Што паглядзець на «Белсаце» летам


Распавядаем пра нашыя прэм’еры і змены ў тэлепраграме на летні сезон.

Прыгоды замежнікаў, якія прыехалі па бязвізе

З гэтага боку турыстычны бум апошніх гадоў у Беларусі не паказваў ніхто. Летнюю праграму «Welcome ў Беларусь» мы будзем здымаць у жанры «чэлендж». У кожным выданні будзе новы герой – замежнік, якія падчас падарожжа па нашай краіне паспрабуе выканаць нейкае заданне. Што з гэтага атрымаецца? Глядзіце штонядзелю а 20:35 або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

У іншыя дні мы пакажам лепшыя выданні адукацыйных «Загадак беларускай гісторыі» і «Мовы нанова», журналісцкіх расследаванняў «Давайце разбірацца», рэпартажаў з «Вяскоўцаў» і «Маю права», эканамічнай праграмы «Асабісты капітал», ток-шоу «Кожны з нас» ды «Intermarium», кулінарнай праграмы «Я не буду это есть!», музычнай «Belsat Music Live», а таксама сатырычных шоу «Хай так TV» і «Міністэрства праўды». Час эфіру спраўджайце ў закладцы «Праграма ТБ».

Навіны распавядзем не толькі мы вам, але і вы нам

Да інфармацыйна-публіцыстычнага блоку, які выходзіць у эфір ад 20:00 да 21:30, у панядзелкі і серады дадасца новая праграма – «Белсат едзе» (а 20:50). У ёй зможа выступіць кожны, хто захоча распавесці перад тэлекамерай пра свае праблемы або радасці ды поспехі. Для гэтага трэба напісаць на belsatedze@gmail.com, і нашыя журналісты прыедуць у ваш горад або вёску.

Катрын Дэнёў, Ізабэль Юпэр і Кім Кі Дук па-беларуску

Добрае дакументальнае кіно рэдка трапляе на пірацкія сайты, так што тут варта ўключыць «Белсат» не толькі з этычных меркаванняў, але і з чыста практычных. Ужо не кажучы пра тое, што гэта – адзіная магчымасць убачыць гэтыя фільмы па-беларуску. Штодзень увечары вашай увазе тры дакументальныя стужкі: дзве замежныя і адна – беларуская: а 17:15, 18:15 і 22:35. Дакладны час эфіру – у закладцы «Праграма ТБ».

Падчас «Суботняга кінасеансу» а 21:15 у вас ёсць магчымасць паглядзець па-беларуску якаснае мастацкае кіно. Сярод летніх прапановаў – «Я і ты» («Sage femme») з Катрын Дэнёў, «Будучыня» («L’avenir») і «Гучней за бомбы» («Louder Than Bombs») з Ізабэль Юпэр ці «Сетка» («Geumul») Кім Кі Дука.

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў