Яны амаль заўсёды пачынаюць аднолькава: «Мне, у прынцыпе, няма чаго расказваць». І амаль адразу – «у іншых было горш». Так кажуць людзі, якія прайшлі праз збіцці, турмы, допыты і эміграцыю. З гэтымі гісторыямі ў «Вясне» працуюць штодня – слухаюць, запісваюць, дапамагаюць пацярпелым і іх блізкім і фіксуюць тое, што з імі адбылося. Праваабарончаму цэнтру 30 гадоў. Ягоных працаўнікоў адпраўлялі за краты, сам цэнтр спрабавалі знішчыць. Але «Вясна» – гэта не толькі арганізацыя. Гэта людзі, якія працягваюць рабіць сваю працу – нягледзячы на страх, стомленасць і адчуванне, што ўсё гэта надоўга.