Як Расея штурхае Лукашэнку ў НАТО


Хочаш міру – рыхтуйся да вайны. Прэм’еры Польшчы, Чэхіі і Вугоршчыны адзначылі 20-ю гадавіну пашырэння НАТО ваеннымі вучэннямі ў Варшаве. Да іх далучыўся прэм’ер Славаччыны, якая стала чальцом Альянсу 5-цю гадамі пазней.

Пэтэр Пэллегрыні, прэм’ер-міністр Славаччыны:

«Той факт, што нашыя краіны не хочуць вайны і незацікаўленыя ў стварэнні і падтрыманні канфліктаў у Еўропе ды за мяжою, не азначае, што іншыя не выкарыстоўваюць нестабільнасць ва Усходняй Еўропе ў прасоўванні сваіх інтарэсаў».

Пра тое хто і якім чынам выкарыстоўвае сітуацыю ў рэгіёне, вялося двума днямі пазней у Празе падчас дэбатаў з удзелам прэзідэнтаў 4 краінаў.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў:

«Геапалітычнай сітуацыя, якая атачыла нас з 2008-га, а пасля ў 2014-м годзе, калі Расея напала найперш на Грузію, а пасля на Украіну, адзначана выклікала вяртанне даўніх асацыяцыяў – імперскай палітыкі Расеі, пашырэння сферы ўплываў, акупацыі чарговых краінаў, а перадусім вяртання да ранейшай сферы ўплыву, да якой ніводная з нашых краінаў вярнуцца не хоча».

Хоць пачаткі краінаў усходняга блоку ў НАТО не былі лёгкімі, узгадвае Рамуальд Шарамецеў, дзеяч апазіцыі ў часах камуністычнай Польшчы, а пазней віцэ-міністр абароны.

«У 1985 годзе, у праграме для партыі, якой я кіраваў, я запісаў пастулат уваходжання Польшчы ў НАТО. І тады ўсе навокал лічылі, што гэта вар’яцтва. Шмат якім людзям, нават тым разважлівым не падавалася, што гэта магчыма. Бо быў Савецкі саюз, савецкія гарнізоны ў Польшчы, у Нямеччыне», – каментуе Рамуальд Шарамецеў.

Мінула 14 гадоў, і польскі сцяг залунаў каля штаб-кватэры НАТО ў Бруселі. Пашырэнне Альянсу на былыя краіны Варшаўскай дамовы ўсцяж балюча ўспрымаецца ў Маскве. Пра гэта між іншага вялося ў першай серыі ток-шоў «Тэрыторыя праўды», якое Белсат прысвяціў гадавіне ўтварэння і пашырэння НАТО.

Гаворыць Яўген Кажокін, палітолаг, прарэктар Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносінаў:

«Калі б Злучаныя штаты, хацелі б быць саюзнікамі, яны б пачулі нашыя аргументы і не сталі б пашыраць НАТО. У нас была б іншая сітуацыя ў Еўропе і ў свеце».

Але найбольш балюча пашырэнне НАТО на ўсходні блок успрынялі… у Беларусі, якою ў той час ужо кіраваў Аляксандр Лукашэнка.

«Беларусь мела з Захадам вельмі кепскія адносіны. А Расея мела з Захадам нашмат лепшыя адносіны. І беларускае кіраўніцтва часта спрабавала справакаваць Расею на канфлікт з Захадам», – упэўенены Валер Карбалевіч, палітычны аглядальнік.

«Жахлівая пачвара, якая з Захаду падпаўзае да нашай сінявокай Беларусі»

Гэтая фраза Лукашэнкі, прамоўленая на пачатку прэзідэнцкай кар’еры, бадай назаўсёды ўводзе ў гісторыю. Але час істотна паўплываў на рыторыку кіраўніка краіны. Некалькі дзён назад ён заявіў: «Трэба наладжваць узаемапаважлівыя дачыненні з НАТО, якія б у выніку ўмацоўвалі б бяспеку нашай краіны. Мы з імі мусім размаўляць. Мы не мусім на іх глядзець як на ворагаў».

Што змянілася?

«Вайна з Грузіяй, потым вайна з Украінай у 2014-м годзе. Гэтая палітыка Расеі напужала ўсіх постсавецкіх кіраўнікоў», –працягвае Валер Карбалевіч.

Меркаванне беларусаў, аднак, не паспявае за Лукашэнкам. На вуліцах Менску пытанне аб перспектыве ўступлення ў НАТО ўсцяж выклікае пераважна негатыўную рэакцыю.

«Ні ў якім разе, няма чаго нам рабіць у гэтым НАТО. Чаму? Таму што гэта ворагі?».

«У нас Саюзная дзяржава паміж Расея і Беларуссю. Расея – наш брат, таму толькі так».

«Мы сябруем з Расеяй – гэта самае галоўнае», –

гавораць жыхары Менску.

На думку экспертаў, ва ўмовах супрацьстаяння Расеі і НАТО акурат саюз з Масквою стварае пагрозу для нашай бяспекі. Шэраг сімуляцыяў патэнцыйнага канфлікту, якія распрацоўваюцца ў Альянсе, прадугледжвае атаку расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.

«Беларусь можа быць уцягнутая ў ваенны канфлікт насуперак сваёй волі», – дадае палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

У адказ на агрэсіўныя дзеянні Крамля НАТО істотна ўзмацняе сваю бяспеку, асабліва на ўсходзе. Цяпер вядуцца размовы пра павелічэнне прысутнасці амерыканскіх жаўнераў на тэрыторыі Польшчы. Але ў Варшаве падкрэсліваюць, што Беларусь для палякаў – не вораг.

Рамуальд Шарамецьеў, былы кіраўнік Міністэрства абароны Польшчы ўпэўнены:

«Беларусь для нас з’яўляецца вельмі важнай краінай і была б вельмі важным партнёрам. Калі браць пад увагу гісторыю, мы памятаем, што разам з Вялікім Княствам Літоўскім, якое было па сутнасці Беларуссю, мы, палякі, стварылі Рэч Паспалітую, якая была нашай супольнай краінай».

Праз 20 гадоў пасля ўступлення ў НАТО ў Польшчы не шкадуюць пра свой выбар і з цяжкасцю ўяўляюць, што было ў адваротным выпадку.

«Пэўна, мы былі б у такой жа сітуацыі, як Украіна…», – кажа Рамуальд Шарамецьеў.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык

Міжнародны часопіс тэлеканалу «Белсат» «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:25. Заходзьце на Facebook праграмы!

belsat.eu

Стужка навінаў