколіцаў (Літва):

«Не разумею, каго яны збіраюцца напужаць гэтым вучэннямі. Нішчаць толькі лес».

«Калі страляюць каля беларускай мяжы – шыбы бразджаць. У маім доме асабіста шыбы бразджаць».

«Танкамі ездзяць па дарогах, асфальт псуюць».

«Замінаюць спаць – страляюць. (Я не з гэтага гораду ўвогуле, я са Свянцянаў, але там таксама чутно)».

«Маглі б зрабіць аб’язныя дарогі для танкаў. Людзі спазняюцца на працу, дзеці ў школу. Гэта адзіны мінус».

Сярод плюсаў тыя самыя людзі называлі прыток кліентаў для мясцовага малага бізнесу і пачуццё бяспекі, якое краіне дае супраца са Штатамі.

Працягваюць жыхары г. Пабрадзе і ваколіцаў:

«Яны закупаюцца тут у крамах, абедаюць. Людзі як людзі».

«Прыходзяць да нас кожны дзень, любяць нашыя піцы. Яны не першы год да нас прыязджаюць – кожны год. Мы нават маем меню па-англійску адмыслова для іх».

«Няхай трэнуюцца, абараняюць Літву».

«Малайцы! Няхай яшчэ болей NATO прыедзе».

«Мы адчуваем, што мы ў бяспецы. Усё выдатна».

Па наш бок мяжы адчування бяспекі менее прыкладна напалову.

Гавораць жыхары г. Астравец (Беларусь):

«Вядома, непакоіць. А вас бы непакоіла, калі б у вашай хаце нешта рабілася? А Беларусь – нашая хата!»

«Для мяне ніякай ролі не грае. Няхай трэнуюцца, вучацца».

«Мне гэта не падабаецца. Гэта дэманстрацыя сілы – ні больш ні менш».

«Нічога не адчуваем – ёсць там вучэнні ці іх няма. У нас усё нармальна».

Чым далей ад мяжы, тым неспакою больш. Найбольшая канцэнтрацыя – у сядзібе кіраўніка Беларусі. З прамовамі пра амерыканцаў Лукашэнка рэгулярна выступае ўжо некалькі тыдняў. У апошняй заяве – пра «бранятанкавы кулак на нашай мяжы» – Лукашэнка пахваліў беларускіх выведнікаў, якія працуюць у Літве, нягледзячы на тое, што ўсе звесткі аб вучэннях NATO – не таямніца.

Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе з сілавікамі:

«Нашая выведка гэта фіксуе, малайцы!»

У словах кіраўніка Беларусі былі яшчэ два аспекты, якія варта патлумачыць. Па-першае, Лукашэнка звязаў амерыканскія вучэнні з небяспекай Астравецкай АЭС і магчымым «другім Чарнобылем» у Еўропе.

Аляксандр Лукашэнка:

«Я думаю, літоўцы разумеюць, што калі здарыцца пазаштатная сітуацыя на атамнай станцыі, мала не падасца ані нам, ані ім».

У Сейме Літвы рэакцыі Лукашэнкі здзівіліся. Там даўно маюць вялікія сумневы што да бяспекі – або небяспекі – беларускай АЭС, але звязваюць яе не з вучэннямі.

Габрыелюс Ландсбергіс, старшыня партыі «Звяз Бацькаўшчыны – Літоўскія хрысціянскія дэмакраты»:

«Я спадзяюся, што ён не намякае, што можа выкарыстаць Астравец як сродак запалохвання. То бок – і гэта мог бы дапусціць толькі шалёны чалавек, – што такім чынам ён можа зрабіць нешта са станцыяй з мэтай запалохаць натаўскія або літоўскія войскі ад правядзення вучэнняў у Літве».

Стаць небяспечнай АЭС зможа ўжо ў снежні, калі туды завязуць першае ядравае паліва. На думку экспертаў, Лукашэнка не мае намеру выкарыстоўваць АЭС як зброю: напярэдадні яе запуску ён сігналізуе еўрапейцам, што з Беларуссю варта лічыцца зусім інакш, чымся, напрыклад, сем гадоў таму, калі шведскія лётчыкі, незаўважаныя беларускай супрацьпаветранай абаронаю, раскідалі над Івянцом цацачных мядзведзяў.

Андрэй Паротнікаў, «Belarus Security Blog»:

«А зараз уявім, што такі самалёт ляціць у кірунку Астравецкай АЭС, і пілатуе яго цяжарная грамадзянка заходнееўрапейскай краіны. Беларускі бок вымушаны знішчаць такую тэхніку. Гэта, безумоўна, выклікае палітычны крызіс. І Лукашэнка [цяпер] так бы мовіць папярэджвае, што, хлопцы, давайце паважаць і не правакаваць нейкія негатыўныя наступствы. То бок гэта хутчэй праца на папярэджанне, а не нейкая пагроза».

Жыхары самога Астраўца, з аднаго боку, часткова пагаджаюцца з Лукашэнкам – і здзіўляюцца выбару літоўцамі месца для манеўраў. Другія прыгадваюць колішнія запэўніванні ўладаў аб надзейнай бяспецы станцыі. Трэція гавораць пра невыпадковасць абранай пад будаўніцтва станцыі пляцоўкі.

Жыхар Астраўца:

«Пабрадзе блізка зусім. Калі была Ігналіна, у нас ніякіх вучэнняў не было».

Іван Крук, праваабаронца, жыхар Астраўца:

«Падаецца, [станцыя] надзейная: [яна ахоўваецца, а] нават калі на яе ўпадзе самалёт – ніякіх наступстваў не будзе».

Мікалай Уласевіч, жыхар Варнянаў, ініцыятар кампаніі «Астравецкая АЭС – гэта злачынства»:

«Пра геаграфічнае становішча, месца, абранае для будаўніцтва АЭС, дакладна можна казаць як пра элемент шантажу».

Летась вакол станцыі пачалі стварацца вайсковыя часткі. Гэтак, неба над АЭС ахоўвае цяпер зенітны полк, узброены комплексамі «Тор».

«Тут за кіламетры 3–4 размясцілі вайсковую частку з ракетнымі прыстасаваннямі. Ёсць вайсковая частка, якая прымыкае непасрэдна да АЭС. У гэтым рэгіёне складваецца моцны апорны пункт», – працягвае Мікалай Уласевіч.

Прысутнасць у Астравецкім раёне вайскоўцаў разам з жорсткаю рыторыкаю Лукашэнкі пакрысе змяняе стаўленне некаторых астраўчанаў да Літвы. Вось, напрыклад, як ёміста адрэагавала адна з жыхарак гораду на развіццё падзеяў вакол вучэнняў ЗША.

Жыхарка Астраўца:

«Калі не прыбяруць – атрымаюць».

Спадарыня перасягнула нават кіраўніка Беларусі, які ў сваіх развагах пра абарону АЭС дайшоў толькі да абароны ўсёй краіны як такой.

Аляксандр Лукашэнка:

«Мы будзем арыентавацца на тое, што нанясем праціўніку непапраўную страту».

У адным сказе – сэнс ваеннай дактрыны нашай краіны, якую атачаюць больш моцныя суседзі.

«На практыцы гэта, безумоўна, дзейнасць сілаў спецыяльных аперацыяў на тэрыторыі праціўніка – то бок знішчэнне і вайскова-палітычнага кіраўніцтва, і аб’ектаў крытычнай інфраструктуры. І хачу нагадаць, што тры гады таму ў нас з’явілася новая зброя далёкай рукі – ракетныя комплексы «Паланэз», якія фактычна ёсць аператыўна-тактычнымі комплексамі высокай дакладнасці», – кажа Андрэй Паротнікаў.

З высокай дакладнасцю эксперты сцвярджаюць цяпер толькі тое, што сваю гучную заяву Аляксандр Лукашэнка скіраваў не літоўцам, а Крамлю, каб атрымаць нешта карыснае ўзамен за абяцанні быць ваенным саюзнікам. Пуцін усё зразумеў – і Лукашэнку не адказаў. Цяпер з такімі картамі кіраўніку Беларусі застаецца толькі рабіць вясёлую міну.

Андрэй Паротнікаў:

«Раней ягоныя выказванні былі больш жорсткімі: маўляў, мы гатовыя адказаць на перакідванне амерыканскага вайсковага батальёну ў Літву, але, як вынікае цяпер, ніякага ўцямнага адказу не будзе акрамя вербальнага».

У Вільні, падаецца, таксама здагадваюцца пра сапраўднага адрасата заявы Лукашэнкі – і не адказваюць на словы беларускага кіраўніка.

Лаўрынас Касчунас, камітэт бяспекі і абароны ў Сейме Літвы:

«Рыторыка Лукашэнкі мяняецца і залежыць ад нейкіх цыклаў, ад нейкіх пагадненняў. А вось Астравецкая АЭС і далей будзе ўплываць на нашыя дачыненні».

Амерыканцы праз паўгода з’едуць, літоўцы застануцца. А прасякаць акно ў Еўропу: пра якое заяўляе Лукашэнка, нашмат зручней праз гэтую краіну.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 01.11.2019

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў