Ізраіль сёмы дзень праводзіць вайсковую аперацыю супраць Ірану, а ізраільцяне жывуць пад іранскімі абстрэламі. Лідар Ірану адрынуў прапанову капітуляцыі, не пагаджаўся нават на аднаўленне перамоваў адносна ядравай праграмы. Беларус Алег Барадзін расказаў «Белсату», як перажывае іранскія паветраныя атакі і якія бачыць магчымыя вынікі вайны.
Нягледзячы на значныя поспехі ізраільскай паветранай атакі, што трывае з 13 чэрвеня, і на пагрозы з боку прэзідэнта Злучаных Штатаў Доналда Трампа, вярхоўны лідар Ірану аятала Алі Хамэнэі не хоча здавацца: у тэлезвароце 18 чэрвеня ён заявіў, што не прыме «навязанага міру», а Іран не будзе здавацца пад пагрозамі і прымусам. Ён сам прыгразіў ЗША «непапраўнымі наступствамі», калі Штаты ўмяшаюцца ў вайну.
Алег Барадзін – беларус, які жыве ў Ізраілі, адзін з лідараў Беларускай асацыяцыі палітвязняў. Ён не першы раз расказвае «Белсату» пра жыццё пад абстрэламі. Напад тэрарыстаў «Хамасу» ды іншых груповак з Газы 7 кастрычніка 2023 года ён сустрэў у Кір’ят-Гаце, што менш як за 20 км ад Газы. Цяпер ён у Ашдодзе – буйным горадзе на беразе мора.
Цяперашняе жыццё ў Ашдодзе ён называе парадаксальным. Днём яно нібы звычайнае: «Пах шашлыкоў, дзеці катаюцца на самакатах, гуляюць на пляцоўках, людзі шпацыруюць, на дваровых лаўках сядзяць, п’юць каву». Толькі ўсе культурніцкія імпрэзы скасаваныя і ўваходы на пляжы зачыненыя, навучальныя ўстановы працуюць праз відэасувязь. Ды кожную ноч, прыкладна з 21:00 і да 5:00 раніцы, Ізраіль жыве ў рытме трывог і сігналаў: сістэма папярэджання «Чырвоны колер» спрацоўвае ад двух да дзесяці разоў за ноч, сігналы рэальнай атакі – два-тры разы.
,,«Ізраіль – асаблівая краіна: тут трывога, пагроза атак, вайна і мірны побыт суіснуюць адначасова», – кажа Барадзін.
Барадзін дзеліцца навіною: папярэдніх сігналаў цяпер можа і не быць, бо Іран змяніў тактыку. Замест вялікіх групаў стацыянарных пускавых сістэмаў выкарыстоўвае малыя групы мабільных сістэмаў, што выязджаюць з падземных сховішчаў, запускаюць ракеты і вяртаюцца ў сховішчы. У выніку ізраільскія сістэмы могуць толькі фіксаваць запуск у момант старту ракеты, таму папярэджанні будуць прыходзіць не за 15–30 хвілінаў да прылёту, а за 10.
Для тых, у каго няма мамаду (умацаванага пакою), гэта праблема, кажа Барадзін: многія жывуць «на валізах», гатовыя заплечнікі з дакументамі, ежай, грашыма, бо ў выпадку трывогі мусяць бегчы ў грамадскія міклаты ці падвальныя мамады. Мабільныя бетонныя купалы-мамады стаяць ужо і на пляжах – праўда, іх там недастаткова.
,,«Мы спім усёй сям’ёй у мамадзе, – расказвае Барадзін. – Бліжэй да ночы чуваць, як суседзі з вышэйшых паверхаў спускаюцца на лесвічныя пралёты. У каго няма мамаду, начуюць на прыступках ці ў падвалах. Сёння сам спусціўся ў падвал – ён ужо абжыты: стаяць канапы, вада, сухія прадукты, вентылятары. Людзі рыхтуюцца да доўгатэрміновага сцэнару».
Ён кажа, што сам «жыве праз "Zoom"», і так жа жывуць ягоныя дзеці: дзесяцігадовыя сябры дачкі глыбокай ноччу тэлефануюць пасля трывогі, пытаюцца, ці ўсё ў парадку.
Ізраільцянаў не здзівіць паветранай трывогай. Але цяпер, падкрэслівае Барадзін, сітуацыя больш сур’ёзная: гэта ўжо не «пукалкі "Хамасу"», а іранскія балістычныя ракеты з зарадамі на сотні кілаграмаў тратылу ў эквіваленце. Калі такая трапляе ў жылы дом, ад будынку застаецца «шкілет без сценаў». Старое правіла «дзвюх сценаў» больш не працуе. Камандаванне тылу афіцыйна папярэджвае, што лесвічныя клеткі, падземныя паркінгі і нават жалезныя заслоны ў мамадах – не гарантыя бяспекі. Сховішча мусіць быць паўнавартасным: або грамадскі міклат, або падземны паверх.

Паветраная абарона прапускае асобныя ракеты, але агулам працуе эфектыўна, падкрэслівае Барадзін. Пры больш як 400 запусках ракетаў знішчана толькі некалькі дамоў, дзясяткі пашкоджаныя, загінулі 24 мірныя жыхары, а вайсковыя і стратэгічныя аб’екты не былі пашкоджаныя.
,,«Божая кара і вялікі апакаліпсіс, які абяцаў іранскі маньяк, так і не адбыліся, – заўважае Барадзін. – Я бачу, што стратэгія Ірану – не перамагчы Ізраіль, а проста выжыць і захаваць рэжым, які мае шанцы ўпасці. І таму яны будуць працягваць абстрэлы, нават калі ракеты неэфектыўныя і ляцяць па 10-20 на дзень. Сам факт запуску – ужо "перамога" для ўнутранай прапаганды».
Іранскую прапаганду ён параўноўвае з прапагандай у Беларусі, якая можа выдаць любую дробязь за «вялікую падзею». Падкрэслівае: усе іранскія запускі ракетаў амаль адзіночныя, стацыянарныя сістэмы адразу выяўляюцца і знішчаюцца ізраільскай авіяцыяй. Уся надзея Ірану, лічыць ён, на мабільныя пускавыя сістэмы, за якія, мяркуе ён, Іран мусіць дзякаваць расейскай вайсковай дапамозе.
Для кіраўніцтва Ірану сітуацыя цяжкая, канстатуе Барадзін. Дзякуючы працы ізраільскай выведкі амаль цалкам знішчаны камандны склад і штабы, вайсковае кіраўніцтва вынішчаюць сістэмна. Супрацьпаветраная абарона Ірану практычна знішчаная, паветраная прастора кантралюецца Ізраілем. Ракетны запас Ірану, кажа Барадзін, пры цяперашніх тэмпах скончыцца праз месяц-два.
Сцэнары далейшых падзеяў, на думку Барадзіна, такія:
- ЗША ўступаюць у вайну і з паветра знішчаюць усё, што захочуць, у тым ліку падземныя ядравыя аб’екты. У гэтым сцэнары можа атрымацца «новы, больш бяспечны Усход».
- Зацяжны канфлікт: Іран запускае па 20 ракетаў на дзень, Ізраіль адбівае іх і наносіць у адказ удары па інфраструктуры, у тым ліку па нафтаперапрацоўчых аб'ектах. Іран у гэтым сцэнары застаецца ў руінах.
- Канфлікт сам вычэрпвае сябе: Ізраіль знішчае ўсе цэлі, якія можа, а ў Ірану сканчаюцца ракеты. Ні Пакістан, ні іншыя «спачувальнікі» не могуць змяняць раскладу.
- «Самы казачны варыянт» – пасля закліку лідара апазіцыі Рэзы Пахляві адбываецца паўстанне, рэжым аятолаў падае.
Падобныя сцэнары агучваюць і вайсковыя, і палітычныя эксперты – хіба многія засцерагаюць, што падзенне рэжыму ў Іране можа прывесці не да міру, а да змены ўлады на больш радыкальную або да грамадзянскай вайны.
Найбольш імаверным Барадзін лічыць першы сцэнар: уваход ЗША ў вайну. Ён адзначае змену рыторыкі Трампа: ад заклікаў да перамоваў – да пагрозаў, ультыматумаў і патрабавання капітуляцыі Ірану. Тым больш, заўважае Барадзін, Ізраіль ужо зрабіў усю «брудную працу»: знішчыў супрацьпаветраную абарону, расчысціў неба і «паказаў нікчэмнасць іранскіх ракетаў».
,,«Мы жывём ва ўнікальны, насычаны падзеямі час, гэта не проста чарговая вайна – гэта гістарычны момант, – перакананы Барадзін. – Перад вачыма ў мяне прыклад народу, які робіць выбар: маўчаць, баяцца і спадзявацца – або трымаць лінію абароны і крок па кроку ісці да перамогі. Ізраіль трымаецца. Ці стаміліся ізраільцяне ад вайны? Магчыма. Ці баяцца? Можа быць. Але адступаць дакладна ніхто не будзе».
Кіраўніцтва Ірану пагражае ізраільскай дзяржаве ўжо амаль паўсотні гадоў: лозунг «Смерць Ізраілю, смерць ЗША» быў адным з ключавых ад пачатку Ісламскай рэвалюцыі 1979 года, дагэтуль актыўна ўжываецца на афіцыйным узроўні ў Іране. Некаторыя лічаць, што гэта толькі палітычны лозунг: маўляў, калі кажуць «смерць», маюць на ўвазе знішчэнне палітычнай сістэмы. Барадзін схільны ўспрымаць гэтае слова літаральна: Ізраіль, кажа ён, ваюе за права на жыццё. Ён верыць, што Ізраіль, як і Украіна ў Еўропе, гэта «фронт абароны цывілізаванага Захаду», а Ізраіль ваюе «за ўсіх нас, і за Еўропу таксама».
Алесь Наваборскі belsat.eu