Новы амбасадар Еўразвязу ў Беларусі. Хто ён?


Новы амбасадар Еўразвязу ў Беларусі. Хто ён?

У Менск прыехаў новы кіраўнік прадстаўніцтва Еўразвязу Дырк Шубэль. Хто ён і што ад яго чакаць? – Якія выклікі стаяць перад дыпламатам?Ганна Канапацкая, Аляксандр Мілінкевіч і Павел Усаў ацэньваюць працу ягонай папярэдніцы, Андрэі Віктарын. – Што ёй не атрымалася зрабіць?- Для каго ў Беларусі чатыры гады місіі Віктарын сталіся цяжкім выпрабаваннем? – Які цяпер у Беларусі імідж у Бруселі?- Што Лукашэнка можа зрабіць каб дачыненні Беларусі з Еўразвязам не пагоршыліся, як гэта бывала раней?

Opublikowany przez «Прасвет» на «Белсаце». Рэальная карціна свету Piątek, 20 września 2019

У Менск прыехаў новы кіраўнік прадстаўніцтва Еўразвязу Дырк Шубэль. На гэтай пасадзе ён заменіць немку Андрэю Віктарын, якая працавала ў Беларусі з 2015 г. Новы амбасадар – дасведчаная асоба, ён працаваў на аналагічнай пазіцыі ў Малдове, браў удзел у працы ініцыятывы «Усходняе партнёрства». На якім узроўні ўзаемных стасункаў пакідае Беларусь ужо былая амбасадарка, і якія выклікі стаяць перад новым дыпламатам? Разбіраўся Ігар Кулей.

Дырк Шубэль – імя новага кіраўніка прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі. Падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам еўрапейскі дыпламат паставіў сабе мэтай паляпшэнне двухбаковых адносінаў, адзначыўшы, што апошнім часам нашыя дачыненні развіваліся досыць інтэнсіўна. Пра тое, што ў вялікай ступені гэта заслуга ягонай папярэдніцы, немкі Андрэі Віктарын, кажуць усе нашыя суразмоўцы.

Hавiны
Новыя амбасадары ЕЗ і Расеі афіцыйна пачалі працу ў Беларусі
2019.09.12 14:12

Ганна Канапацкая, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў:

«Тыя поспехі, якія сёння мае Беларусь у дачыненнях з Еўразвязам, гэта ў тым ліку заслуга спадарыні Віктарын. Мне па-шчыраму шкада, што яна скончыла сваю місію ў Беларусі».

Аляксандр Мілінкевіч, кандыдат на прэзідэнта на выбарах 2006 г.:

«Гэта адзін з самых выбітных дыпламатаў, які ў апошні час працаваў у Беларусі».

Павел Усаў, доктар палітычных навук:

«Дзейнасць папярэдняга прадстаўніка Еўразвязу, улічваючы дынаміку палітычных і дыпламатычных адносінаў, можна ацаніць даволі пазітыўна».

Віктарын прыехала ў Беларусь у верасні 2015 г., адначасова ў вельмі складаную палітычную абстаноўку, але і ў час пэўнай надзеі на паляпшэнне адносінаў. Роўна праз месяц пасля пачатку ейнай місіі адбыліся прэзідэнцкія выбары. І хоць шок афіцыйнага Менску ад анексіі Крыму ды расейскай агрэсіі на Данбасе да таго часу ўжо прытупіўся, улады Беларусі актыўна шукалі выйсця з ізаляцыі. І Андрэа Віктарын умела распарадзілася сітуацыяй.

Меркаванні
Чаму Лукашэнка раскланяўся перад «гнілой Еўропай»
2019.07.23 16:29

Каментуе Аляксандр Мілінкевіч:

«Змяніўся імідж Беларусі ў Еўракамісіі і Еўрапарламенце. Усе разумеюць, што мала дэмакратыі, але як партнёр Беларусь важная і варта інвеставаць у ейную незалежнасць. Пашыраныя шматлікія праграмы. Гэта і білатэральныя, дзякуючы Віктарын, і транспамежныя».

Гаворыць Ганна Канапацкая:

«Я вельмі спадзяюся, што тыя ідэі, якія яна закінула ў адносінах з беларускай уладай: шлях на дэмакратызацыю, на развіццё добрасуседскіх адносінаў з Еўразвязам – што гэта будзе працягнута».

Вядома, ёсць і цэлы шэраг рэчаў, якія дыпламатка не здолела рэалізаваць у нашай краіне, нягледзячы на доўгія і настойлівыя спробы.

Павел Усаў:

«Беларусь усцяж не з’яўляецца сябрам палітыкі добрасуседства, даволі квола вядзе супрацу ў межах Усходняга партнёрства. Віктарын, як прадстаўнік Еўразвязу, магла б больш зрабіць, каб Еўропа, прынамсі ў аднабаковым кірунку, змякчыла візавую палітыку ў дачыненні Беларусі».

Аляксандр Мілінкевіч:

«У першую чаргу ёй не ўдалося зрабіць сурʼёзных пераменаў у беларускай адукацыі. Шмат у чым былі спадзевы, што, уступаючы ў якасці кандыдата ў Балонскі працэс, Беларусь зрушыць з месца. Але тут хутчэй не віна Віктарын, а праблема ў тым, што ў нашым Міністэрстве адукацыі на першым месцы ідэалогія. Тут не спрацавалі праграмы. Я з ёй размаўляў незадоўга да адʼезду, і яна была вельмі засмучаная, што столькі сродкаў было ўкладзена ў беларускую адукацыю, перш за ўсё вышэйшую, а ёй не дазволілі правесці зʼезд выпускнікоў праграмы «Эразмус».

У адрозненне ад Андрэі Віктарын, новы амбасадар Абʼяднанай Еўропы ў нашай краіне Дырк Шубэль прыязджае служыць у даволі камфортнае асяроддзе. Кантакты наладжаныя, ёсць пэўны ўзровень узаемнага даверу. Але, як і ягоная папярэдніца, у палітычных справах Шубэль будзе ўпірацца ў глухую сцяну. Аляксандр Лукашэнка цэніць шматвектарнасць і супрацу з Еўразвязам, але не цаною пытанняў, якія могуць аслабіць ягоную ўладу.

Павел Усаў:

«Тут даўно акрэслены падыход. Адносіны павінныя быць аддзеленыя ад праблемаў палітычных, праблемаў дэмакратыі і правоў чалавека».

Для грамадзянскай супольнасці Беларусі чатыры гады місіі Віктарын сталіся цяжкім выпрабаваннем. Адначасова з паляпшэннем адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Бруселем абмяжоўвалася падтрыманне для дэмакратычных недзяржаўных арганізацыяў ды палітычных рухаў. Прыярытэт атрымлівалі тыя ідэі і праекты, якія рэалізоўваліся з ухвалення або пры ўдзеле ўладных або праўладных арганізацыяў. Але новы амбасадар наўрад ці нейкім чынам зменіць гэтую практыку.

Каментуе Ганна Канапацкая:

«З Дыркам мы знаёмыя асабіста, мы з ім неаднаразова сустракаліся ў Еўрапарламенце ды на розных мерапрыемствах. Мне вельмі б хацелася, каб трэнд Еўразвязу на падтрымку рэгіёнаў Беларусі, не толькі сталіцы, быў працягнуты. І грамадзянская супольнасць у рэгіёнах павінна больш уважна і адказна ставіцца да таго, што зараз будзе прапаноўваць Еўразвяз у асобе спадара Шубэля».

Ужо неўзабаве палепшаныя беларуска-еўрапейскія дачыненні чакае чарговае выпрабаванне ў выглядзе парламенцкай і прэзідэнцкай кампаніі. Два папярэднія пацяпленні скончыліся менавіта падчас выбараў 2006 ды 2010 г.

Павел Усаў:

«Калі Лукашэнку ўдасца ціха і спакойна правесці фальсіфікацыі без адкрытых рэпрэсіяў падчас парламенцкіх ды прэзідэнцкіх выбараў, то адносіны застануцца на тым жа ўзроўні, што і цяпер».

А імавернасць такога сцэнару вельмі высокая.

Ігар Кулей

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет» 13.09.2019

Іншыя тэмы выдання:

 

Стужка навінаў