Беларусь падыходзіць да завяршэння цяперашняй пяцігодкі і рыхтуе новую дзяржаўную праграму развіцця краіны, аднак вынікі папярэдніх гадоў паказваюць: у ключавых сферах, у тым ліку ў ахове здароўя, многія планы так і не былі выкананыя. Адзіную электронную медычную сістэму ўкараніць не ўдалося, значная частка будавання і рамонту аб’ектаў аховы здароўя перанесеная на перыяд пасля 2025 года, а кадравы дэфіцыт працягвае расці. На гэтым фоне абмеркаванне новай пяцігодкі непазбежна ставіць пытанне пра тое, якія змены магчымыя без мільярдных інвестыцыяў. Такі падыход прапануе кандыдат медычных навук і доктар-псіхіятр Уладзімір Пікірэня, які сфармуляваў для «Белсату» тры рэформы, якія можна хутка зрэалізаваць.