«Facebook» – за Парашэнку, а «УКантакце» – за Зяленскага


За каго б прагаласавалі падпісанты «Белсату»?

Ва Украіне адбыўся першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Назіральнікі адзначаюць рост актыўнасці ўкраінскіх выбарнікаў у параўнанні з 2014 годам. Аднак гэтыя выбары цікавыя не толькі ўкраінцам, але і замежнікам, якія не могуць браць удзел у галасаванні. Таму мы стварылі апытанні ў чатырох папулярных сацсетках і даведаліся, каго абіраюць падпісанты «Белсату».

Ананімныя апытанні ладзіліся ў «Facebook’у», «Twitterʼы», «VK» і «Telegramʼе». Узялі ўдзел больш за 1500 чалавек.

«VK» і «Telegram» абіраюць Зяленскага

Тыя, хто прагаласаваў у гэтых сацсетках («выбарчых участках»), маглі абраць аднаго з сямі кандыдатаў і кандыдата «супраць усіх», які меў адносна вялікае падтрыманне.

Гэтак, ва «УКантакце» за Уладзіміра Зяленскага прагаласавалі 50,57 % выбарнікаў. Калі б выбары адбываліся тут, то ён бы ўжо стаўся прэзідэнтам, бо, згодна выбарчаму заканадаўству, кандыдат мусіць атрымаць больш за 50 % галасоў.

Надзвычай добра сябе паказаў кандыдат «супраць усіх» – 13,64 %

Срэбра – у Пятра Парашэнкі з 26,5 %, а вось Юлія Цімашэнка атрымала толькі 2,84 % падтрымання.

Карыстальнікі «Telegramʼу» таксама абіраюць Зяленскага – 46 %. Але тут ягоны адрыў ад Парашэнкі склаў толькі 14 %.

 

Варта адзначыць, што сярод нашых падпісантаў ёсць тыя, хто прагаласаваў за гэтак званага прарасейскага кандыдата – Юрыя Бойку.

На гэтым выбарчым участку ён мае 2 %, а аўтсайдар – Ляшко, 1 %.

«Facebook» і «Twitter» абіраюць стабільнасць!

Можна сказаць, што ў гэтых дзвюх сацыяльных сетках мы правялі імправізаваны «другі тур». Не таму, што мы сквапныя на кандыдатаў: сеткі не дазваляюць дадаць больш за 2-4 радкі адказаў.

Гэтак, у «Twitterʼы» падтрыманне Парашэнкі склала 55 %, што амаль удвая больш, чымся ў Зяленскага.

Юлія Цімашэнка тут атрымала толькі 2 %

Сапраўдны «другі тур» адбыўся ў «Facebookʼу», дзе з адрывам 14 % перамог Пятро Парашэнка: у Зяленскага – 43 %, у Парашэнкі – 57 %.

Наш «другі тур» у «Facebookʼу»

Гэтыя звесткі гавораць больш нават не пра палітыкаў, а пра аўдыторыю сацыяльных сетак. Другі тур сапраўдных прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне адбудзецца ў нядзелю 21 красавіка.

ВІДЭА
ЦВК Украіны праверыў больш за палову пратаколаў: у другі тур выходзяць Зяленскі і Парашэнка
2019.04.01 09:03

ВР belsat.eu

Стужка навінаў