Акцыя прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы скончылася. Затрыманняў няма


13:22 Акцыя скончылася, на Кастрычніцкай плошчы засталіся невялікія групы людзей.

13:12 Прадпрымальнік са Жлобіну: «Канешне, сорамна за нашых прадпрымальнікаў. Большасць з іх зараз сядзяць дома». Падзякаваў апазіцыі, якая падтрымала акцыі пратэсту. «Шумчанку нашым лідарам не лічу, у думаю, што ён на заробку ў структурах», – сказаў пра лідара абʼяднання «Перспектыва».

13:09 Выступае Мікола Статкевіч, прадпрымальнікі скандуюць «Мікола!», пасля «Жыве Беларусь!»

13:00 Калі ў Савеце міністраў адказу не будзе, то будзе новая акцыя ў панядзелак 22 лютага а 12 гадзіне.

12:55 Прымаецца рэзалюцыя акцыі. Прадпрымальнікі кажуць пра тое, што мітынг будзе праведзены ў наступны панядзелак, калі цяпер прадпрымальнікаў не пачуе ўлада. Прадпрымальніца са Слуцку Сафія прапануе праз два тыдні пайсці ў адміністрацыю кіраўніка краіны, калі ўлады не прыслухаюцца да патрабаванняў ІП: «Пойдзем, каб зарэгістраваць, што ўказ N222 невыканальны, дайце нам працу!»

12:48 Частка людзей разышлася. Людзі скандуюць «Далучайся» і «Свабоду».

12:45 Прадпрымальніца са Ждановічаў. «Шмат хто не разумее, што ўказ № 222 – палітычны, бо нас проста хочуць знішчыць. Не трэба баяцца. Тое, што выйшлі людзі, добра. Я думаю, што гэта пачатак».

12:40 Кіраўнік «Перспектывы» Анатоль Шумчанка не прыйшоў на акцыю.  Людзі кажуць, што будуць стаяць да вечара.

12:35 На трыбуну падымаецца Уладзімір Някляеў.

«Рэжым баіцца стварэння сярэдняга класу. Любыя памкненні да свабоды рэжымам душацца. Сёння, калі вы сабраліся на мітынг пратэсту, у Брусэлі засядаюць кіраўнікі ЕЗ і хочуць канчаткова зняць санкцыі з Лукашэнкі. Не з народу, а з Лукашэнкі. Я прапаную прыняць пасланне да кіраўнікоў ЕЗ. Напрыклад: беларускі рэжым здымае з народу шкуру, а Еўразвяз здымае з рэжыму санкцыі. Гэта несправядліва. Давайце за гэткае пасланне прагаласуем».

12:32 Людзі скандуюць «Далучайцесь». Выступае прадпрымальнік з Баранавічаў. «Я прыехаў сюды, каб выказаць недавер прэзідэнту. Ён нас загнаў у тупік. Лукашэнку можна замяніць і горш мы жыць не будзем».

12:30 Да мегафону падыходзяць прадпрымальнікі. Людзі актыўна рэагуюць на словы, грукаючы ў рондалі. За плошчай стаіць аўтазак.

12:27 Выступае Анатоль Лябедзька. «Бачыце, што не страшна, нельга падсажвацца на іглу страху. Падыходзьце і выступайце».

12:22 Выступае прадпрымальнік Алесь Макаеў. «Патрабуем прабачэнняў ад Лукашэнкі».

12:19 Прагучала прапанова сабрацца на чарговую акцыю пратэсту  ў наступны панядзелак 22 лютага.

 

12:16 Выступае прадпрымальніца са Слуцку. «Мы не бандыты. У нас ёсць сучаснасць, будзе и будучыня. Трэба, каб Лукашэнка пачуў нашу праблему».

Людзей более.

12:12 Праваахоўнікі пакуль не замінаюць правядзенню акцыі. Ужо каля 500 чалавек на плошчы. Людзі рушылі да прыступак Палацу Рэспублікі.

12:08 Выступае Алесь Таўстыка, прадпрымальнік. «Будзем чакаць, што да нас выйдуць з Адміністрацыі прэзідэнта. Калі нехта гатовы з прадпрымальнкаў, я б жадаў далучыць да нашых патрабаванняў  рэгістрацыю першага незалежнага тэлеканалу «Белсат», якіе будзе аб’ектыўна асвятляць падзеі».

12:07 Акцыя пачынаецца. Прамаўляе Анатоль Лябедзька, які заклікае да мегафону прадпрымальнікаў, каб тыя распавялі пра свае праблемы.

11:59 На Плошчы ўжо некалькі дзясяткаў іпэшнікаў. Удзільнікі акцыі выйшлі з расцяжкамі «За свабоду прадпрымальніцтва» і «222 – рост беспрацоўя».

Заўважаныя апазіцыйныя дзеячы – Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, актывіст Максім Вінярскі ў майцы «Лукашэнка сыходзць», Павел Вінаградаў.

Шмат ціхароў, якія фільмуюць падзеі на плошчы.

Пакуль ніхто не замінае збору.

 

Індывідуальныя прадпрымальнікі, не згодныя з указам №222, збіраюцца ў цэнтры Менску на акцыю пратэсту.

Пра ўдзел у ёй заявілі іпэшнікі Берасця, Віцебску, Гомлю, Полацку, Барысаву ды іншых рэгіёнаў краіны. Пра падтрыманне пратэстоўцаў заяўляе і частка апазіцыі.

Але ці скарыстаюцца прадпрымальнікі момантам? Сёння Еўразвяз мае разглядаць далейшы лёс санкцыяў супраць беларускіх уладаў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі з Брусэлю, накладзеныя абмежаванні будуць істотна зменшаныя. Афіцыйны Менск можа устрымацца ад брутальных разгонаў пратэстоўцаў, каб не псаваць уражанне.

ДР, НМ, ХМ belsat.eu

Стужка навінаў