Пяць гадоў таму, 12 лістапада 2020 года, у менскай больніцы хуткай медыцынскай дапамогі памёр 31-гадовы мастак Раман Бандарэнка. За суткі да гэтага яго схапілі невядомыя людзі ў двары на «Плошчы пераменаў». Рамана даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менска, а адтуль – у рэанімацыю, дзе ён памёр ад цяжкай чэрапна-мазгавой траўмы. Следства так і не назвала вінаватых, а крымінальная справа праз некалькі месяцаў была прыпыненая. За мінулыя гады рэальныя тэрміны атрымалі не ўдзельнікі падзеяў, а лекар і журналісты: адны паведамілі, што ў крыві загінулага не было алкаголю, іншыя асвятлялі падзеі на «Плошчы пераменаў».