У сераду, 18 чэрвеня, беларускія праваабаронцы паведамляюць пра новыя прысуды за пратэсты 2020 года, помсту дзяржавы завочна асуджаным, а былыя палітвязні распавядаюць пра турэмную медыцыну. Падрабязней – у нашым аглядзе.
Неўзабаве – пачатак судоў па справе «Беларускага Гаюна»
27-гадовую менскую юрыстку Валерыю Аршаўскую, якая цяпер займаецца дызайнам інтэр’ераў у бюро Алены Булатай, асудзілі за ўдзел у пратэстах паводле арт. 342 КК РБ – «Арганізацыя ці актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Дзяўчыне прысудзілі «хатнюю хімію».
13 чэрвеня беларуску таксама ўнеслі ў «Спіс экстрэмістаў».
У Горадні выставілі на продаж аўтамабіль завочна асуджанага актывіста Вадзіма Саранчукова. Ягоны Opel хацелі прадаць яшчэ 27 траўня, але тады не атрымалася. Новыя таргі прызначаныя на 1 ліпеня. Судовая выканаўца – Кацярына Карунас.
Актывіста і выканаўцу абавязкаў старшыні БНФ Вадзіма Саранчукова завочна асудзілі да 4 гадоў пазбаўлення волі. Таксама яму прызначылі штраф у 24 000 рублёў.
Саранчукова абвінавачвалі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Судовы працэс праходзіў у Гарадзенскім абласным судзе. Суддзя – Аляксандр Козел.
Яшчэ перад судом быў накладзены арышт на маёмасць Саранчукова: кватэру ў Горадні, дом і ўчастак зямлі ў вёсцы Грабяні пад Горадняй, а таксама на аўтамабілі, бензапілу, матаблок, лядоўню, пральную машыну, тэлевізар.
Паводле звестак Праваабарончага цэнтру «Вясна», апошнія месяцы ў Беларусі працягваюцца затрыманні ў межах крымінальнай справы за перадачу інфармацыі «Беларускаму Гаюну». Як паведамлялі былыя вязні Акрэсціна, затрыманні адбываюцца ў межах арт. 361-4 КК РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Большасць затрыманых – мужчыны.
Паводле інфармацыі «Вясны», у бліжэйшы час над затрыманымі распачнуцца першыя судовыя працэсы.
Праваабаронцам вядома пра як мінімум 23 пацверджаныя фігуранты «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна большая.
«Захварэць у турме – падпісаць сабе прысуд на цярпенні»
«Белыя Халаты» апублікавалі аповед былой палітзняволенай Вольгі Такарчук пра тое, што значыць – захварэць у беларускай турме.
Па словах Вольгі, улетку 2020 года, калі ў камеры ў турме ў Жодзіна, дзе яна ўтрымлівалася, усе хварэлі на каронавірус, некаторыя вязні кашлялі крывёй, у іх была тэмпература да 39 градусаў. Пры гэтым медыкаў да іх не выклікалі. Вольга таксама хварэла на COVID-19, але ейным бацькам забаранілі перадаваць ёй лекі. У турме іх таксама не выдавалі. Палітзняволеную ўратавала тое, што «непалітычныя» дзяўчыны бралі таблеткі сабе і аддавалі ёй. Пакідаць пры сабе лекі было небяспечна, бо калі ў зняволеных знаходзілі, напрыклад, няўлічаную таблетку аспірыну, адразу складалі рапарт і маглі змясціць у карцар.
У беларускіх месцах зняволення скрайне нізкія шанцы на абследаванні ў выпадку падазрэнняў сур’ёзнай хваробы, а датэрміновае вызваленне ў такім выпадку – практычна немагчымая падзея, кажа Вольга. Пры гэтым рашэнне аб неабходнасці выпісаць цяжка ці нават смяротна хворага чалавека прымаецца не медыкамі, ад якіх увогуле нічога не залежыць, а адміністрацыяй калоніі і вышэйшымі інстанцыямі, якія глядзяць не на тое, наколькі хворы чалавек, а «палітычны» ён ці не.
«Захварэць унутры турмы – значыць фактычна падпісаць сабе прысуд да цярпенняў без належнага лячэння і ўвагі з боку медыкаў. А верагоднасць захварэць – скрайне вялікая», – рэзюмуе былая палітзняволеная.
Марыя Міхалевіч belsat.eu