Вярхоўная Рада не дапаможа: беларускія добраахвотнікі застануцца па-за законам


Добраахвотнік з пазыўным Рустам Док пракаментаваў сённяшняе рашэнне народных дэпутатаў Украіны, якія большасцю прагаласавалі за законапраект аб спрашчэнні надання грамадзянства замежнікам.

Новы закон датычыць выключна замежнікаў, што служаць ва ўкраінскім войску і не дапаможа беларускім байцам «Правага сектару» ды іншых фармаванняў.

Паводле новага закона, грамадзянства «па спрошчанай працэдуры» могуць атрымаць толькі тыя байцы, якія адслужылі тры гады ў ВСУ з заключэннем кантракту.

«Для добраахвотнікаў нічога не зменіцца. Закон не вырашае нічыіх праблем і толькі часткова вырашае пытанне тых, хто збіраецца сюды ехаць (на Данбас – заўвага belsat.eu). І то, калі ў іх будзе магчымасць атрымліваць з радзімы цягам трох гадоў рознага кшталту дакументы. Самы важны законапраект №1901, які часткова вырашае менавіта нашу праблему, на галасаванне нават не вынеслі», – распавёў belsat.eu баец з пазыўным Рустам Док.

Грамадзяне Беларусі ваююць на баку Украіны ў шэрагах добраахвотных батальёнаў ды часцяком з’яўляюцца дэ-факта нелегаламі. Яны не могуць прыняць грамадзянства, бо ўлады патрабуюць ад іх даведкі з Беларусі, атрымаць якія можна толькі асабіста. На радзіме ж іх чакае ў лепшым выпадку допыты ў КДБ і адседка ў ізалятары.

«Колькі цяпер беларусаў ваюе, не ведаю, з улікам таго што добраахвотнікаў, асабліва замежнікаў, павыганялі з фронту на вуліцу», – дадаў ён.

10 жніўня на Данбасе быў паранены беларус Алесь Чаркашын з пазыўным «Тарас». Наш зямляк памёр 28 жніўня ў шпіталі. На развітанне з ім у Берасці і на Данбасе прыйшлі сотні чалавек. Ён пасмяротна атрымаў медаль ад украінскай царквы.

Агулам па падліках Генштабу Украіны на баку АТА ваюе каля тысячы замежнікаў. Сярод іх каля ста беларусаў.

Сёння стала вядома, што Вярхоўная Рада дазволіла замежнікам служыць ва ўкраінскай арміі. Цяпер гэты законапраект мусіць падпісаць Пятро Парашэнка.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў