Украінскі палітолаг Яўген Магда: дэмакратычныя выбары нас вырываюць з «русского мира»


Выбарчую кампанію ва Украіне для «Прасвету» пракаментаваў вядомы ўкраінскі палітолаг, дырэктар Інстытуту сусветнай палітыкі Яўген Магда. Менавіта ягоную кнігу «Гібрыдная агрэсія Расеі: урокі для Еўропы» карэспандэнт «Еўрарадыё» падарыў Аляксандру Лукашэнку падчас «Вялікай размовы», якая адбылася 1 сакавіка. З украінскім экспертам у Кіеве паразмаўляў Зміцер Міцкевіч.

Якая галоўная адметная рыса цяперашняй выбарчай кампаніі?

Галоўная рыса выбарчай кампаніі ў тым, што яна адбываецца праз пяць гадоў пасля папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў. І парламенцкія выбары пройдуць таксама сёлета. Ва Украіне яшчэ такога не было, каб пяць гадоў не было агульнанацыянальных выбараў фармату прэзідэнцкіх або парламенцкіх. Грамадства вельмі моцна чакае гэтых выбараў. І яшчэ адзін факт, на які трэба звярнуць увагу, што цяперашнія выбары пройдуць у стане ўсведамлення вайны – таго, што вайна працягваецца, яна ёсць і з ёю трэба будзе лічыцца. Адпаведна, грамадства ўжо адчувае, што ёсць сур’ёзныя страты, што ёсць шмат перасяленцаў, што жыццё ўжо не такое, як было да вайны.

Яшчэ адна рэч, якая мне кідаецца ў вочы, – небывалы ўсплёск папулізму. Столькі лозунгаў за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага, што немагчыма сабе ўявіць. З чым гэта звязана?

Гэта звязана з тым, што кандыдаты дастаткова добра ўяўляюць карціну ўкраінскага грамадства і, я думаю, дастаткова добра ўяўляюць, што грамадства стамілася ад вайны, стамілася ад выпрабаванняў і чакае на гэткую… чарадзейную палачку. На чараўніка або чараўніцу, якая ці які будзе абраны прэзідэнтам, махне палачкаю, і ўсё адразу стане добра: долар па 8, а не па 27 [грыўняў] як цяпер, адновяцца руіны, ажывуць тыя, хто загінуў… Але гэта няпраўда. Гэтак быць не можа. Нам давядзецца ісці дастаткова няпростым шляхам, змяняцца і шукаць новыя магчымасці. Тады яны будуць. Нас чакае дастаткова шмат працы і дастаткова шмат розных справаў, якія давядзецца развязваць.

А як данесці да людзей, што гэта вельмі складаныя крокі, а не проста так махнуць чарадзейнаю палачкай?

Гэта насамрэч няпростая задача, бо ўкраінскае грамадства – яно рознае. Ужо няма ранейшага электаральнага запаведніка Януковіча, але ёсць ягоныя вялікія рэшткі і людзі, якія відавочна на іх прэтэндуюць, кандыдаты на прэзідэнта. Але з іншага боку ёсць як мінімум сотні тысячаў, а можа і мільёны людзей, якія бралі непасрэдны ўдзел у абароне Украіны са зброяй у руках, якія былі валанцёрамі, якія выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю.

Украінскае грамадства за ўсе пяць гадоў паміж прэзідэнцкімі выбарамі насамрэч вельмі моцна змянілася. І гэта варта ўсведамляць, гэта варта разумець. Таму нам давядзецца рабіць выбар, нам давядзецца шукаць варыянт, які для Украіны будзе найлепшы.

І яшчэ адзін факт, які я хацеў бы, каб усведамлялі не толькі грамадзяне Украіны, але і тыя, хто цікавіцца сітуацыяй у нашай дзяржаве. Праз дэмакратычныя выбары мы набліжаемся да еўрапейскай сям’і мацней, чымся заявамі каго-кольвек з палітыкаў. Дэмакратычныя выбары нас вырываюць з «русского мира» мацней за якія-кольвек іншыя крокі. Гэта ў Расеі можна зразумець, якім будзе вынік выбараў. У нас цяпер за некалькі дзён да галасавання, я думаю, ніхто не ведае, хто нават выйдзе ў другі тур, не кажучы ўжо пра пераможцу.

ВІДЭА
Лукашэнка «чытае» ягоную кнігу. Палітолаг Яўген Магда распавядзе пра феномен Зяленскага і выбары ва Украіне. LIVE
2019.03.14 14:08

І вось на гэтым фоне цікавая яшчэ гэткая рэч. Паводле падлікаў розных медыяў, удзел у выбарах прэзідэнта ва Украіне каштуе ад 120 да 150 мільёнаў долараў, калі ты разлічваеш на нейкі пазітыўны вынік. Як у такіх умовах, калі няма грамадскага фінансавання партыяў, чакаць ад палітыкаў, што яны будуць некарумпаванымі і што яны будуць незалежнымі?

Насамрэч у нас дзяржава фінансуе парламенцкія партыі, але гэтае фінансаванне наўрад ці дазволіць рэальна чагосьці дамагчыся. У нас палічылі, што нашыя кандыдаты выдаткавалі больш за мільярд грыўняў на выбары – гэта больш за 300 мільёнаў еўраў. Сума насамрэч астранамічная. Але вашае пытанне падштурхоўвае да ўсведамлення таго, што не павінна быць ілюзіяў, што людзі не павінныя прагаласаваць дзеля жарту ці каб пацешыць уласнае самалюбства. Насамрэч на гэтых выбарах ёсць яшчэ адна асаблівасць – ёсць больш за два фаварыты. Традыцыйна ва Украіне былі два фаварыты, якія амаль стоадсоткава праходзілі ў другі тур. А цяпер як мінімум трое прэтэндуюць на другі тур, і гэта таксама досыць вялікая напружанасць. Таму насамрэч выбары ва Украіне – гэта сур’ёзнае выпрабаванне. Але было б нашмат горш, калі б гэтых выбараў не было.

На фоне гэтых вялікіх выдаткаў выдзяляецца адзін важны пункт у кожнага кандыдата. Таксама паводле падлікаў розных медыяў, вельмі шмат грошай, ледзь не адна траціна, выдаткоўваецца на подкуп выбарцаў. Што з гэтым рабіць? Як перамагчы гэтую праблему?

Я не думаю, што гэтыя грошы выдзяляюцца афіцыйна, і не думаю, што нехта з кандыдатаў на прэзідэнта прызнаецца, што выкарыстоўвае грошы для подкупу выбарцаў. Я таксама не думаю, што ўсе ўкраінцы прададуць свой голас. Я думаю, што такія выпадкі напэўна будуць, бо гэта, між іншага, звычка.

Але казаць, што гэтыя выбары будуць купленыя, – гэта азначае іх дыскрэдытаваць яшчэ да моманту галасавання. Я б сказаў, што гэта не такая вялікая праблема, як тое, што не кожны кандыдат, які атрымае паразу на выбарах, будзе гатовы прызнаць іх вынікі. Гэта, на мой погляд, больш сур’ёзная праблема. Таму ўсё-такі не трэба думаць, што ўкраінцы ўсё прадаюць.

Мы з вамі гутарым на Майдане, тут побач [вуліца] Інстытуцкая, дзе забівалі людзей у 2014 годзе, дзе расстрэльвалі безабаронных людзей. І я думаю, гэта досыць сур’ёзны ўрок для мільёнаў нашых суграмадзянаў, якія ўсвядомліваюць, што выбары – гэта нашмат лепш, чымся штосьці іншае.

Цяпер вельмі шмат размоваў пра вашую кнігу пра гібрыдную агрэсію Расеі, але цяпер больш актуальная іншая рэч – вашая праца «Шосты». Якія якасці будуць патрэбныя гэтаму шостаму ці пятаму з паловаю прэзідэнту Украіны, ужо залежыць ад галасавання. Што яму спатрэбіцца ў першую чаргу, каб развязаць тыя праблемы, з якімі сутыкаецца цяпер вашая краіна?

Галоўная праблема – гэта вайна, аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці. Калі мы не адновім цэласнасці Украіны разам, нам будзе складаней. Таму гэта трэба ўлічваць.

Але я думаю, што галоўная праблема звязаная не толькі з будучым прэзідэнтам, але і з грамадствам, каб грамадства не чакала цуду, што прыйдзе чалавек, які гэта зробіць гэтак проста, лёгка, проста махнуўшы рукою. Не, гэта не так. На жаль, нам давядзецца прайсці праз дастаткова складаныя выпрабаванні, нам давядзецца прайсці праз істотныя праблемы, і гэта мы мусім дастаткова добра ўсведамляць. З увагі на гэта, я думаю, нам трэба быць уважлівымі са сваім выбарам, каб ён быў дэмакратычным, каб выбары прайшлі максімальна карэктна. Я не ведаю, я думаю, ніхто ва Украіне не ведае, хто будзе наступным прэзідэнтам. І гэта выбары, якія будуць найбольшаю інтрыгаю. Вось мы цяпер гутарым, і палова неба сонечная, палова пахмурная. Гэта вельмі нагадвае сітуацыю ў цяперашняй Украіне. Я думаю, ад нас залежыць, ці будзе ззяць сонца, ці будуць вялікія хмары.

Фота: REUTERS/Vasily Fedosenko

belsat.eu

Стужка навінаў