«Amnesty International»: улады Беларусі пераследуюць журналістаў «Белсату»


Прававыя нормы, якія абмяжоўваюць свабоду слова, сходаў і саюзаў, пераслед журналістаў, праваабаронцаў і прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў у галіне правоў чалавека – гэткія абвінавачанні супраць уладаў Беларусі змяшчае новая справаздача «Amnesty International».

«У кастрычніку прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка з камфортам выйграў пятыя прэзідэнцкія выбары на фоне кантраляваных дзяржаўных СМІ і прыгнёту ды рэпрэсіяў супраць палітычных апанентаў. Міжнародныя перамовы па Украіне, якія адбыліся ў Менску, дапамаглі палепшыць адносіны Беларусі і ЕЗ. Нацыянальная валюта страціла ў адносінах да долара 50 % ад сваёй каштоўнасці, а скарачэнне эканомікі прагназуецца на ўзроўні 4 %»- гаворыцца ў новым штогадовым дакладзе арганізацыі.

Аўтары нагадваюць, што ў Беларусі дагэтуль выкарыстоўваецца смяротнае пакаранне, і згадваюць пра два прысуды, паводле якіх летась да найвышэйшай кары прыгаварылі двух чалавек. Важнае месца ў справаздачы займаюць палітвязні – гэтым разам у кантэксце іхнага вызвалення.

«Тым не менш, іх не апраўдалі, і іх саміх вельмі абмяжоўваюць, у тым ліку «прафілактычным нагляд», – гаворыцца ў дакуменце.

Таму ў прэзідэнцкіх выбарах не мог браць удзелу Мікалай Статкевіч, які пасля вызвалення цягам наступных васьмі гадоў мусіць адзначацца ў міліцыі.

Летась «строга абмежавана» была і свабода слова. Сродкі масавай інфармацыі знаходзяцца пад кантролем дзяржавы, а незалежныя сродкі масавай інфармацыі і журналісты падвяргаюцца ганенням. Адной з формаў рэпрэсіяў зʼяўляецца рэгулярнае адмова ў акрэдытацыі фрылансераў-журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ ды вялікія штрафы для тых, хто працуе без акрэдытацыі.

У якасці прыкладу, Amnesty International прыводзіць прыклад гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага, які здымае для «Белсату» і шмат разоў быў асуджаны да штрафаў.

Іншымі формамі абмежавання свабоды сродкаў масавай інфармацыі зʼяўляецца «невыразна сфармуляваная» папраўка да закона аб СМІ, які дазваляе блакаваць сайты без судовага рашэння. Гэтая папраўка дазволіла заблакаваць старонкі праваабарончай арганізацыі «Вясна» ды інфармацыйных парталаў «Хартыяʼ97», «Беларускі Партызан», БелаПАН, «Беларускія Навіны».

АІ таксама рэзка раскрытыкаваў закон аб масавых імпрэзах, паводле якога любая форма грамадскага пратэсту, што ажыццяўляецца без папярэдняга дазволу з боку ўладаў, незаконная. Арганізатары і ўдзельнікі такіх пратэстаў караюцца буйнымі штрафамі, а за палітычную дзейнасць ад імя арганізацыі, якая не зарэгістраваная ў Беларусі, пагражае крымінальная адказнасць.

У дакладзе таксама згадваюцца факты пераследу беларускіх праваабаронцаў і «пастаяннай дыскрымінацыі прадстаўнікоў ЛГБТ», якія таксама зазнаюць запалохванне ды гвалт.

ЦГ, ДР, belsat.eu

Стужка навінаў