У ноч з 9 на 10 чэрвеня Расея ўчыніла чарговы масаваны абстрэл украінскіх гарадоў. Пад удар зноў трапіў Кіеў, а таксама Адэса.
Кіеў быў атакаваны беспілотнікамі, паведамляў мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко. Пашкоджанні зафіксаваныя ў 7 раёнах сталіцы.
,,«У Шаўчэнкаўскім раёне гараць аўтамабілі. У Абалонскім раёне абломкі БПЛА ўпалі на тэрыторыю адной са школаў. Выклік медыкаў у Падольскі раён», – пісаў Клічко ў тэлеграме.
Паводле інфармацыі кіраўніка Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Цімура Ткачэнкі, у Шаўчэнкаўскім раёне ўзнік пажар у доме, пацярпела жанчына.
Узгаранні адбыліся і ў іншых частках гораду. Агулам у сталіцы чацвёра пацярпелых.
У Адэсе ў выніку атакі беспілотнікаў пацярпелі адміністрацыйная частка будынку радзільні і станцыя хуткай медычнай дапамогі. Пацярпелых там няма.
,,«У выніку начной атакі ўдарнымі беспілотнікамі пашкоджаная адміністрацыйная частка радзільнага дому. На шчасце, няма ахвяраў і пацярпелых. Але сам факт, што пад ударам апынулася ўстанова, дзе нараджаецца жыццё, шакуе сваёй жорсткасцю», – пракаментаваў мэр Адэсы Генадзь Труханаў.
Таксама ў Адэсе дронам пашкоджаны жылы дом. Станам на 8:30 раніцы вядома пра 9 параненых і двух загінулых, сярод якіх – 59-гадовы мужчына.
Марыя Міхалевіч belsat.eu