Беларусь заробіць на руінах сірыйскай вайны


Вайна ў Сірыі трывае з 2011 года, але планы аднаўлення некалі адной з самых заможных краінаў Блізкага Усходу ўсё часцей гучаць на найвышэйшым узроўні. І шэраг аналітыкаў нават прагназуюць: Менск і Масква ў перспектыве могуць пачаць канкураваць на сірыйскім рынку. Аб бізнес-планах на фоне вайны Аркадзь Несцярэнка.

На мінулым тыдні сірыйскі канфлікт адзначыўся трохбаковым самітам у Анкары. У ім узялі ўдзел лідары Турцыі, Ірану і Расеі, якія абвесцілі аб стварэнні камітэту для распрацоўвання новай сірыйскай канстытуцыі.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў:

«На сённяшняй сустрэчы мы абмяркуем перш за ўсё Ідліб, палітычны прагрэс і пытанне сірыйскіх уцекачоў».

Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Расеі:

«Мы абмяркуем галоўныя пытанні развязання крызісу ў Сірыі, старт міжсірыйскага палітычнага працэсу, дапамогу сірыйцам у аднаўленні эканомікі ды сацыяльнай сферы».

Шэраг назіральнікаў, у прыватнасці, журналісты «Аль-Джазіры», адзначылі, што саміт у Анкары прайшоў на карысць Масквы, якая ў палітычных пытаннях дамінуе ў перамоўным працэсе. Але акурат расейскія эксперты не зусім згодныя з такімі ацэнкамі. Паводле арабіста з Масквы, палітолага Аляксея Малашэнкі, падобныя перамовы могуць працягвацца бясконца. Але што важна, паралельна з гэтым ужо цяпер абмяркоўваюцца сцэнары паваеннага аднаўлення Сірыі.

Гаворыць Аляксей Малашэнка, палітолаг, арабіст, Масква:

«Калі гаворка ідзе аб актыўным удзеле ў эканамічнай прасторы Сірыі, ёсць два падыходы: расейскі – давайце зараз будзем пачынаць, і еўрапейскі – давайце спачатку завершым вайну. Я б нават не стаў казаць, які падыход лепшы. Бо трэба пачынаць як мага хутчэй, але з іншага боку – як можна пачынаць, калі там працягваецца вайна і не вядома, чым усё скончыцца».

На пачатку верасня ў сталіцы Сірыі Дамаску прайшла 61-я міжнародная выстава, у якой узялі ўдзел 16 беларускіх кампаніяў, гэта ўсяго на некалькі кампаніяў менш, чым прывезлі на кірмаш расейцы. Менавіта дзякуючы Расеі Менск можа ўвайсці на рынак аднаўлення пасляваеннай Сірыі.

Каментуе Ілля Куса, арабіст, Украінскі інстытут будучыні, Кіеў:

«Расея больш сканцэнтраваная на стратэгічных кірунках, якія яны лічаць важнымі. Гэта вайсковыя, ракетныя праграмы, экспарт сваёй зброі, тэхнікі, арэнда партоў і г. д. У сельскую гаспадарку, фармацэўтыку, медыцыну яны не лезуць. Таму беларусы пачуваюцца вольна на гэтых рынках. Пакуль што».

Сярод кампаніяў, якія Менск прэзентаваў на выставе ў Дамаску і якія могуць заняцца аднаўленнем мясцовай інфраструктуры, напрыклад, «Sohra», традыцыйны экспарцёр айчыннага машынабудавання. Беларусь заходзіць на рынак са сваім, так бы мовіць, класічным пакетам, абмінаючы рынак зброі, каб не трапіць пад новыя санкцыі.

Гаворыць Ягор Лебядок, вайсковы аглядальнік, Менск:

«Рынак вельмі перспектыўны. Сітуацыя пакрысе рэгулюецца, аднаўляць каласальныя пашкоджанні ўсёй інфраструктуры трэба. І рынак вельмі сур’ёзны, у тым ліку і ў такіх класічных для нас кірунках, як аўтамабільная тэхніка, медыкаменты, харчы».

Пры гэтым сумы цяперашніх кантрактаў невялікія. З іншага боку, з-за высокіх рызыкаў далёка не кожны гатовы ўвогуле заходзіць на сірыйскі рынак, і гэта дадатковыя магчымасці для беларускіх вытворцаў.

Каментуе Яўген Красулін:

«Лічба 40 млн долараў, я лічу, на бліжэйшы час рэальная. Гэта значна больш, чым было ў 2017 годзе».

Апроч рызыкі ёсць і пэўны лайфхак, якім могуць скарыстацца бізнесоўцы. Праз Сірыю можна трапіць на суседні ліванскі рынак і гэтак падвоіць уласны экспарт, раіць аналітык Ілля Куса.

Дадае Ілля Куса з Кіева:

«Абʼём рынку не вялікі, Ліван маленькая краіна, рынак памерам 100–200 млн долараў. Але дадаткова можна туды збываць свае тавары. Умоўна кажучы, экспарт, які ідзе ў Сірыю, можна падвоіць коштам Лівану. І беларусы ўжо гэта робяць – у прыватнасці, экспартуючы цяжкую машынную тэхніку ў Ліван праз сірыйскую кампанію «Саккаль», якая мае сувязі з ліванскім урадам».

Кошт паваеннага аднаўлення Сірыі эксперты ацэньваюць у калідоры ад 200 да 400 млрд долараў. Расея дэкларуе, што гатовая ўкласці ў аднаўленне інфраструктуры краіны да 850 млн долараў. І беларускія кампаніі на сірыйскім рынку пакуль што не канкуруюць, а хутчэй дапаўняюць расейцаў, займаючы нестратэгічныя сектары мясцовага рынку, куды ў расейцаў папросту не даходзяць рукі.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 20.09.2019

Іншыя тэмы выдання:

 

Стужка навінаў