У Беларусі 14 кастрычніка святкуюць Дзень маці. Мы ў гэты дзень распачынаем цыкл размоваў з маці-беларускамі. Будзем гутарыць пра тое, як гэта – быць маці сёння і даваць сабе рады ў абставінах, якія атачаюць беларусаў цягам апошніх пяці гадоў: ва ўмовах рэпрэсіяў, калі трэба ўцякаць ад пераследу ці вайны, у турме, калі за кратамі бацька дзяцей.Першая размова – з педыятаркай Маяй Церакулавай, якая была вымушаная з’ехаць з Беларусі на пачатку 2023 года. Беларусы ведаюць яе з блогу, які яна вяла ў «Фэйсбуку». Потым на нейкі час Мая пайшла з сацыяльных сетак, а нядаўна вярнулася і захапіла сваіх чытачоў змяненнямі, што з ёй адбыліся. Запыталі ў жанчыны пра гэтыя трансфармацыі і пра тое, як захаваць сябе, калі ты – сола-мама трох дзяцей у эміграцыі, сярод якіх адное мае аўтызм.