Андрэй Суздальцаў: План інтэграцыі гатовы


Інтэграцыя глыбейшая, чымся ў Аб’яднанай Еўропе, практычна канфедэрацыя – гэтак аўтарытэтнае расейскае выданне «Коммерсантъ» каментуе вытрымкі з праграмы эканамічнае інтэграцыі Менску з Масквою. Беларускі бок кажа, што ўсё зусім не так, але як насамрэч – сказаць не могуць. У магчымых сцэнарах інтэграцыі разбіраўся Усевалад Шлыкаў.

Тое, чаго не маглі зрабіць цягам амаль чвэрці стагоддзя, вырашылі ўсяго за некалькі месяцаў? Усё так, як кажа выданне «Коммерсантъ»: з 2021 г. будзе абʼяднанне, прынамсі эканамічнае?

Каментуе Юрый Джыбладзэ з Цэнтру развіцця дэмакратыі і правоў чалавека ў Расеі:

«Гэта ўсё выглядае, як даволі нечаканы такі прарыў з гледзішча тых, хто падтрымлівае глыбокую інтэграцыю. Гэтае збліжэнне эканамічных сістэмаў, як у Еўразвязе, вось гэтыя пераможныя каментары – гэта ўсё вельмі нечакана».

Hавiны
«Гаворка пра паглынанне беларускай эканомікі». Вядомыя планы інтэграцыі з Расеяй
2019.09.16 08:57

Што ж там ужо ў нібыта нават папярэдне прынятым дакуменце? Да 2021 г. Менск і Масква прымуць адзіны падатковы кодэкс, адзіную мытную палітыку і вызначаць адзіны рэгулятар энерганосьбітаў. А ўлічваючы памеры дзвюх эканомік – беларуская ў дзясяткі разоў меншая за расейскую – відавочна, хто тут будзе вызначаць правілы гульні. У такі рэзкі прарыў цяжка паверыць, кажуць адмыслоўцы.

Гаворыць беларускі эксперт Уладзімір Кобец, прэзідэнт міжнароднай экспертнай сеткі iSANS:

«Гэтага не адбудзецца. Абʼектыўных прычынаў для гэтага няма. А для чаго гэта робіць «Коммерсантъ», зліваючы пэўныя жаданні пэўных колаў, каб так адбылося, – гэта зразумела, яны гэтак рабілі часта, гэта зусім не факт».

А вось наш маскоўскі адмысловец Андрэй Суздальцаў з Вышэйшай школы эканомікі раіць не абражаць паважанае расейскае выданне, маўляў, «гэта насамрэч рэальныя вытрымкі са справаздачы».

З расейскай сталіцы гэта бачыцца, як цалкам лагічны крок, патрэбны не толькі для задавальнення эканамічных патрабаванняў Аляксандра Лукашэнкі.

Каментуе Андрэй Суздальцаў:

«Дапамажы там, мільярдаў 10–15 кубаметраў газу па прымальных коштах!»

Але і для пэўнай далейшай інтэграцыі.

«Падставы Саюзнай дзяржавы згубленыя. Трэба іх стварыць. Ствараем заўсёды з эканомікі. Падатковая – вельмі істотная, бо калі беларускі бок патрабуе сабе газ па цане Смаленскай, то і падаткі трэба выраўняць, правільна?» – працягвае Андрэй Суздальцаў.

Няправільна – кажуць у Менску і абвінавачваюць выданне «Коммерсантъ» у журналісцкіх штампах. Паводле прэс-сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, краіны не гатовыя да стварэння якіх-небудзь супольных органаў, не кажучы ўжо пра такі ўзровень інтэграцыі. Падавалася б, усе чуткі можна зняпраўдзіць адным махам.

Аб’ектыў
Усе новыя дадзеныя пра інтэграцыю з Расеяй
2019.09.16 22:02

Уладзімір Кобец:

«Мы хацелі б, вядома, ведаць сэнс гэтых размоваў. Пра што вядзецца, што насамрэч уключаецца ў гэты так званы інтэграцыйны пакет».

У адказ на гэта і на зварот дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім айчыннае Міністэрства эканомікі кажа, што публікаваць праграмы не будзе, бо гэта «магло б стварыць глебу для інфармацыйных маніпуляцыяў». То бок мы маем старую гісторыю: інфармацыйная карціна фармуецца ў Маскве. Расейскія СМІ, маючы інфармацыю з першых рук, кажуць пра канфедэрацыю і абʼяднанне, а Менск толькі адказвае і адказвае, мякка кажучы, няўпэўнена. Застаецца абапірацца на тое, што маем, і… не верыць у тое, што Беларусь пойдзе на інтэграцыю нават у такім фармаце.

Гаворыць палітолаг Вольга Харламава:

«Паліўная і машынабудаўнічая сферы – гэта два табу. Гэта тыя накірункі, якіх Беларусь не здасць ніколі. Бо аддаючы гэтыя накірункі Беларусь губляе эканамічную незалежнасць, ну а разам з эканамічнай, зразумела, ідзе і палітычная».

Супольная мытня, падаткі і рэгулятар энерганосьбітаў гучаць, мякка кажучы, малаверагодна. Улічваючы памеры і эканомікі краінаў, толькі Расея будзе граць у гэтых сферах галоўную ролю. Наступны крок у такім самым змрочным сцэнары – вядомы.

Уладзімір Кобец:

«Самы чорны сцэнар, што раніцаю мы прачынаемся, і гэта ўжо частка нейкай адзінай краіны, якая мае столькі сваіх праблемаў, што цяжка ўявіць, калі мы зможам з гэтага ўрэшце выйсці. Страціўшы незалежнасць, мы яе ўжо прынамсі ў жыцці нашага пакалення не вернем».

У Маскве ж наш эксперт махае рукою: маўляў, якая інтэграцыя?.. Масква чатыры гады таму дамовілася з Менскам пра стварэнне сваёй авіябазы ў нашай краіне, а Лукашэнка ў апошні момант заявіў:

«Я нічога пра гэта не ведаю. Чалавек, які павінен прымаць гэтае рашэнне, я нічога пра гэта не ведаю. Нам не патрэбная база сёння».

Той жа лёс чакае любыя сурʼёзныя дамоўленасці з афіцыйным Менскам, мяркуе Андрэй Суздальцаў:

«План жа гатовы. Вядома, Лукашэнка не раз варыянт атрымліваў, цяпер дапрацоўваюць дарожныя карты, то бок напрыканцы лістапада ён будзе гатовы да падпісання прэзідэнтамі. Але цяпер ужо найменшыя ўцечкі дазваляюць казаць пра тое, што Лукашэнка можа выкарыстаць настроі беларускага грамадства, што выступае супраць любой інтэграцыі з Расеяй».

Аб’ектыў
Расея фінансуе праекты, створаныя для пазбаўлення Беларусі незалежнасці
2019.09.19 22:02

Самы ж рэалістычны – прынамсі на падставе гісторыі ранейшых дачыненняў – і пры гэтым самы аптымістычны сцэнар інтэграцыі такі… што нічога і не зменіцца.

Каментуе Вольга Харламава:

«Цягнуць гуму і час беларусы на любым узроўні ўмеюць неверагодна. Ужо ў 2017 годзе ўсё гэтае «ўсё прапала» ўжо было. Нас ужо ў 2018-м, а хтосьці ўжо ў 2017-м пахаваў як незалежную дзяржаву. Заканчваецца 2019 год. Размова ідзе пра 2021–2022 гады. Вось мы ў 2022 годзе будзем размаўляць на гэтую ж тэму».

З іншага боку, не маючы ўпэўненага адказу ад афіцыйнага Менску, незалежныя медыі кожны раз у такіх выпадках бʼюць трывогу – не могуць не біць: гаворка пра лёс кожнага беларуса. І на гэта шторазу звяртаюць усё менш увагі. Калі ж прыйдзе рэальная бяда, а ўлады гэтак і будуць маўчаць, то можа здарыцца так, што лагічнага завяршэння інтэграцыі ніхто і не заўважыць…

Усевалад Шлыкаў

Сюжэт з праграмы «ПраСвет», якая выйшла 20.09.19

Іншыя тэмы выдання:

Фота вокладкі: Mikhail Metzel/TASS

 

Стужка навінаў