Кандыдат медычных навук, псіхіятр-нарколаг і дацэнт Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту Уладзімір Пікірэня пазбавіўся права працаваць у Беларусі праз сваю «палітычную нядобранадзейнасць». Ён перажыў дзве міграцыі – спачатку ва Узбекістан, затым у Польшчу, дзе сёння зноў лечыць пацыентаў. У інтэрвʼю «Белсату» ён апавёў, чаму беларусы пʼюць, але не лечацца, як жывуць людзі з посттраўматычным стрэсавым разладам і чым польская псіхіятрыя адрозніваецца ад беларускай.Яны ратавалі жыцці ў Беларусі, а потым ратаваліся самі. Пасля пратэстаў 2020 года шмат хто з беларускіх медыкаў апынуўся за мяжою: хтосьці – са страху, хтосьці – праз перакананне, хтосьці – бо больш не мог працаваць у сістэме, дзе за дапамогу параненым людзей саджалі. У цыкле інтэрвʼю «Медыкі на экспарт» мы гаворым з дактарамі і медсёстрамі, якія пакінулі краіну, каб пачаць усё з нуля. Пра боль і надзею, пра новыя дамы і старыя раны, пра заробкі, дыпломы, дзяжурствы – і пра медыцыну як пра якар, калі ўсё жыццё сыходзіць з-пад ног.