Цягам мінулых сутак у інтэрнэце з’явілася відэа, на якім бачна, як беларус Васіль Парфянкоў, які нядаўна атрымаў украінскае грамадзянства, бярэ ўдзел у пагроме аддзялення «Альфа-банку» ў Кіеве.
На кадрах відаць, як людзі ў вайсковай форме і масках б’юць шкло ды ламаюць мэблю. Адзін з удзельнікаў разбурэння, падобны да Парфянкова, б’е металічным дротам у гаршчок з пальмаю, а пасля дабівае яе нагою.
Васіль Парфянкоў – баец Добраахвотніцкага корпусу АУН («Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў»).
Ягоны камандзір Мікола Каханіўскі распавёў «Свабодзе», што падпаліць установы, звязаныя з расейскімі банкамі, калі беларуса не выпусцяць на волю.
«Васіль не зрабіў ніякага разбою, ён дзейнічаў паводле ўказання свайго камандзіра, гэта значыць мяне. Я ўзяў на сябе адказнасць за гэтую акцыю».
АУН публічна абвясціў у Кіеве акцыю па знішчэнні расейскага бізнесу.
Паводле Каханіўскага, згодна з планам байцы ягонага атраду «пабілі» офіс Рыната Ахметава, разграмілі офіс расейскага «Альфа-банка» і пабілі вітрыны ў офісе «Сбербанку Расеі».
«Гэткім спосабам мы абвясцілі пратэст супраць гэтых устаноў, якія зарабляюць грошы на крыві ўкраінцаў. Атрымліваецца, што мы ваюем з Расеяй, а Расея ў нас тут зарабляе грошы. Гэта недапушчальна. Мы афіцыйна абвяшчалі пра гэтую акцыю і выканалі тое, пра што сказалі. Васіль быў актыўным удзельнікам акцыі. Учора яго арыштавалі. Мы, Добраахвотніцкі корпус АУН, будзем за яго змагацца. Я раблю заяву, якая сёння будзе распаўсюджаная. Мы працягнем барацьбу за свайго пабраціма. І мы абавязкова яго вызвалім».
Васіль Парфянкоў – адзіны, каго затрымалі ў сувязі з пагромамі. Яму пагражае да чатырох гадоў турмы.
ДР, belsat.eu