навіны

Літва канфіскавала за кантрабанду 9 аўтаў і перадасць іх Украіне

Адзін з аўтамабіляў, што перавозіў кантрабандныя цыгарэты. Фота: lrmuitine.lt
Адзін з аўтамабіляў, што перавозіў кантрабандныя цыгарэты. Фота: lrmuitine.lt
podpis źródła zdjęcia

На мяжы з Беларуссю зноў зафіксавалі спробу масавай кантрабанды. У ноч з нядзелі на панядзелак (9 чэрвеня) працаўнікі Літоўскай мытнай крымінальнай службы і Віленскай тэрытарыяльнай мытні праводзілі ўзмоцнены кантроль на аўтадарожным пункце пропуску «Шальчынінкай».

Падчас правярання яны сутыкнуліся з сапраўдным «караванам кантрабандыстаў»: з 13 легкавых аўтамабіляў, якія ўязджалі з Беларусі, у дзевяці былі знойдзены хованкі з цыгарэтамі. Усяго мытнікі канфіскавалі больш за 6300 пачак беларускіх цыгарэтаў, у асноўным маркі «NZ Gold» і «Minsk Superslims».

Цыгарэты хавалі ў самых розных частках аўтаў: у парогах, падлозе, дзвярах, пад крылом, у салоне і нават у бачках для астуджальнай вадкасці. У шмат якіх выпадках хованкі былі падобныя, а аб’ёмы кантрабанды – да тысячы пачак, што цягне адміністратыўную, а не крымінальную адказнасць.

Аўтамабілі, у якіх знайшлі кантрабанду (у тым ліку «Audi Q5», «VW Passat», BMW, «Citroën» і «Ford Focus»), былі канфіскаваныя. Большасць з іх – старыя, коштам каля 3000 еўраў. Паводле памежнай службы Літвы, іх могуць перадаць Украіне.

Правапарушальнікам пагражае штраф да 6000 еўраў і канфіскацыя транспартавага сродку. Як адзначаюць у мытнай службе, такія масавыя спробы перавозу кантрабанды – з’ява, якую Літва ўжо назірала некалькі гадоў таму.

Акрамя таго, для даставы цыгарэтаў з Беларусі ў Літву кантрабандысты выкарыстоўваюць дроны – адзін з такіх прыкмецілі літоўскія памежнікі 18 траўня 2025 года. Да апарата быў прымацаваны вялікі пакунак, які ўтрымліваў шэсць каробак цыгарэтаў з беларускімі акцызамі – усяго 3000 пачак. Паводле падлікаў, агульны кошт грузу з улікам падаткаў складаў каля 14 460 еўраў. Літоўскія памежнікі назвалі апарат «супердронам».

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10