У Беластоку стартавала гульня. Знаёмцеся з удзельнікамі – Аня, Уля, Дзёня і Ілля. Свае летнія вакацыі яны правядуць, вандруючы па Падляшшы. Іх чакаюць сакрэты, шыфры і патаемныя мясціны. Распавядаем правілы гульні і выконваем першае заданне.
Падляшша месціцца на ўсходзе Польшчы і мяжуе з Гарадзенскай ды Берасцейскай вобласцямі. Тут спрадвеку жывуць беларусы, якія збераглі сваю адметнасць. Яны падобныя і не падобныя да беларусаў у Беларусі.
Адкрыйце гэты надзвычайны рэгіён з нашымі героямі:
- студэнтка Акадэміі тэатральных мастацтваў у Кракаве Аня Бяляўская
- рэпер з Барысава Дзёня Мандзік
- салістка менскага індзі-гурта «Atesta» Уля
- актор і музыка Ілля Фіёнік
Падляшша – малая радзіма Ані ды Іллі. Але таямніцаў і цікавых месцаў хопіць і для іх. Ну і якія вакацыі без прыгодаў? Таму застаецца толькі падзяліцца на дзве пары, падкінуць талер, каб зразумець, каму што выпала, і – наперад, разгадваць загадкі Падляшша!
Іхнае падарожжа пачынаецца ў Беластоку, які адкрыецца для іх не толькі як месца для «закупаў».
Яны пабываюць у «Вэрсалі поўначы», даведаюцца, як хабар гарадзенскаму чыноўніку дапамог надурыць царскага губернатара, а таксама дазнаюцца пра скарбы Цэнтру беларускай культуры ў Беластоку і завітаюць на радыё «Рацыя».
Пазнавальна-забаўляльную праграму «Падляшскія вакацыі» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE» або на нашай старонцы ў закладцы «Праграмы».