Байцы тактычнай групы «Беларусь» папрасілі ўлады Украіны быць абʼектыўнымі ў разглядзе справы Васіля Парфянкова


Беларускія ваяры, якія змагаюцца за незалежнасць Украіны, назвалі падзеі 20 лютага непрыемным здарэннем.

Адначасова з тым байцы падкрэсліваюць, што адчуваюць адказнасць за кожнага земляка, які бароніць незалежнасць Украіны на фронце.

На сваім акаунце ў «Facebook» удзельнікі тактычнай групы «Беларусь» размясцілі зварот да ўкраінскіх праваахоўных органаў, у якім яны просяць улічыць усе абставіны пагромаў, і звярнуць увагу на тое, што людзі пасля вяртання з фронту (як Васіль Парфянкоў – заўвага belsat.eu) пэўны час бачаць свет і падзеі ў чорна-белых колерах.

«Падзеі 20 лютага ў Кіеве сталі для нас, чальцоў «Тактычнай групы Беларусь» непрыемным здарэннем. У той час калі частка беларусаў аддавала пашану Героям нябеснай сотні, былі і тыя, што не змаглі стрымаць сваіх эмоцый.

У сувязі з гэтым лічым сваім абавязкам заявіць: мы змагаемся за будучыню Украіны як прававой дзяржавы, дзе няма месца свавольству і палітычным правакацыям. Пры гэтым хочам падкрэсліць, што нашыя землякі, якія былі заўважаны як удзельнікі правапарушэння – франтавікі. Якія на справе давялі сваю ахвярнасць у барацьбе за Украіну.

Мы ведаем, што любы чалавек пасля вяртання з фронту пэўны час бачыць свет і падзеі ў чорна-белых колерах. «Тактычная група Беларусь» адчувае сябе адказнай за кожнага земляка, які бароніць незалежнасць Украіны на фронце.

Звяртаемся да ўладаў і праваахоўных органаў Украіны з просьбай улічыць усе абставіны і быць абʼектыўнымі ў разглядзе падзеяў 20 лютага ў Кіеве».

На мінулых выходных добраахвотнікі атраду «Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў», у які ўступіў былы палітвязень Васіль Парфянкоў, «пабілі» офіс Рыната Ахметава, разграмілі офіс расейскага «Альфа-банку» і паразбівалі вітрыны ў офісе «Сбербанку Расеі». Відэа інцыдэнту трапіла ў інтэрнэт.

Васіль Парфянкоў – пакуль адзіны, каго затрымалі ў сувязі з пагромамі. Нядаўна беларускі экс-палітвязень атрымаў украінскае грамадзянства.

Суд над ім адбудзецца заўтра ў Шаўчэнкаўскім судзе Кіева. Яму пагражае да чатырох гадоў турмы.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў