У «Белсату» з’явіўся фірмовы цягнік! Паехалі!


Здарылася тое, чаго ўсе даўно чакалі: 9 верасня «Белсат» выпраўляецца ў новы сезон! Яшчэ больш цікавай інфармацыі, дакументальных стужак, гумару, музыкі ды спазнаваўчых праграмаў.

Штодня ў «Аб’ектыве» а 21:00 вы пабачыце галоўныя навіны Беларусі і свету.

Ад панядзелка да пятніцы а 19:30 вядоўцы праграмы «Вот так» запрашаюць на 28-хвіліннае інфармацыйнае выданне, якое распавядае пра падзеі ў краінах былога СССР – і не толькі.

Хоць лета і скончылася, але «Белсат» будзе ехаць аж да канца верасня. Таму чакайце нашых карэспандэнтаў – можа, яны завітаюць менавіта да вас. Куды гэтым разам прыехаў «Белсат», можна пабачыць штопанядзелак і штосераду а 20:50.

«Размова» і яе вядоўцы Святлана Калінкіна, Уладзімір Мацкевіч і Віталь Цыганкоў працягваюць абмяркоўваць самыя актуальныя тэмы, якія датычаць кожнага. У 21:25 ад панядзелка да чацвярга. Не прапусціце.

Што новенькага прыдумаў Ілан Маск, ці чакаць паўстання робатаў, якія тэхналагічныя штукі хутка пабачаць свет? Пра ўсё гэта глядзіце ў праграме «Дэвайс» у панядзелкі і серады ў інфармацыйна-публіцыстычным блоку.

Беларускі погляд на важныя для нашай краіны міжнародныя падзеі – «Прасвет» штопятніцу а 21:25, міжнародны часопіс тэлеканалу «Белсат» з Алінаю Коўшык і Сяргеем Пелясою.

Усё патаемнае выходзіць на свет. Фінансавыя махінацыі, карупцыя і парушэнні заканадаўства на самым высокім узроўні – нічога не схаваецца ад аўтараў нашай следчай праграмы «Давайце разбірацца». Гэтага не пакажуць на БТ, а мы паказваем кожны чацвер а 19:00!

Грошы, грошы, грошы! Дзе іх узяць, як іх не згубіць, і як не трапіць у фінансавую пастку? Аўтары «Асабістага капіталу» запрашаюць вас да экранаў штопанядзелак а 19:05.

Рэпарцёры праграмы «Маю права» трапляюць паўсюль, дзе чыніцца крыўда ды несправядлівасць у нашай краіне. Агучваем праблемы, каб паказаць іншым, што можна законна адстойваць уласныя правы. Штосераду а 19:05.

У панядзелкі а 18:40 прафесар Аляксандр Краўцэвіч запрашае ў поўнае загадак і разгадак падарожжа ў прасторы і ў часе з ягонай праграмай «Загадкі беларускай гісторыі».

Толькі раз на месяц (трэцяя нядзеля) а 21:15 у студыі праграмы «Intermarium» Павал Мажэйка збірае гісторыкаў з розных краінаў, каб абмеркаваць гарачыя гістарычныя тэмы.

Таямніцы нашай культуры раскрываюцца ў праграме «Лабірынты». Цыкл гістарычных праграмаў, рэалізаваны ў стылі «history doc». Кожная серыя распавядае пра лёс класікаў беларускай літаратуры і мастацтва, якія жылі на пачатку ХХ ст. Глядзіце ў першую нядзелю кожнага месяца а 21:15.

У пятніцы а 18:35 ток-шоу «Кожны з нас» і яго вядоўца Глеб Лабадзенка ўздымаюць сур’ёзныя пытанні і даюць магчымасць кожнаму чалавеку распавесці пра свае праблемы, ці наадварот – падзяліцца радасцю. Госцем праграмы можа зрабіцца кожны беларус.

Штонядзелю а 20:30 музыкі ладзяць для вас жывыя музычныя сэты ў «Belsat Music Live».

«У новым сезоне будзем надалей адкрываць для гледачоў крутую беларускую музыку – паказваць вартых увагі маладых выканаўцаў і ўжо знаных артыстаў. Раю не прапускаць нашых выданняў, бо ў кожным будуць сюрпрызы. Кожнага нашага госця мы просім не проста сыграць найлепшае, але і падрыхтаваць эксклюзіўны нумар, які можа здзівіць, а часам і шакаваць. У нашую студыю будуць заходзіць і вядомыя замежныя артысты, каб падзяліцца з беларускімі гледачамі сваёй творчасцю», – кажа аўтар праграмы Сяргей Будкін.

Смех і жартачкі таксама едуць з намі ў новы сезон.

Штосуботу а 21:15 глядзіце сатырычнае шоу «Вечаровы шпіль». Пасмяемся з таго, што адбываецца ў СНД, – у прыватнасці, у Расеі ды Беларусі.

«Вечаровы шпіль» – гэта навіны, падобныя да жартаў, і жарты, падобныя да навінаў!» – кажа вядоўца Алесь Карніенка.

Іранічны агляд самых цікавых і незвычайных навінаў тыдня ад NEXTA у Суб’ектыве штопятніцу а 20:50.

«Міністэрства праўды» расчыняе вам свае дзверы кожную нядзелю а 20:40. Вы зможаце ўпотай паназіраць за працай беларускіх, расейскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў, падслухаць размовы ў калідорах, прабрацца на паседжанні кабінету міністраў і нарады прэзідэнта.

У новым сезоне вечаровага шоу «Хай так ТV» вас чакае самы сур’ёзны з усіх несурʼёзных аглядаў падзей тыдня, новыя цікавыя сустрэчы з вядомымі асобамі краіны, гумар і, вядома, крыху трэшу ў выкананні Змітра Есяневіча, Яўгена Барышнікава і Усевалада Сцебуракі.

«У першым выданні сезону вы дазнаецеся, як скончыліся прыгоды кампаніі на Менскім моры, і як гумарысты сталі ўладальнікамі сапраўднай шляхецкай сядзібы! Сустракаемся, як звычайна, увечары ў суботы а 20:00!» – запрашае Усевалад Сцебурака.

Праграма «Вяскоўцы», якая паказала свету самых каларытных і непасрэдных сельскіх зорак, пакаштавала безліч прысмакаў, адгасцявала ў самых розных дамах і перажыла неверагодную колькасць прыгодаў, развітваецца са сваймі гледачамі. У новым сезоне мы, на жаль, не пабачым новых выданняў вясковага рэаліці-шоу, якое здабыло аматараў як у Беларусі, гэтак і за яе межамі.

«Шчыра дзякую ўсім гледачам нашай праграмы, якія цягам двух гадоў былі з намі, – кажа вядоўца «Вяскоўцаў» Віктар Шукеловіч. – Хацелася б падзякаваць таксама ўсім нашым героям, якія дзяліліся з намі эмоцыямі, цеплынёй і сардэчнасцю. Не магу забыцца таго моманту, калі мяне пазнала адна з фанак нашай праграмы ва Украіне. Яна аж ускрыкнула, падскочыла на месцы і заіскрылася ад радасці. Падкрэсліла, што цяпер будзе хваліцца мужу, што пазнаёмілася з нашай камандай. Аказалася, ейны муж не прапусціў ніводнага нашага выдання, кідаў любую работу і заўсёды быў перад тэлевізарам, калі на экране зʼяўляліся «Вяскоўцы». Дзеля такіх хвіль і сапраўднай радасці ў вачах варта працаваць», – адзначае Віктар.

Аднак будзем спадзявацца, што «Вяскоўцы» вернуцца праз некаторы час у новым фармаце, каб падарыць нам яшчэ шмат вясёлых, шчырых і пацешных момантаў. А пакуль што глядзіце паўторы самых цікавых выданняў «Вяскоўцаў» кожны чацвер а 18:30.

Вітаем у новым сезоне! Заставайцеся з «Белсатам»!

Стужка навінаў