Прамысловыя флагманы: дна не відаць


Крыніцы «Белсату» на МАЗе паведамляюць, што з гэтага тыдня завод ужо афіцыйна пераходзіць на чатырохдзённы працоўны тыдзень.

Фактычна паводле няпоўнага графіку бальшыня работнікаў МАЗу працавалі ўжо з канца лістапада. Начальства ў індывідуальным парадку пераконвала рабочых браць хаця б па адным выходным на тыдзень. Цяпер чакаецца, што ў пятніцу канвеер спыніцца зусім.

Сярод імаверных прычынаў запавольвання вытворчасці работнікі называюць недахоп сродкаў на набыццё дэталяў. За месяц да прэзідэнцкіх выбараў, нягледзячы на адсутнасць росту замежнага попыту, завод запусцілі на поўную магутнасць.

Трохмесячны рывок на склад відавочна падкасіў фінансы прадпрыемства і «зʼеў» у тым ліку і экстраную дзяржаўную дапамогу, якую Лукашэнка загадаў вылучыць прадпрыемству ў ліпені.

На думку старшыні Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, сітуацыя будзе толькі пагаршацца.

«Няма попыту на прадукцыю. Няма неабходнасці працаваць, я так падазраю, нават чатыры дні. Напэўна прынята рашэнне, каб прызнаць рэчаіснасць. І трэба прызнаць, што збанкрутавала эканамічная палітыка, якая доўжылася больш, за 20 год. І распрацоўваць прынцыпова іншую палітыку», – гаворыць Ярашук.

Праблемы зазнае і флагман айчыннай галіны будаўнічых матэрыялаў – менскі вытворца кафлі ды сантэхнікі «Керамін». Непрададзеная парцаляна згрувашчваецца на тэрыторыі заводу пад адкрытым небам. Работнікаў папярэджваюць, што прадпрыемства пераходзіць на чатырохдзёнку з наступнага месяца.

«Продажу пліткі няма. У нас назапашваецца ўсё больш і больш і больш. Кажуць, што ў наступным месяцы пераходзім на чатырохдзёнку», – распавядаюць працаўнікі прадпрыемства.

Прадстаўнік Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці па Менскай вобласці Ілля Дабратвор канстатуе, што запавольванне флагманаў айчыннай прамысловасці ўжо балюча ўдарыла па завязаных на іх рэгіянальных прадпрыемствах: «сярэдні заробак па менскай вобласці гэта – 2.3 мільёны. Мы не бярэм тых, хто працуе ў Менску».

Што праўда, афіцыйная статыстыка малюе аптымістычную карціну. У снежні складскія запасы ў краіне рэзка знізіліся да найніжэйшага ўзроўню за апошнія 12 месяцаў.

Але незалежныя прафсаюзы ставяцца да гэтых лічбаў скептычна, прыгадваючы хітрыкі, на якія адміністрацыя заводу ідзе, каб паказаць разгрузку складоў на паперы. Напрыклад – перапісвае трактары на дылера. А ў рэчаіснасці сотні непрададзеных машынаў, якімі раней была застаўленая тэрыторыя МТЗ, проста вывезлі за горад і пераставілі вось на стаянкі пад адкрытым небам, дзе яны працягваюць іржавець.

Незалежныя прафсаюзы заклапочаныя з таго, што ўрад відавочна ня мае іншага антыкрызіснага плану, апрача як дачакацца гіпатэтычнага ажыўлення эканомікі Расеі. Пры гэтым ігнаруецца той факт, што праз неэфектыўнае дзяржаўнае кіраванне прадукцыя айчыннага машынабудавання страчвае сваю долю на расейскім рынку яшчэ з 2012 года.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў