Бабіч пра крымскі сцэнар для Беларусі: цынічная правакацыя


Пасол Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч даў прэс-канферэнцыю, прысвечаную «пяцігоддзю ўваходжання Крыму ў склад Расейскай Федэрацыі».

Нягледзячы на заяўленую тэму мерапрыемства, прысутных журналістаў больш цікавіў канфлікт паміж беларускім МЗС і Бабічам.

Арганізатары прэс-канферэнцыі намагаліся кантраляваць ход сустрэчы і прасілі задаваць пытанні толькі паводле тэмы, але неаднаразова Бабіч пачуў пытанні наконт крымскага сцэнару для Беларусі і ягонай пазіцыі наконт выказванняў беларускага МЗС.

Прыводзім ягоныя адказы

Крымскі сцэнар для Беларусі

«Рыхтаванне крымскага сцэнару і спроба правядзення такіх паралеляў – гэта ўзор непрыхаванай цынічнай правакацыі. Ніякай карэляцыі паміж падзеямі ў Крыме і ў адносінах з Беларуссю няма. Гэта ўсё інфармацыйная дыверсія».

Рэакцыя на выказванні беларускага МЗС

«Можна было глупствам адказаць на глупства, хамствам на хамства, але хіба гэта было б прыкметай вялікага розуму ці прыкметай высокіх дыпламатычных здольнасцяў? Ці нашы беларуска-расейскія адносіны ў цэлым, іх маштаб, іх перспектыва, іх гістарычнае значэнне вартыя таго, каб мы цяпер уступалі ў нейкую кухонную сварку, якая ўзнікла на роўным месцы.

І мы дачакаемся, пакуль калегі патлумачаць, што іх у гэтым плане ўсхвалявала.

Я б сказаў пра два іншыя моманты.Лукашэнка неяк сказаў, што ў свеце вельмі шмат тых, хто чакае, каб два брацкія народы праз нешта пасварыліся. Я хачу запэўніць усіх – і вас, і тых, хто спрабуе ўжыць такія намаганні, – не дачакаецеся.

Мы ў больш складаных сітуацыях знаходзілі кампрамісныя рашэнні.І другое пытанне: адкуль такая гістэрыка? Можа, камусьці дзесьці здалося, што пасол – гэта ванька-ўстанька, кудысьці схадзіў, нешта сказаў. І гэтыя людзі, можа, забыліся, што ў адпаведнасці з міжнароднымі законамі – гэта найвышэйшы прадстаўнік сваёй дзяржавы.

І, калі гэта добры пасол, ён павінен быць не толькі дыпламатам, але і палітыкам, і эканамістам, і нават вайскоўцам. Калі пасол павінен стаць бухгалтарам, то ён ім стане, і гэта значыць, што тваёй краіны не аблічаць. Словы МЗС для нас азначаюць, што мы з бухгалтарскаю справай разабраліся».

Амбасада Расейскай Федэрацыі ў Беларусі адмовіла «Белсату» ў акрэдытацыі. У сустрэчы таксама вырашылі не ўдзельнічаць «Наша Ніва», Tut.by, БелаПАН, «Народная Воля» і «Еўрарадыё».

ВІДЭА
5 гадоў таму Расея правяла «рэферэндум» і анексавала Крым
2019.03.16 11:27

Храналогія канфлікту

Канфлікт паміж беларускім МЗС і Бабічам распачаўся 14 сакавіка пасля інтэрв’ю ў якім пасол Расеі завочна паспрачаўся з Лукашэнкам наконт некаторых ягоных заяваў падчас «Вялікай размовы». Акрамя таго Бабіч заявіў, што Масква гатовая дапамагчы Беларусі ў абароне суверэнітэту ў выпадку пагрозаў з боку Захаду, «каляровых рэвалюцыяў» і дзяржаўных пераваротаў.

Гэта не спадабалася беларускаму МЗС. 15 сакавіка Анатоль Глаз параіў Бабічу «праявіць крыху павагі». На думку прадстаўніка беларускага МЗС, за кароткі час працы ў Беларусі Бабіч «проста не зразумеў розніцы паміж федэральнай акругай і незалежнай дзяржавай».

У той жа дзень Бабіч назваў «балбатнёй» пазіцыю беларускага МЗС. А ўвечары ў Крамле заявілі, што маюць права разлічваць на больш паважлівае стаўленне да амбасадара. 18 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску Бабіч заявіў, што « камусьці здалося, што пасол – гэта ванька-ўстанька, але ў адпаведнасці з міжнароднымі законамі – гэта найвышэйшы прадстаўнік сваёй дзяржавы».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў