Гомельскі аблвыканкам дазволіў дзясяткам прадпрыемстваў і арганізацыяў разлічвацца паміж сабою шмат якімі таварамі і паслугамі. «Белсат» даведаўся пра гэта з дакументаў, што атрымаў ад ініцыятывы «BELPOL». Бізнесовец Аляксандр Кныровіч растлумачыў, чаму бартар – зло, і назваў пастанову абласных уладаў рэвалюцыяй.
Аграпрадпрыемствы, лясгасы, рыбгасы, прадпрыемствы меліярацыйных сістэмаў, «Беларуснафта», Беларуская чыгунка, Беларусбанк, «Белагрампрамбанк», «Беларуськалій», «Белпошта», Беларускі металургічны завод, «Гомсельмаш», «Гомельаблаўтатранс», Гомельскі мясакамбінат, «Мазырсоль», Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат – у пераліку некалькі соцень арганізацыяў, якім дазволены бартар.
Кампаніі цяпер могуць разлічвацца паміж сабою не грашыма, а таварамі і паслугамі. У спісе – харчы, будматэрыялы, нафтапрадукты, угнаенні, машыны, абсталяванне, вопратка. Літаральна дазволены абмен шыла на мыла: чыноўнікі залучылі ў пералік мыйныя сродкі і металічныя вырабы.
Акрамя таго, там – аўтаперавозы, ветэрынарныя паслугі, паслугі фінансавага пасярэдніцтва, электра- і газазабеспячэнне і шмат чаго яшчэ.
Адпаведную пастанову старшыня Гомельскага абласнога выканкаму Іван Крупко падпісаў 24 красавіка сёлета. Дакумент перадало «Белсату» аб'яднанне колішніх сілавікоў «BELPOL».
Бартар быў наўпрост забаронены скандальнай пастановаю ўраду аб рэгуляванні цэнаў, ухваленай у 2022 годзе. Дакумент дазваляў неграшовыя разлікі паміж арганізацыямі ўнутры аднаго холдынгу і пры вонкавым гандлі. У астатніх выпадках патрабуецца дазвол дзяржаўных органаў, і гомельскія ўлады гэтым правам скарысталіся. Нельга выключаць, што такія ж пастановы прынялі і ў іншых рэгіёнах краіны.
«Нашая дзяржава ўсё жыццё змагалася з бартарам, і, як мне падаецца, гадоў гэтак 10–15 таму яго адужала. Бартар – гэта такія квазістасункі, калі ў прадпрыемстваў бракуе грошай і яны разлічваюцца прадукцыяй», – кажа прадпрымальнік, вядоўца праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.
Яшчэ ў лютым 2023 года старшыня Белстату Іна Мядзведзева запэўнівала, што «мы адыходзім ад бартару, мы паставілі сабе задачу да 1 студзеня 2024 года цалкам сысці ад такой сістэмы працы».
Кныровіч не здзіўлены, што неграшовыя разлікі раздражнялі ўлады, бо гэта – зло:
,,«Гэта выдатнае асяроддзе для розных эканамічных злоўжыванняў, карупцыі, бо заўсёды паўстае пытанне: а па якім кошце мы разлічваем гэтую прадукцыю? Здаровая форма ўзаемінаў – калі прадпрыемства мае на рахунках грошы, яно плаціць грашыма і не звязваецца з нейкімі альтэрнатыўнымі формамі разлікаў. Таму бартар агулам зло. Бартарныя ўгоды з'яўляюцца пры пэўных сур'ёзных праблемах».
У размове з «Белсатам» бізнесовец звярнуў увагу, што абмен таварамі і паслугамі дазволілі ледзь не ўсім калгасам і лясгасам Гомельшчыны. «Гэта азначае, што ім няма дзе ўзяць грошай», – кажа Кныровіч.
Ён нагадаў пра нядаўні ўказ Аляксандра Лукашэнкі аб абавязанні крамаў мець у продажы садавіну і гародніну «ў міжсезонны перыяд». Гэты ж дакумент дае гандлю права браць ільготныя крэдыты, каб авансам заплаціць вытворцам за яшчэ не вырашчаны ўраджай.

«Дзяржава магла ўзяць тыя ж ільготныя крэдыты і закінуць іх наўпрост калгасам, аднак не робіць гэтага, а прапускае гэтыя грошы праз раздробныя сеткі. Чаму? Таму што калгасы перакрэдытаваныя, там бракуе грошай, і пад балансы калгасаў ніхто аніякія крэдыты сёння ўжо не дасць. І каб яны хоць неяк дыхалі, ім кажуць: добра, цяпер вы можаце разлічвацца таварамі, бартарам», – тлумачыць адмысловец.
Ён не сумняецца, што прадпрыемствы дабілі да абуха той самай пастановаю аб дзяржаўным рэгуляванні цэнаў:
,,«За два з паловаю гады рэгулявання настолькі з калгасаў і гэтых дзяржпрадпрыемстваў забралі ўсе зваротныя сродкі, што сёння вымушаныя прымаць вось такія захады, якія маюць даць магчымасць хоць неяк рушыць наперад, здзяйсняць гаспадарчую дзейнасць без наўпроставага ўлівання грошай з бюджэту, бо ў бюджэце грошай асабліва няма. Вось такая карцінка, што, вядома ж, кажа пра бяду».
Паводле Кныровіча, вярнуць усё назад збольшага няцяжка, аднак, каб ізноў забараніць бартар, патрабуецца аздараўленне эканомікі, а тут «надзеяў мала»:
«Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын у адэкваце, ён разумее, што ён робіць, у яго нармальнае ўяўленне пра рынкавую эканоміку. Але ніякіх яскравых перспектываў у нас няма, бо мы цалкам прывязаныя да Расеі, а Расея будзе стагнаваць, гэта відавочна. Бартар скасуюць, калі пачнецца паўнавартаснае аздараўленне эканомікі, а мы пакуль не на гэтым шляху. Мы пакуль усё яшчэ на шляху ў яму разам з Расеяй».
Бізнесовец падсумаваў, што дазвол неграшовых разлікаў – параза дзяржавы:
,,«Не варта ставіцца да гэтага як да нейкай дробязі, нечага выпадковага. Калі доўга змагацца з захворваннем, а бартар – гэта захворванне, а потым сказаць "ай усё" і вярнуць бартар, гэта азначае, што ты прагуляў. Гэта параза сістэмы дзяржкіравання, і гэта насамрэч рэвалюцыя».
Сцяпан Кубік belsat.eu