Турцыя і Саудаўская Аравія плануюць наземную аперацыю ў Сірыі. Пра гэта 13 лютага паведаміў міністр замежных спраў Турцыі Меўлют Чавушаглу.
Паводле кіраўніка турэцкага дыпведамства, прадстаўнікі Саудаўскай Аравіі ўжо правялі інспекцыю на турэцкай вайскова-паветранай базе Інджырлік, дзе зможа размясціцца іх войска.
Турцыя і Саудаўская Аравія збіраюцца змагацца з баевікамі «Ісламскай дзяржавы». Кіраўнік турэцкага МЗС адзначыў, што план аперацыі пакуль не падрыхтаваны.
Пра гатовасць да ўдзелу ў наземнай аперацыі ў Сірыі прадстаўнік міністэрства абароны Саудаўскай Аравіі заявіў яшчэ 5 лютага.
Глядзіце таксама >>> Сірыйскае дэжа-вю: Жэнева – гэта Менск, Алепа – гэта Дэбальцава
Міністр абароны ЗША Эштан Картэр прапанаваў абмеркаваць гэтую аперацыю з партнёрамі па міжнароднай кааліцыі.
«Я лічу, што Башар аль-Асад слабы і веру, што Асаду прыйшоў канец», – заявіў 13 лютага ў інтэрвʼю CNN міністр замежных спраў Саудаўскай Аравіі Адэль аль-Джубэйр.
Кааліцыя заходніх і арабскіх краінаў на чале з ЗША з 2014-га наносіць паветраныя ўдары па цэлях у Сірыі. Асобныя аперацыі на сірыйскай тэрыторыі ладзіць амерыканскі спецназ, але паўнавартасную наземную аперацыю кааліцыя дагэтуль не планавала.
Летась у сірыйскі канфлікт умяшалася Расея, якая сцвярджае, што яе самалёты бамбяць выключна пазіцыі тэрарыстаў. Заходнія краіны і Турцыя абвінавачваюць Маскву ў гібелі мірнага насельніцтва. Першыя асобы Расеі патрабуюць прадставіць доказы гэтых абвінавачанняў.
ЮВ, belsat.eu, паводле meduza.io, cnnturk.com