Як Расея абудзіла NATO і што зрабіў Альянс у адказ?


Рэакцыі Паўночнаатлантычнага Альянсу на гібрыдную агрэсію Крамля супраць Украіны прысвечаны трэці выпуск новага сезону міжнароднага ток-шоу «Тэрыторыя праўды».

Анексія Крыму стала сапраўдным шокам для заходняй супольнасці. Краіны NATO і Еўразвязу назвалі дзеянні Масквы агрэсіяй, накіраванай супраць тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Разам з тым да Захаду прыйшло ўсведамленне, што на гэтым амбіцыі Крамля могуць не скончыцца.

«Прайшло ўсяго 6 гадоў пасля таго, як апошні амерыканскі танк вярнуўся дадому з Еўропы. Ваенная прысутнасць ЗША рэзка скарацілася. Мы ўсе спадзяваліся і думалі, што Расея збіраецца стаць партнёрам, з якім мы зможам працаваць. Але яны (я маю на ўвазе расейскае кіраўніцтва, а не расейскі народ) паказалі, што не могуць быць надзейным партнёрам. Ва ўсякім разе не ў цяперашніх абставінах», – кажа генерал Бэн Годжэс, камандуючы арміяй ЗША ў Еўропе 2014-2017 гг..

З моманту анексіі Крыму NATO бесперапынна нарошчвае ваенную моц. Летась у кастрычніку краіны Альянсу правялі самыя буйныя вучэнні з часоў халоднай вайны. У манеўрах на тэрыторыі Нарвегіі ўзялі ўдзел больш за 45 тысяч вайскоўцаў з 31 краіны. Усяго за месяц да гэтага, у верасні, Расея правяла самыя маштабныя з 1981 года вучэнні, у якіх удзельнічалі 300 тысяч вайскоўцаў.

Асаблівая ўвага NATO накіравана на так званы «Усходні фланг». У тым ліку разглядаецца магчымасць размяшчэння ў Польшчы амерыканскай базы на пастаяннай аснове.

«Альянс павінен у далейшым усведамляць патэнцыйную пагрозу. Трэба падтрымліваць згуртаванасць і высокі ўзровень падрыхтоўкі і гатоўнасці, каб паслаць сігнал аб тым, што мы гатовыя абараняць усіх нашых членаў. Гэта тое, што Альянс робіць у сапраўдны момант», – працягвае Годжэс.

ЗША і Еўропа сумесна мадэрнізуюць камандную структуру Альянсу, умацоўваюць кіберабарону і павялічваюць фінансаванне.

Толькі за апошнія тры гады краіны NATO дадаткова выдаткавалі на абарону 41 мільярд долараў.

Наколькі адэкватнай была рэакцыя NATO на агрэсію Расеі супраць Украіны? Якія з краін Альянсу найбольш актыўна дапамагаюць Украіне і чаму? У якім фармаце, хутчэй за ўсё, у Польшчы пашыраць амерыканскую вайсковую прысутнасць, так званы «Форт Трамп»?

Пра гэта дыскутуюць вядоўцы і ўдзельнікі новага сезону міжнароднага ток-шоу «Тэрыторыя праўды», прысвечанага 20-й гадавіне пашырэння Альянсу на Ўсход і 70-годдзю заснавання NATO. Праграму вядуць журналісты Віталь Портнікаў (Украіна) і Святлана Калінкіна (Беларусь).

У ток-шоу ўдзельнічаюць эксперты з пяці краін:

  • Аляксандр Гольц, вайсковы аглядальнік, палітолаг, шэф-рэдактар ​​онлайн-партала «Ежедневный журнал», Расея
  • Аксана Юрынець, прафесар, народны дэпутат Украіны, старшыня пастаяннай дэлегацыі Украіны ў ПА NATO, кандыдат эканамічных навук
  • Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік, кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі «Белапан», Беларусь
  • Томаш Смура, доктар палітычных навук, дырэктар праграмы замежнай палітыкі Фонда імя Казімежа Пуласкага, Польшча
  • Джэмі Шэа, экс-дырэктар аддзела інфармацыі і прэсы NATO, экс-намеснік памочніка генеральнага сакратара NATO

На працягу сакавіка кожную сераду а 21:25 глядзіце «Тэрыторыю праўды» у эфіры нашага тэлеканала, а затым на старонцы belsat.eu і YouTube-канале Вот так.

Hавiны
NATO супраць тыраніі. Першая вайна за правы чалавека
2019.03.13 20:25
Hавiны
«Тэрыторыя праўды». Чаму СССР прайграў NATO?
2019.03.07 06:03
Стужка навінаў